Інфармацыю пра гэта Свабодзе пацьвердзіў ягоны адвакат Антон Гашынскі.
З Кіева вызвалены ў Беларусі палітвязень Віталь Шкляраў адляцеў у ЗША, знаходзіцца цяпер у Вашынгтоне, у кардыялягічным аддзяленьні шпіталя, паведаміў адвакат.
Хто такі Віталь Шкляраў
26 кастрычніка Віталь Шкляраў пакінуў межы Беларусі.
Ён быў фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрыманьня заяўляў, што ня быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў.
«Сьледзтва не завершанае, крымінальная справа ня скончаная. Мы напісалі хадайніцтва аб дазволе на выезд, яго задаволілі, таму Віталь зьехаў адразу да сям’і і паправіць сваё здароўе пасьля перанесенага каранавірусу», — паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» адвакат Шклярава Антон Гашынскі ў аўторак.
Гашынскі падкрэсьліў, што атрыманы дазвол на выезд — «гэта, безумоўна, вынік званка Пампэо». «Менавіта вызваленьне Віталя было асноўнай мэтай і прычынай званка», — падкрэсьліў ён.
Нараджэнец Гомля пазыцыянуе сябе як амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, дарадца выбарчых кампаній Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак ды іншых.
Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, яна працуе ў амбасадзе ў Кіеве. У сувязі з гэтым ён мае амэрыканскі дыпляматычны пашпарт.