Андрэй Астаповіч працаваў старшым сьледчым СК Партызанскага раёну Менску. 16 жніўня ён звольніўся, не жадаючы «ўдзельнічаць ва ўтойваньні злачынстваў» і выконваць «злачынныя загады». Пасьля гэтага ён мусіў уцякаць зь Беларусі, пабываў у руках ФСБ, хаваўся ў лесе і нарэшце трапіў на тэрыторыю ЭЗ.
У інтэрвію Свабодзе ён расказаў пра сыход са Сьледчага камітэту, прыгоды пасьля звальненьня і «цяжкі выбар» супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Менавіта Астаповіч займаўся справай кіроўцы аўтамабіля, якога абвінавацілі ў наезьдзе на сілавікоў падчас пратэстаў. Паводле былога сьледчага, на відэазапісе відаць, як «супрацоўнікі АМАП падбеглі да аўтамабіля, пачалі рабіць бандыцкія дзеяньні, беспадстаўна разьбіваць шыбы ў аўтамабілі». Кіроўца ў адказ на агрэсію зьехаў, нікога не закрануўшы.
Пра «апошнюю кроплю»
Калі ты прысутнічаеш пры гэтым, калі прысутнічаюць «пацярпелыя», калі ўсё пры табе, калі ты бачыш рэакцыю людзей, то гэта моцна па табе б’е. Я быў нязгодны, зафіксаваў усё так, як было, і сабраў адпаведны матэрыял. Лёс гэтага матэрыялу мне невядомы. Я далажыў пра ўсё начальству, але нармальнага адказу не было. Я прапаноўваў распачаць крымінальную справу аб катаваньнях 16-гадовага хлопца, якому сунулі дубіну ў рот і паламалі сківіцу. І ня толькі я. Але гэтага не дазволілі зрабіць. Я зразумеў, што ўсё гэта будзе працягвацца, і вырашыў сысьці.
Пра выезд у Расею
16-га жніўня я пайшоў на марш, а на другі дзень патэлефанаваў на працу і сказаў, што кепска сябе адчуваю. Раніцай у аўторак я ўжо быў у Маскве. Празь дзень мне паведамілі, што ўсё сур’ёзна, што мяне ўжо шукаюць і нават ведаюць, што я ў Маскве. Я прыняў рашэньне ехаць туды, адкуль мяне ня выдадуць. У амбасадзе Латвіі мне патлумачылі, што ў маім выпадку візу можна атрымаць проста на мяжы. Я паехаў на бліжэйшы пераход, але расейскія памежнікі мяне ня выпусьцілі, спаслаліся на каранавірус і адсутнасьць адмысловай візы для ўезду ў такіх умовах. Я паехаў у консульства Латвіі ў Пскове, але атрыманьне візы зацягнулася на тры дні. Цягам гэтых дзён мяне затрымалі расейскія службы.
Пра затрыманьне ФСБэшнікамі
Ужо пазьней я даведаўся, што датычна майго затрыманьня ішоў прамы кантакт паміж КДБ і ФСБ. Не было ніякіх афіцыйных дакумэнтаў, яны проста стэлефаноўваліся. Мяне вывезьлі з Расеі ў Беларусь, у чорных акулярах з тканінай, каб я нічога ня бачыў, з кайданкамі і 32-кіляграмовай гірай. Думкі былі розныя, нават што кінуць з гэтай гірай у рэчку. На тэрыторыі Беларусі яны мяне высадзілі і пачакалі, пакуль я скантактуюся зь сябрамі і паведамлю, што мяне вызвалілі. Як толькі я гэта зрабіў, то зьявіўся бусік ужо з нашага боку, відаць, з нашымі службамі.
Уцёкі па лесе ад КДБ
Я пачаў уцякаць у лес. Як пазьней я здолеў даведацца, гэта былі супрацоўнікі КДБ. У іх не было ні сабак, ні цеплавізэраў. Былі такія моманты, што яны праходзілі непадалёк ад мяне, калі я залёг. Але мне ўдалося ўцячы. Я быў у джынсах, кашулі і красоўках. На плячах была торба. Тэлефоны я выкінуў. Пяць дзён начаваў у лесе. Выходзіў часам да паселішчаў. Спаў пад елкай, а яшчэ надвор’е сапсавалася, быў дождж. Я прайшоў каля 70 км па лесе, заблудзіў, хадзіў па балоце, і ў канцы пайшла інфэкцыя на левай назе. Пайшоў унутраны крывацёк.
Прыезд у Польшчу
Да таго, як трапіць у Польшчу, я пабываў у некалькіх краінах. У Эўропе я ніколі раней ня быў, не дазваляла фінансавая сытуацыя. Першыя некалькі дзён я начаваў на вакзалах. Усё ня так проста, ніхто цябе тут не шукае і не спрабуе вэрбаваць ці яшчэ штосьці. Гэта поўная лухта. Падаў дакумэнты на палітычнае прыстанішча. У Варшаве дапамог Беларускі цэнтар салідарнасьці. Гэта проста мясцовыя беларусы, якія дапамагаюць з фармальнасьцямі, з моўнымі школамі, падказваюць нешта. Дапамог By_Sol, выплаціў абяцаную фінансавую падтрымку.
Пра занятак у Варшаве
У Варшаве я адказваю за праект By_Pol. Мы дапамагаем былым сілавікам, якія былі вымушаныя выехаць. Усё за сродкі салідарных людзей, нават простых палякаў. Адзін паляк прачытаў маю гісторыю ў газэце і знайшоў нас. Сам ён жыве на Захадзе, а тут у яго засталася кватэра. І ён прапанаваў яе цэнтру. Мы туды заселім адну сям’ю з дваімі дзецьмі былога супрацоўніка Сьледчага камітэту.
Пра былых калег, якія адмовіліся заводзіць крымінальныя справы за катаваньні
Я свой выбар зрабіў, хай яны робяць свой. Абвінавачваць кагосьці я не хачу. Нельга ўсіх людзей аб’ядноўваць у адно. У кожнага свой мозг і свая жыцьцёвая сытуацыя. Знайсьці адну прычыну нерэальна. Хтосьці сапраўды падтрымлівае ўладу, нехта лічыць, што за ўсім стаяць іншыя дзяржавы, нехта хоча аб’яднацца з Расеяй, у кагосьці на іншага кампрамат, нехта проста баіцца.
Апанэнты ўлады ў органах
Яны ціха сядзяць, бо баяцца страціць пэнсію, працу, кватэру, заробак, выслугу. У мяне да такіх людзей агіда. Так, я разумею, што можна шмат што страціць, але калі б людзі выступілі адзіным фронтам, то ўсё б зьмянілася імгненна. Я ведаю, што такіх людзей шмат. Але ніхто ня думае пра супольнае дабро, каб нешта зьмяніць. У нас стварылі такі мэнталітэт: згаджайся або ты страціш усё. Але ня думайце, што там проста працаваць. Адтуль ня так проста пайсьці, але і ня так проста там заставацца.
Пра сыстэму знутры
Гэта нармальна, калі табе засталося паўгода да пэнсіі, але ты прайшоўся па горадзе ў майцы з сымболікай, цябе ўбачылі і звольнілі. І ты страціў усё. Няма прафсаюзаў, яны забароненыя. Суткавыя дзяжурствы бясплатныя, іх у мяне бывала па 4 за месяц. Ніхто не вядзе ніякага ўліку гадзінаў. Кагосьці выкідаюць і наймаюць сваіх сынкоў, якія нічога не разумеюць. Людзі нават унутры ня хочуць гэтага самі зьмяняць. Але наступіў момант, калі можна зьмяніць краіну ў розных галінах, стварыць нармальную прававую дзяржаву, дзе гэтая сыстэма будзе працаваць. А пакуль там галоўнае — лічбы і палачкі. Ім галоўнае, каб вынік раёну быў на вышыні, а што і як расьсьледуюць, ім нецікава. Галоўнае — хутчэй скончыць справу і накіраваць у суд, атрымаць за гэта бал. І ніхто ня хоча гэтага мяняць. Ня хочаце — будзеце жыць так далей.
Пра непазьбежнасьць правасудзьдзя
Калі зьменіцца ўлада, то тых, хто ўдзельнічаў ва ўсім непасрэдна, іх будуць шукаць. Важна разумець, што такіх у органах ня большасьць. Калі яны думаюць, што іх нельга будзе знайсьці, то няхай успомняць гісторыю Ізраілю, як ён дзейнічаў адносна немцаў пасьля вайны. Яны знаходзяць іх праз 40 і 60 гадоў і па-свойму чыняць правасудзьдзе. Рана ці позна ўлада зьменіцца і будзе створаны адмысловы аддзел, які будзе расьсьледаваць усе нюансы. Мяне вучылі, што праўду нельга схаваць. Рана ці позна яна выйдзе.