26 гадоў аднаасобнага праўленьня пры адсутнасьці паўнавартаснай зваротнай сувязі з грамадзтвам не мінулі бясьсьледна. У такіх умовах палітычнае чуцьцё, якое раней ня раз ратавала Лукашэнку ў крытычнай сытуацыі, прытупляецца, атрафуецца. Ён больш не адчувае электрычнае поле соцыюму. Самазабыўнае зачараваньне ўладай ператвараецца ў самаінтаксыкацыю.
Сьцісла
- На пачатку сваёй палітычнай кар’еры Лукашэнка сапраўды быў народным кумірам.
- Створаная Лукашэнкам беларуская сацыяльная мадэль не магла забясьпечыць эканамічнае разьвіцьцё.
- Беларусь зьмянілася. Тыя каштоўнасьці, якія абараняў Лукашэнка і якія станоўча ўспрымаліся людзьмі сталага веку, абсалютна не зразумелыя моладзі.
- Адсутнасьць зваротнай сувязі з грамадзтвам прытупляе палітычнае чуцьцё.
- Лукашэнка страціў шанец своечасова сысьці з пасады. Цяпер, чым бы ні скончылася сёлетняе супрацьстаяньне паміж рэжымам і народам, ягоны сыход у любым выпадку будзе ганебны.
Аляксандар Лукашэнка пачынаў сваю палітычную кар’еру як сапраўды народны кумір. Ён старанна выбудоўваў вобраз «народнага прэзыдэнта», «усенароднаабранага». Любіў апавядаць, як падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году людзі, якія доўга ляжалі хворыя, раптам уставалі на ногі, толькі каб за яго прагаласаваць. Сапраўды, у 1990–2000-х гадах Лукашэнка трапляў у фокус грамадзкіх чаканьняў, быў люстэркам калектыўнага бесьсьвядомага ня менш як паловы беларусаў. У яго была абвостраная палітычная інтуіцыя, прыроднае чуцьцё, інстынктыўнае адчуваньне правільнага ходу або пагрозы, здольнасьць адчуваць нацыю і адэкватна адлюстроўваць яе мэнтальныя імпульсы.
І куды ўсё гэта падзелася? Як так атрымалася, што таленавіты папуліст раптам у 2020 годзе стаў фігурай, якую, мякка кажучы, моцна ня любіць большасьць беларусаў? І яму даводзіцца з аўтаматам і ў бронекамізэльцы хавацца ў рэзыдэнцыі ад вялізнага народнага натоўпу.
Прычын шмат. Згадаем толькі некаторыя.
Ад самага пачатку Лукашэнка ўзяў курс на рэстаўрацыю асноўных элемэнтаў савецкай сыстэмы, стварыў кансэрватыўную мадэль, якая захоўвала эканамічны і сацыяльна-палітычны статус-кво. Аднак яна не магла забясьпечыць эканамічнае разьвіцьцё. У апошнія дзесяць гадоў сярэдні заробак у краіне ў рэальным вымярэньні зьменшыўся. Не выпадкова Лукашэнка ўвесь час апэлюе да 1990-х гадоў, а не параўноўвае цяперашнюю сытуацыю, напрыклад, з 2010 годам. То бок 10 гадоў — гэта дастатковы тэрмін, каб зразумець, што з Лукашэнкам беларусы ня маюць пэрспэктыў росту дабрабыту. Цяперашнія 500 даляраў — гэта столь, больш ужо ня будзе. А гэта значыць, што ён — кандыдат безнадзейнасьці.
Хоць такая мадэль блякавала разьвіцьцё, аднак зусім закансэрваваць грамадзтва ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы яна не магла. Мянялася сацыяльная структура грамадзтва. Доля дзяржаўнага сэктару, нягледзячы на фінансавую падтрымку з боку ўраду, зьмяншаецца, павялічваецца колькасьць людзей, якія працуюць у структурах прыватнага бізнэсу. Зьявіліся новыя сфэры эканомікі (ІТ і інш.)
Урэшце, адбылася зьмена пакаленьняў. Тыя каштоўнасьці, якія абараняў Лукашэнка і якія станоўча ўспрымаліся людзьмі сталага веку, абсалютна не зразумелыя моладзі. За 26 гадоў рыторыка Лукашэнкі не зьмянілася. Ён называе інтэрнэт «памыйкай», апавядае пра козачак і хатнюю жыўнасьць у сваёй гаспадарцы. Заклікае ў век высокіх тэхналёгій вучыць дзяцей у школе найперш працы на зямлі. Лукашэнка нават не заўважыў, што ён і краіна жывуць у розных гістарычных эпохах. Ідучы «ад зямлі», Лукашэнка выбудоўваў Беларусь пад свой патрыярхальны сьветапогляд. І не ўсьведамляў гэтага. Невыпадкова Сьвятлана Ціханоўская, за якую, зусім верагодна, прагаласавала большасьць беларусаў, — поўны антыпод Лукашэнкі абсалютна ва ўсім.
Нельга сказаць, што Лукашэнка зусім ня здольны мяняцца. Можна ўзгадаць, як ён эвалюцыянаваў на пачатку 1990-х гадоў ад пасьлядоўнага дэмакрата і змагара з савецкім таталітарызмам да рэстаўратара асноўных элемэнтаў савецкай сыстэмы. Ён ішоў усьлед за электаратам, рухаўся за ягонымі палітычнымі зыгзагамі.
Чаму ж, апынуўшыся на вяршыні ўлады, ён выявіў сябе няздольным да эвалюцыі, ня змог мяняцца? Тут некалькі адказаў.
Створаная Лукашэнкам кансэрватыўная сацыяльная мадэль была аптымальнай для ўтрыманьня ўлады. Яна даволі арганічная, усе яе элемэнты ўзаемадапаўняльныя, падтрымліваюць адзін аднаго. Зьмена мадэлі стварала большыя рызыкі для ягонай улады, чым захаваньне статус-кво.
Акрамя таго, за шмат гадоў аднаасобнай улады Лукашэнка так да гэтага прызвычаіўся, што ня здольны дзяліцца нават малым кавалкам яе, успрымаць апанэнтаў. А любая рэформа палітычнай сыстэмы стварыла б новыя цэнтры ўлады, акрамя прэзыдэнцкага. Як вядома, улада псуе чалавека, а абсалютная ўлада псуе абсалютна.
І самае галоўнае.
26 гадоў аднаасобнага праўленьня пры адсутнасьці паўнавартаснай зваротнай сувязі з грамадзтвам не мінулі бясьсьледна. У такіх умовах палітычнае чуцьцё, якое раней ня раз ратавала Лукашэнку ў крытычнай сытуацыі, прытупляецца, атрафуецца. Ён больш не адчувае электрычнае поле соцыюму, якое не вымяраецца нават сацыялёгіяй. Самазабыўнае зачараваньне ўладай ператвараецца ў самаінтаксыкацыю. Гэтая заканамернасьць тычыцца ўсіх дыктатараў, якія доўгі час знаходзяцца пры ўладзе. Без выключэньня.
Лукашэнка апошнімі гадамі стаў дазваляць сабе рэчы, якія можна разглядаць як выклік для грамадзкай маралі. Напрыклад, ён часта зьяўляўся на публіцы побач з прыгожымі маладымі дзяўчатамі. Прычым ня толькі падчас адпачынку. Прыгажуні сталі спадарожнічаць яму і ў працоўных паездках. Прэзыдэнт паўстаў у вобразе нейкага ўсходняга валадара эпохі Сярэднявечча. Што, зразумела, не дадало яму павагі з боку беларусаў.
Палітычны лёс Лукашэнкі — гэта выдатная ілюстрацыя вядомага выслоўя, што ад любові да нянавісьці — усяго адзін крок. Ён паказвае, як можна ператварыцца з «народнага прэзыдэнта» ў правіцеля, які нагадвае лацінаамэрыканскіх дыктатараў 1950–1960-х гадоў, то бок утрымліваецца пры ўладзе выключна на штыках. Цяпер Лукашэнка дзейнічае паводле прынцыпу «Пасьля мяне хоць патоп», ня дбаючы пра тое, у якім вобразе ён застанецца ў гісторыі.
Ён страціў шанец своечасова і пачэсна сысьці з пасады. А гэта можна было зрабіць нават прыгожа. Цяпер, чым бы ні скончылася сёлетняе супрацьстаяньне паміж рэжымам і народам, ягоны сыход у любым выпадку будзе ганебны.
Калі б гэта была трагедыя толькі аднаго чалавека — то яшчэ паўбяды. Як пісаў Іосіф Бродзкі, у сапраўднай трагедыі гіне не герой, а хор. Вельмі верагодна, што ў Беларусі — якраз такі выпадак.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.