Аляксандар Лукашэнка заявіў, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч «улез у палітыку» — нібыта выяжджаў у Варшаву, дзе атрымаў «пэўныя задачы». Акрамя таго, паводле Лукашэнкі, правяраецца наяўнасьць у яго некалькіх грамадзянстваў.
Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі ў інтэрвію Catholic.by даў ацэнку сытуацыі вакол Касьцёла ў Беларусі.
«Сытуацыя сапраўды ненармальная. Відавочна, што на Касьцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца перасьлед Касьцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта ня кажа. Зрэшты, і ў савецкія часы змаганьня зь верай і Касьцёлам ніхто адкрыта не казаў пра перасьлед, хоць ён быў вельмі жорсткі. Пра тое, што сытуацыя цяпер падобная, гавораць факты», — адзначыў Касабуцкі.
«Усе заявы арцыбіскупа Кандрусевіча знаходзяцца ў адкрытым доступе, кожны іх можа прачытаць і зрабіць высновы. Прадстаўнікі Касьцёла, перадусім біскупы, маюць права і абавязак ня быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў грамадзтве, асабліва ў такой сытуацыі, якая сёньня склалася. Гэта ўжо не палітыка, гэта — сапраўдны гуманітарны крызіс, які пагражае стаць катастрофай, калі нічога не рабіць», — адзначыў ён.
Паводле Юрыя Касабуцкага, выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра палітыку, «у якую ўлез Кандрусевіч», абсалютна надуманыя. Па яго словах, мітрапаліт не падтрымліваў нікога з кандыдатаў да выбараў і пасьля іх, не рабіў ніякіх палітычных заяваў, а толькі заклікаў да сумленнасьці, адказнага падыходу і спыненьня гвалту.
«Усе ягоныя дзеяньні і выказваньні знаходзяцца ў межах сацыяльнага вучэньня Каталіцкага Касьцёла і дзейнага заканадаўства Беларусі. Гэта перадусім маральныя аспэкты грамадзкага жыцьця, хрысьціянскія і агульначалавечыя каштоўнасьці, адыход ад якіх становіцца прычынай крызісу ў грамадзтве. Мне здаецца, Лукашэнку недастаткова добра інфармавалі. Арцыбіскуп можа выяжджаць для кансультацый у Ватыкан і атрымліваць задачы ад Папы Францішка, але не ад кагосьці іншага, напрыклад, у Варшаве, Маскве ці дзесьці яшчэ».
Юры Касабуцкі ўдакладніў, што паездка Тадэвуша Кандрусевіча ў Польшчу зьвязаная перадусім з тым, што арцыбіскупа запрасілі ўзяць удзел ва ўрачыстых набажэнствах. Да гэтага ў жніўні ён узначальваў аналягічныя службы ў Браславе, Менску, Горадні, адкуль выехаў у Польшчу. У нядзелю ён плянаваў маліцца ў Заслаўі разам зь вернікамі, якія адзначаюць 600-годзьдзе сваёй парафіі.
Пры канцы Юры Касабуцкі запэўніў, што ў Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае. А значыць, згодна з законам, яго права на ўезд ня можа быць ніякім чынам абмежавана.