Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенца, які стаяў на каленях праз пацярпелую дзяўчынку, аштрафавалі


Уладзімер Родчанка (справа) у судзе
Уладзімер Родчанка (справа) у судзе

Справу Ўладзімера Родчанкі разгледзелі ў судзе Ленінскага раёну Горадні 7 кастрычніка. Яму прысудзілі штраф 675 рублёў.

Гарадзенец Уладзімер Родчанка 12 жніўня выйшаў на плошчу Леніна з фатаграфіяй 5-гадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Разам з паплечнікамі ён стаў на калені перад аблвыканкамам. Амаль адразу іх затрымалі невядомыя ў масках, пабілі і завезьлі ў аддзел міліцыі.

Родчанку вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, бо «дэманстраваў плякат зь дзіцем у крыві». Родчанка віны не прызнаў.

Уладзімер працуе праграмістам, яму 32 гады, жанаты, двое малых дзяцей. Справу Родчанкі разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка пасьля таго, як яе вярнулі з дапрацоўкі.

Уладзімер Родчанка
Уладзімер Родчанка

Адвакат Родчанкі Аляксандар Бірылаў заявіў хадайніцтва, каб на судзе апыталі супрацоўнікаў міліцыі, якія складалі дакумэнты, супрацоўнікаў АМАПу, якія прымянялі сілу, ДАІ, лекараў, якія даставілі Родчанку зь міліцыі ў шпіталь. Суд задаволіў апытаць толькі двух міліцыянтаў Гаўрылюка і Казлоўскага, якія складалі дакумэнты, што да іншых, адмовіў, бо няма падставаў для выкліку або няма прозьвішчаў.

Хадайніцтва аб графалягічнай экспэртызе, якая магла б пацьвердзіць, што Родчанка падпісваў дакумэнты «ў незвычайным стане», то бок калі ён быў пабіты і пад ціскам, суд адхіліў.

На большасьць пытаньняў Бірылава да прадстаўніка ЎУС Горадзенскага аблвыканкаму Яршова той ня здолеў адказаць.

Падчас суду над Родчанкам
Падчас суду над Родчанкам

Родчанка на судзе расказаў, што яго затрымлівалі людзі ў балаклавах са словамі «Ну што, грошы вы адпрацавалі. Паехалі ў РАУС».

Ён паведаміў, што ў мікрааўтобусе, на якім яго і паплечнікаў везьлі ў міліцыю, зь яго зьдзекаваліся, іх білі, ім пагражалі, паставілі на калені ў праход, размалявалі маркерамі. Білі таксама ў РАУС, у тым ліку на ўсе ягоныя спробы падаць заяву або скаргі. У міліцыі ён знаходзіўся на падлозе. Пасьля зьбіцьця Родчанка 10 дзён правёў у шпіталі.

Міліцыянт Казлоўскі, які суправаджаў Родчанку ў РАУСе, заявіў у судзе, што Родчанку ня білі, рукі ў яго не былі счэпленыя плястыкавай сьцяжкай, яму патлумачылі ягоныя правы перад апытаньнем у міліцыі.

Адвакат Бірылаў зьвярнуў увагу на парушэньне тэрмінаў пры складаньні дакумэнтаў у справе Родчанкі, супадзеньне тэкстаў ажно да памылак у розных дакумэнтах у справе Родчанкі, таксама што ніводны сьведка ў справе ня бачыў, як Родчанка пікетаваў на плошчы. У міліцыі пацьвердзілі, што пікет ня быў дазволены гарвыканкамам, на наступны дзень пасьля складаньня пратаколу, што ня можа быць доказам віны мужчыны.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG