Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў 13 сутак адміністрацыйнага арышту паэту Дзьмітрыю Строцаву за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».
Судзіла паэта судзьдзя Вікторыя Шабуня.
«Судзілі па 23.34, — расказала яго жонка Ганна Строцава, якая была на судзе. — Нібыта ёсьць відэа зь нейкай камэры, на якім 4 кастрычніка побач зь Дзьмітрыем ідзе калёна людзей са сьцягамі. А ён паказвае „вікторыю“. Гэта цяпер дастаткова, каб пасадзіць чалавека на 13 сутак».
Дзьмітры, па словах Ганны, на судзе сказаў, што затрымалі яго каля іх дому.
«Патэлефанаваць сваякам не далі, — кажа Ганна. — Але недзе каля 19-й гадзіны яму сказалі, што мне паведамілі. Хоць гэта няпраўда, мы а 23-й вечара ўчора падавалі заяву аб зьнікненьні чалавека».
Па словах Ганны, муж выглядае нармальна, наколькі гэта было відаць праз экран у скайпе. Ні на што ня скардзіўся. Цяпер яна спрабуе пасьпець перадаць неабходныя яму лекі.
«У яго ня вельмі добрая кардыялягічная сытуацыя, — кажа яна. — Ён увесь час прымае падтрымліваючыя лекі. І ён алергік, у яго бранхіяльна-лёгачнага пляну алергія, лекі яму неабходныя».
Літаратар зьнік раніцай 21 кастрычніка. Пазьней сваякі знайшлі яго прозьвішча ў сьпісах затрыманых Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна.
Дзьмітры Строцаў удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і адкрыта пісаў пра гэта. Пра сытуацыю ў краіне ён казаў і ў сваіх вершах. Яны перакладаліся на розныя мовы.