Адразу некалькі прыватных банкаў Беларусі прыпынілі выдачу крэдытаў фізычным асобам. Эканамісты гэта зьвязваюць зь недахопам сродкаў банкаў.
Сьцісла:
- 8 банкаў спынілі выдачу крэдытаў для фізычных асобаў
- Гэта зьвязана зь недахопам рэсурсаў і дэвальвацыйнымі чаканьнямі
- Крэдыты пачнуць выдаваць, калі банкіры ўбачаць зьніжэньне рызыкі
- Валюта ў банках ёсьць, але гатоўку не пасьпяваюць дастаўляць у абменьнікі
«Абсалютбанк», «БТА-банк», «РРБ-банк», «БПС-Сбербанк», «Тэхнабанк», «БНБ-банк», «БСБ-банк» і «Франсабанк» перасталі выдаваць крэдыты фізычным асобам.
Падрабязна ў банках не тлумачаць гэтага рашэньня, кажуць толькі, «што такое рашэньне прыняло кіраўніцтва». На колькі часу спыніўся разгляд заявак на крэдыты для фізычных асобаў — незразумела.
У «Беларусбанку» пры гэтым спажывецкія крэдыты фізычным асобам выдаюць. «Аб спыненьні разглядаў крэдытных заявак нічога не вядома», — адказалі там Свабодзе.
«Недастаткова рэсурсаў»
На думку фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, прычынаў спыніць выдачу крэдытаў адразу некалькі.
«Па-першае, у банкаў можа проста не ставаць рэсурсаў, зь якіх гэтыя крэдыты можна выдаваць. Другая прычына — высокія дэвальвацыйныя чаканьні, якія закранулі ўсіх. Ня толькі грамадзян, якія сталі ў чэргі набыць валюту, але і банкіраў. Яны не разумеюць, што будзе з курсам, таму ня хочуць выдаваць крэдыты, каб ня мець стратаў у выніку моцнай дэвальвацыі. Мы памятаем гісторыі з 90-ых, калі людзі бралі крэдыт на кватэру, а пасьля дэвальвацыі гасілі такі крэдыт з аднаго заробку», — тлумачыць Вадзім Іосуб.
«Крэдыты вернуцца, калі зьменшыцца рызыка»
Банкі могуць вярнуцца да выдачы крэдытаў, калі ўбачаць зьмяншэньне рызыкі, мяркуе Вадзім Іосуб.
«Калі вырашыцца, што рызыкі меншыя, то да практыкі крэдытаваньня могуць вярнуцца. Імаверна, што дзяржаўныя банкі будуць выдаваць крэдыты, але яны могуць не абвяшчаць, што перасталі крэдытаваць, пры гэтым пры звароце будуць складанасьці з атрыманьнем крэдыту. Усё залежыць ад рэсурсавых магчымасьцяў банкаў і ад бачнасьці рызыкі», — кажа Вадзім Іосуб.
Ці маюць банкі валюту
У абменьніках і банкаматах усё радзей можна знайсьці валюту, каб яе купіць. Да росту курсу цяпер вядзе попыт на валюту, кажа Вадзім Іосуб, але «гэта тэхнічныя праблемы».
«Пры плывучым курсе рост попыту прыводзіць да росту курсу валюты, і па гэтым курсе валюта ёсьць. Наяўнай валюты ў абменьніках няма, бо банкі замовілі валюту ў стандартных аб’ёмах, а попыт вырас у разы, таму патрэбны час замовіць валюту ў больш сур’ёзных колькасьцях. Татальнага дэфіцыту няма, у банках валюта на рахунках, яе проста трэба прывезьці. У 2011 годзе валюты не было, бо курс быў фіксаваны», — прыводзіць прыклад Вадзім Іосуб.
28 жніўня курс даляра і эўра зноў вырас, але гэты рост запаволіўся. Курсы валютаў на 28 жніўня такія:
- 1 USD = 2,6631 BYN (у абменьніках найлепшы курс куплі 2,747)
- 1 EUR = 3,1668 BYN (у абменьніках найлепшы курс куплі 3,252)
- 100 RUB = 3,5702 BYN (у абменьніках найлепшы курс куплі 3,63)