Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прысудзілі «суткі» загадчыцы аддзелу драмтэатру


«Група падтрымкі» Вольгі Семчанкі ля Ленінскага суду
«Група падтрымкі» Вольгі Семчанкі ля Ленінскага суду

У Магілёве асудзілі на сем дзён арышту загадчыцу літаратурна-драматычнага аддзелу мясцовага драмтэатру Вольгу Семчанку.

Трое зь іх 33-гадовая жанчына ўжо адбыла ў ізалятары да суду. На разгляд справы яе не прывезьлі. Адміністрацыйны працэс у Ленінскім судзе праходзіў праз скайп.

Тыя, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаную, адрэагавалі на вырак судзьдзі Тацяны Касьцюк воклічам «Ганьба».

Вольга Семчанка, архіўнае фота
Вольга Семчанка, архіўнае фота

Вольгу Семчанку прызналі вінаватай ва ўдзеле 23 жніўня ў «несанкцыянаваным шэсьці». Паводле міліцэйскага пратаколу, яна рухалася ў калёне людзей, якія выгуквалі лёзунгі, несьлі апазыцыйную сымболіку, чым выказвалі нязгоду з вынікамі выбараў.

Сваёй віны яна не прызнала. Даваць суду тлумачэньні адмовілася, каб ня сьведчыць супраць сябе.

Судзьдзя не задаволіла ейнага хадайніцтва аб прадстаўленьні перакладчыка. Адмову патлумачыла тым, што ў Беларусі «дзьвюхмоўе». Без задавальненьня засталася просьба Семчанкі разгледзець справу ў будынку суду, бо відэатрансьляцыя праз скайп пастаянна перарываецца.

Тацяна Касьцюк адмовілася тлумачыць абвінавачанай, што такое «апазыцыйная сымболіка». Адвод судзьдзі таксама ня быў задаволены.

Адзін са зваротаў у суд наконт вызваленьня Вольгі Семчанкі
Адзін са зваротаў у суд наконт вызваленьня Вольгі Семчанкі

Доказамі віны Вольгі Семчанкі было відэа апэратыўнікаў з «Маршу свабоднай Беларусі». На ім падсудная сябе не пазнала з прычыны «кепскай якасьці здымкаў». На відэа бачная калёна прыхільнікаў пераменаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, але папярэджаньня міліцыі, што шэсьце несанкцыянаванае, не чуваць.

Вольгу Семчанку схапілі 2 кастрычніка ў цэнтры гораду, непадалёк ад тэатру. Пазьней зь Ленінскага аддзелу міліцыі патэлефанавалі яе знаёмаму з просьбай забраць яе ровар. У судзе яна даводзіла: у яе з ужываньнем сілы ў міліцыі «выкралі» мабільны тэлефон, а пазьней заявілі, што ён арыштаваны, пакуль яна ня сплаціць штрафы за правапарушэньні. Зь міліцыі жанчыну адправілі ў ізалятар.

Вольга Семчанка
Вольга Семчанка

Аб вызваленьні Семчанкі без пакараньня ў пракуратуру і суд зьвярталіся акторы тэатру, якія даводзілі, што яе адсутнасьць на працы перашкаджае сувязям з замежнымі партнэрамі, а таксама рэклямаваньню пастановак. Прасілі вызваліць яе і ўдзельнікі клюбу беларускіх народных танцаў, якім яна кіруе.

Падтрымаць абвінавачаную прыйшло багата яе калегаў ды сяброў. На працэс, які праходзіў у кабінэце судзьдзі, трапілі толькі 12 чалавек. Астатнія чакалі выраку ў калідоры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG