Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не да прынцыпу галоснасьці? У суды забаранілі ўваходзіць тым, хто ня мае позваў. ФОТА

абноўлена

Абвестка на дзьвярах горадзенскага суда
Абвестка на дзьвярах горадзенскага суда

З 1 кастрычніка ў суды могуць трапіць толькі ўдзельнікі працэсу. Афіцыйная прычына — каранавірус.

Такія абвесткі пабачылі на судах Горадні і Гомлі 1 кастрычніка. Забарона дзейнічае з прычыны «пляну захадаў для прафіляктыкі і мінімізацыі рызыкі пашырэньня каранавіруснай інфэкцыі (COVID-19) у асеньне-зімні пэрыяд 2020–2021 гадоў у сыстэме судоў агульнай юрысдыкцыі». Адпаведны загад выдаў старшыня Вярхоўнага суду Беларусі 28 верасьня.

Загад паказалі ў Кастрычніцкім судзе Горадні актывісту Ежы Грыгенчу, але сфатаграфаваць не дазволілі, бо ён, маўляў, для ўнутранага карыстаньня.

Абвестка на дзьвярах гомельскага суда
Абвестка на дзьвярах гомельскага суда

Адметна, што вясной Вярхоўны суд адзначаў, што меры прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі не закранаюць прынцыпу галоснасьці судовага разбору.

«Неабгрунтаванае абмежаваньне доступу грамадзян у суды не дапускаецца. У справах, якія разглядаюцца ў адкрытых судовых паседжаньнях, забясьпечваецца магчымасьць прысутнасьці асобаў, якія ня ёсьць удзельнікамі працэсу, у тым ліку журналістаў сродкаў масавай інфармацыі», — гаварылася ў паведамленьні Вярхоўнага суду ў красавіку.

Вярхоўны суд: «Размова пра забарону наведваньня судоў грамадзянамі не ішла і не ідзе»

Па абедзе прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова заявіла ў камэнтары карэспандэнту Свабоды, што забароны на доступ у суды ў згаданым загадзе няма.

«Ня ведаю, якая ў Горадні накладка здарылася. Гэта ня так. Абʼява, якая была ў судзе Горадні, ужо зьнятая апэратыўна.

Справа ў тым, што ў мэтах выкананьня захадаў у прафіляктыцы і мінімізацыі рызыкі пашырэньня інфэкцыі COVID-19 у асеньне-зімовы пэрыяд 2020 году ў судах агульнай юрысдыкцыі зацьверджаны плян па прафіляктыцы, рэкамэндаваны Мінздароўя.

Адным з пунктаў гэтага пляну прадугледжана, што работнікі, удзельнікі працэсу ды іншыя наведнікі дапускаюцца ў будынак толькі без прыкметаў рэсьпіраторных захворваньняў і ў сродках індывідуальнай засьцярогі.

Размова пра забарону наведваньня судоў грамадзянамі не ішла і не ідзе.

У загадзе № 68 запісана, што не дапускаюцца хворыя, і пажадана быць у масках і пальчатках. Забароны наведваць суды няма», — запэўніла Юлія Ляскова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG