Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страчаны давер да права і законнасьці». Чаму падае беларускі рубель?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускі рубель адносна даляра ўпаў на 6,5%. Эканамісты зьвязваюць гэта са «стратай даверу да ўсіх галінаў органаў улады». Свабода разабралася, чаго чакаць у беларускай эканоміцы.

Што з курсам даляра і эўра

Паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку даляр цяпер каштуе 2,6 рубля, эўра — 3,07 рубля. У прыватных банках даляр каштуе яшчэ больш — да 2,63 рубля. Рубель падае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. І гэта зьвязана «з дэвальвацыйнымі чаканьнямі людзей», лічыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Падстава для росту вартасьці замежнай валюты — попыт на яе. Удзельнікі рынку актыўна скупаюць валюту. Такое адчуваньне, што валюту набывалі і людзі, і банкі, і прадпрыемствы. Для людзей асноўны рэсурс набыцьця валюты — рублёвыя ўклады. Людзі здымаюць свае ўклады і купляюць на іх замежную валюту. У нас каля 5 мільярдаў рублёў тэрміновых укладаў, траціну зь іх можна адклікаць. Значыць, 1,5 мільярда могуць пайсьці на куплю валюты. Можна прадбачыць, што валюту будуць набываць датуль, пакуль будзе на што, — мяркуе Вадзім Іосуб.

Як доўга будзе цягнуцца гэты працэс і наколькі вырастуць курсы даляра і эўра — сказаць пакуль немагчыма. На думку Вадзіма Іосуба, моцная нацыянальная валюта будзе тады, калі да яе «будзе давер». А апошнімі месяцамі адбылася «страта даверу да ўсіх дзяржаўных інстытутаў і даверу да права і законнасьці».

Што з банкаўскімі ўкладамі

Каля некаторых аддзяленьняў банкаў чытачы Свабоды заўважылі чэргі з ахвочых зьняць свае ўклады. Паводле Вадзіма Іосуба, цяпер відавочна выгадней захоўваць грошы ў валюце. Але дзе?

«У банках тэарэтычна ёсьць рызыка, што калі ў дзяржавы ня будзе хапаць грошай, то будзе замарозка ўкладаў ці прымусовая канвэртацыя ў рублі. Гэтыя рызыкі цяпер невялікія, і я ня думаю, што гэта адбудзецца днямі, але такія рызыкі не нулявыя», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Хаваць грошы за канапай таксама небясьпечна. Як і ў банкаўскай ячэйцы, бо пасьля пераходу пад кантроль дзяржавы «Белгазпрамбанку» былі праблемы зь вяртаньнем грошай з гэтых ячэек.

«Улада загнала ўкладнікаў у цугцванг — няма добрых крокаў і няясна, як зрабіць бясьпечнымі свае ашчаджэньні. Дзяржава мусіць гарантаваць бясьпеку ўкладам, а цяпер асноўная рызыка — дзеяньні дзяржавы. Таму добрых парадаў тут проста няма», — рэзюмуе Вадзім Іосуб.

У далёкай пэрспэктыве аналітык прагназуе і зьніжэньне цэнаў на маёмасьць.

Што з інвэстарамі і ІТ

Беларусь ніколі ня мела добрага інвэстыцыйнага клімату, але цяпер ІТ-кампаніі пачалі выводзіць адсюль бізнэс. Свой офіс у Менску закрыў Viber, частка супрацоўнікаў «Яндэксу» пасьля ператрусу ў гэтай кампаніі зьехалі ў Расею, частка — працуюць з дому. Рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгіяў кампанія Godel Technologies перавяла частку сваіх супрацоўнікаў ва Ўкраіну.

«Цяпер ніякіх інвэстыцыяў з Захаду чакаць не варта, з ІТ цяпер нехта пераяжджае, нехта задумваецца пра гэта. Таму кірунак эканомікі толькі адзін — уніз, на дно і далей. Апошнімі гадамі адным з найбуйнейшых крэдытораў была Расея, але яна ніколі не пакрывала ўсе патрэбы Беларусі. Штогод на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу Беларусі трэба каля 4 мільярдаў даляраў. Кожны год трэба было перапазычаць каля 3 мільярдаў. Сумняваюся, што Расея зможа нас крэдытаваць штогод на 3 мільярды, ня зможа нават разам з Кітаем», — мяркуе Вадзім Іосуб.

У 2019 годзе доля ІТ-сэктару ў ВУП была 6,5%, экспэрты прагназавалі рост да 10% у бліжэйшыя гады.

Што з прадпрыемствамі

Летась за 4 месяцы ўсе беларускія арганізацыі працавалі з прыбыткам 4,5 мільярда рублёў. А сёлета за такі ж пэрыяд напрацавалі на мінус 458 мільёнаў рублёў. Страты на 191 мільён рублёў панесьлі і прамысловыя арганізацыі, хоць летась за такі самы пэрыяд зарабілі 2,6 мільярда. 26% усіх арганізацыяў прамысловасьці стратныя. Чыстыя страты склалі 2,2 мільярда. У такой сытуацыі прадпрыемствам таксама патрэбныя крэдыты і датацыі.

«У нас шмат прадпрыемстваў, якія пастаянна карыстаюцца датацыямі ці за якія дзяржава вяртае крэдыты. Гэта і дрэваапрацоўка, і выраб паперы і кардону, і вытворчасьць цэмэнту. Усе галіны, якія прайшлі мадэрнізацыю, застаюцца ў стратах, а даўгі за іх вяртае бюджэт. Не вяртаць даўгі яны таксама не могуць, бо тады лягуць банкі», — кажа Вадзім Іосуб.

Усе эканамічныя праблемы, паводле Вадзіма Іосуба, выкліканыя «стратай даверу людзей да ўсіх галінаў улады».

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на якіх паводле беларускага ЦВК перамог з 80% галасоў Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым паводле альтэрнатыўных плятформаў падліку выбары выйграла Сьвятлана Ціханоўская. Супраць пратэстоўцаў ужывалі гранаты, гумавыя кулі і сьлезацечны газ, ёсьць шматлікія сьведчаньні зьдзекаў і зьбіцьця людзей у ізалятарах часовага ўтрыманьня і ў аўтазаках падчас затрыманьняў. На 25 жніўня ў Беларусі працягваюцца затрыманьні актывістаў, мірныя акцыі пратэсту зноў пачалі разганяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG