Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з-за мяжы зьвярнуўся да сьвятароў і вернікаў.
6 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, адзначылі ўрачыстасьць Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі.
Удзельнікаў фэсту прывітаў з выгнаньня Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якога беларускія ўлады не пускаюць у краіну, нягледзячы на тое, што ў яго ёсьць беларускі пашпарт.
Ён зьвярнуўся да ўдўельнікаў урачыстасьцяў з польскага Беластоку:
«Духам і малітвай яднаюся з усімі ўдзельнікамі сённяшніх урачыстасьцяў. Адлегласьць паміж намі ня можа аслабіць нашае адзінства, — заявіў мітрапаліт.— Гэта нам так патрэбна сёньня, калі сучасны крызіс ужо прывёў да адкрытага супрацьстаяння розных палітычных і грамадзкіх пазыцый на вуліцах і плошчах нашых гарадоў. Грамадзяне адной Бацькаўшчыны, якая зьяўляецца нашай сям’ёй, паднялі руку адзін на аднаго.
У выніку мы сталі сведкамі гвалту: пралілася кроў, зьявіліся параненыя з абодвух бакоў, тысячы людзей былі зняволеныя, шмат пакалечаных. Грамадзтва падзялілася. Праяўляецца нянавісьць і пагрозы адных супраць другіх, што не адпавядае хрысціянскаму прынцыпу быць справядлівымі ў міласэрнасьці. Нам усім сёньня патрэбны дух пакаяньня і прабачэньня».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў «за малітвы ў інтэнцыі мірнага вырашэньня сацыяльна-палітычнага крызісу ў нашай краіне і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртаньня на Радзіму:
«Я адчуваю вашу маральную падтрымку і салідарнасьць. Такім чынам, знаходзячыся далёка адно ад аднаго, мы ў той жа час дзякуючы веры і прыналежнасьці да Касьцёла застаемся разам».
Пазыцыя памежнага камітэту не памянялася
«У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі 7 верасьня а 14 гадзіне Свабодзе паведамілі, што да іх паступіла скарга мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на забарону яму прыехаць на радзіму.
«Скарга разглядаецца, ці падрыхтаваны ўжо адказ, на гэты момант сказаць не магу. Паводле закону мы маем на гэта 15 сутак»,-- сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
Тлумачэньняў, на якой падставе дзейнічае забарона на ўезд грамадзяніну Беларусі ў сваю краіну, там па-ранейшаму няма.