Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан «ня вельмі спадзяецца», што мітрапаліт Кандрусевіч вернецца ў Беларусь


Уладзімер Макей і Пол Галахер, Менск, 11 верасьня 2020
Уладзімер Макей і Пол Галахер, Менск, 11 верасьня 2020

Пра гэта ў інтэрвію каталіцкаму выданьню Crux заявіў брытанскі архібіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Ватыкану ў сувязях з замежнымі дзяржавамі, фактычна міністар замежных справаў Ватыкану.

З словаў галоўнага дыплямата Ватыкану, які нядаўна вярнуўся з чатырохдзённай місіі ў Беларусі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому адмовілі ў вяртаньні ў Беларусь, хутчэй за ўсё, ня хутка вернецца на радзіму.

«Мы пераконвалі беларускі бок, што вяртаньне Кандрусевіча ў Беларусь у інтарэсах усіх — царквы і дзяржавы», — сказаў брытанскі архібіскуп Пол Галахер. «Беларускі афіцыйны бок не падзяляе гэтай думкі, і я ня надта аптымістычны, што яны зробяць такі крок».

«Я думаю, яны б упусьцілі яго, але, магчыма, умовы, якія яны могуць выставіць, былі б непрымальныя для архібіскупа, таму пачакаем і паглядзім», — сказаў Галахер.

У часы халоднай вайны пэўныя біскупы працяглы час кіравалі сваімі цэрквамі з эміграцыі. Кардынал Ёсіп Сьліпы ўзначальваў Украінскую грэка-каталіцкую царкву з Рыму з 1963 году да сваёй сьмерці ў 1984 годзе. На пытаньне Croix, ці можа так адбыцца з Кандрусевічам, Галахер адказаў: «Гэтага нельга выключаць».

Ён патлумачыў, што ў аснове канфлікту ляжаць дзьве розныя канцэпцыі палітычнай ролі сьвятарства.

«Я спрабаваў сказаць ім: паглядзіце, у каталіцкай традыцыі наша вера таксама выяўляецца ў нашым жыцьці і перакананьнях, нават у нашых палітычных меркаваньнях і дзеяньнях. Нельга адрэзаць адно ад іншага. Ім цяжка з гэтым спрачацца», — сказаў ён.

«Каталіцкая царква ў Беларусі мае доўгую гісторыю супрацоўніцтва з уладамі, і ўлады гэта прызнаюць», — сказаў Галахер. «Але ім проста вельмі цяжка прыняць любую форму палітычнай актыўнасьці ад імя сьвятарства».

Галахер сказаў, што зьвярнуў увагу, што шмат дзе каталіцкія пралаты адыгрывалі падобную ролю, але гэты аргумэнт менскіх суразмоўцаў не пераканаў.

«Я паспрабаваў сказаць, што матывацыяй біскупа ёсьць імкненьне быць карысным людзям. А яны мусяць быць слугамі правасудзьдзя, і гвалт у першыя некалькі дзён пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў быў экстрэмальным», — сказаў Галахер.

Ён паведаміў, што неўзабаве ў Менск прыбудзе новапрызначаны папскі амбасадар у Беларусі харвацкі архібіскуп Антэ Ёзіч, які працягне дыялёг.

Характарызуючы сытуацыю ў Беларусі ў цэлым, Галахер заявіў, што нельга недаацэньваць значэньне цяперашніх пратэстаў.

«Адна з рэчаў, якую мы заўважаем, — гэта тое, што гэта пратэставы рух, у якім удзельнічае вялікая частка грамадзтва», — сказаў ён. «Раней, на папярэдніх выбарах, ён, як правіла, канцэнтраваўся ў Менску, але на гэты раз пратэст адчуваецца па ўсёй краіне».

Завяршэньне спрэчкі мірным шляхам запатрабуе «кампрамісу з абодвух бакоў», сказаў ён.

«Неабходна адмовіцца ад гвалту, паглядзець на сытуацыю спакойна і паспрабаваць рухацца наперад. Відавочна, трэба пераадолець вельмі шмат перашкодаў», — сказаў у інтэрвію выданьню Croix брытанскі архібіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Ватыкану ў сувязях з замежнымі дзяржавамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG