25-гадовую Марыю Бабовіч затрымалі 9 верасьня пасьля таго, як яна напісала грунтоўкай «Не» у надпісе «Не забудзем» ля станцыі мэтро «Пушкінская». Цяпер дзяўчына на волі, але на яе завялі крымінальную справу за апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці, паведамляе Tut.by.
9 верасьня Марыю Бабовіч і яшчэ аднаго менчука затрымалі каля станцыі мэтро «Пушкінская», калі яны спрабавалі аднавіць мэмарыял загінуламу падчас пратэстаў Аляксандру Тарайкоўскаму — надпіс на асфальце «Не забудзем».
Дзеяньні Марыі зафіксавала камэра відэаназіраньня, міліцыянты адвезьлі затрыманых у Фрунзэнскае РУУС. Ноч з 9 на 10 верасьня яны правялі ў камэры. «Раніцай нас забраў опэрупаўнаважаны, у мяне ўзялі паказаньні, сказалі расьпісацца — там быў артыкул 339 Крымінальнага кодэксу („Хуліганства“)», — апавядае Марыя Бабовіч.
З пратаколам Марыя Бабовіч пагадзілася, копію пратаколу не атрымала. З Фрунзэнскага РУУС на ноч яе вазілі ў гарадзкі аддзел міліцыі, 11 верасьня вярнулі ў РУУС. Марыю адпусьцілі, але пазьней зноў выклікалі даваць паказаньні. Тады дзяўчына ўбачыла, што ў пастанове пазначаны іншы артыкул — 341 КК (апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці; караецца грамадзкімі працамі, штрафам або арыштам.).
У пастанове аб прызнаньні падазраваным сказана, што Марыя Бабовіч і малады чалавек «учынілі псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы пры адсутнасьці прыкмет цяжэйшага злачынства». Адзначаецца, што дзеяньні прычынілі матэрыяльную страту «Гаррэмаўтадару Менгарвыканкаму» на агульную суму 10 182 рублі 52 капейкі. Дзяўчыну шакаваў крымінальны артыкул «за дзьве літары» і велізарная сума шкоды. Зь яе словаў, фарба, якой яны карысталіся, — грунтоўка, лёгка змываецца вадой.
Адвакат Марыі Андрэй Мачалаў лічыць такую вялікую суму шкоды і крымінальны артыкул за такія дзеяньні ціскам на ўдзельнікаў акцыяў. Зьбіраецца ў судзе даказваць, што гэта была часовая фарба, якая да сёньняшняга дня змылася вадой, а «апаганьваньне будынкаў і збудаваньняў і малюнкі вадзяной фарбай на асфальце — гэта абсалютна розныя, несупастаўляльныя рэчы».
10 жніўня падчас пратэстаў у Менску каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. Пасьля гэтага каля станцыі некалькі разоў зьяўляўся стыхійны мэмарыял загінуламу з надпісам «Не забудзем» на ходніку і мноствам кветак і сьвечак. Камунальнікі пэрыядычна пасыпалі надпісы тэхнічнай сольлю, але менчукі аднаўлялі надпіс. Потым яго зафарбавалі.