У верасьні журналістаў у Беларусі затрымлівалі 60 разоў. Сёньня за кратамі застаюцца 10 карэспандэнтаў, паведаміла «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ).
Агулам сёлета БАЖ зафіксавала 344 выпадкі рэпрэсій супраць журналістаў у Беларусі (табліца тут).
Журналістаў рэгулярна затрымліваюць падчас асьвятленьня акцый пратэсту, караюць штрафамі і арыштамі, нягледзячы на пасьведчаньні і камізэлькі «ПРЭСА».
У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 198: «Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасьцю, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін».
Аднак Сьледчы камітэт Беларусі адмовіўся заводзіць крымінальную справу за незаконнае затрыманьне амаль паўсотні журналістаў, адзначае БАЖ.