Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай «Акадэмкнізе» ня сталі праводзіць аўтограф-сэсію Віктара Марціновіча, бо «трэба ўзгадніць»


Цяпер расклад падзеяў кнігарня мусіць узгадняць з прэзыдыюмам Акадэміі навук.​

Пісьменьнік Віктар Марціновіч паведаміў у сваім акаўнце на facebook, што ў «Акадэмкнізе» ня будзе аўтограф-сэсіі з нагоды выхаду ягонай кнігі «Рэвалюцыя».

«Мы ня можам правесьці аўтограф-сэсію „Рэвалюцыі“ ў маёй любімай „Акадэмкнізе“. „Зьверху“ сказалі, што трэба атрымаць дазвол на мерапрыемства ў прэзыдыюме Акадэміі навук. Мне прыгадваецца той самы момант кінафільму „Аса“, дзе ў Цоя просяць прад’явіць даведку з ЖЭКу і дыплём аб сканчэньні музыкальнай навучальнай установы, а ён — сыходзіць», — напісаў Віктар Марціновіч.

Інфармацыю пацьвердзіла дырэктарка кнігарні Вольга Глухоўская.

«Мы адказалі, што мусім узгадняць усе захады з нашым кіраўніцтвам. Нашы заснавальнікі — Акадэмія навук, мы да іх не зьвярталіся з просьбай правесьці мерапрыемства, на кастрычнік усе мерапрыемствы мы ўзгаднілі ўжо зь імі», — паведаміла дырэктарка.

У 2018 годзе пасьля выхаду кнігі Віктара Марціновіча «Ноч» чарга падчас аўтограф-сэсіі не зьмясьцілася ў кнігарні «Акадэмкніга»
У 2018 годзе пасьля выхаду кнігі Віктара Марціновіча «Ноч» чарга падчас аўтограф-сэсіі не зьмясьцілася ў кнігарні «Акадэмкніга»

«Рэвалюцыя» — новы раман Віктара Марціновіча. Папярэдні твор гэтага аўтара «Ноч» выйшаў два гады таму. 6 гадоў таму выйшла кніга «Мова». Віктар Марціновіч — адзін з самых чытаных беларускіх пісьменьнікаў, ягоныя творы перакладзеныя на замежныя мовы.

Першы ягоны раман «Параноя» выйшаў у 2009 годзе.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG