Каля 800 тысяч гектараў земляў сельскагаспадарчага прызначэньня ў Беларусі заражаны цэзіем-137, узровень іх радыяактыўнага забруджваньня перавышае 1 кюры на квадратны кілямэтар, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 24 красавіка начальнік упраўленьня па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі і аб’ектамі ядзернай спадчыны Дзяржатамнагляду МНС Дзьмітры Паўлаў, яго цытуе «Позірк».
Паводле чыноўніка, «гэта не анамальнае забруджваньне». Паўлаў адзначыў, што ў Беларусі штогод праводзяць абсьледаваньне глебаў, а ахоўныя меры ў сельскай гаспадарцы «даюць магчымасьць гарантаваць бясьпеку прадукцыі», таму пражываньне на гэтых тэрыторыях «гарантуе, што дадатковага апраменьваньня ад прадукцыі ня будзе».
Плошча забруджаных радыёнуклідамі земляў, якія выбылі зь сельскагаспадарчага абароту, складае 246,2 тысяч гектараў, адзначыў чыноўнік, зь іх «толькі 16% рэальна з часам можна будзе ўвесьці ў сельгаспадарчае карыстаньне», але праз 39 гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС гэтыя землі ўжо аднесьлі да ляснога фонду. Разам з тым, паводле Паўлава,на гэтых землях небясьпечна зьбіраць лясныя ягады ці нарыхтоўваць дзічыну.
Прадстаўнік Дзяржатамнагляду зьвярнуў увагу, што згодна з Кодэксам аб зямлі, які пачаў дзейнічаць у студзені 2023 году, зьмяніўся парадак аднясеньня земляў да той ці іншай катэгорыі — землі могуць выводзіць з катэгорыі радыяцыйна небясьпечных у катэгорыю земляў ляснога фонду. Раней гэта можна было зрабіць, толькі перадаючы землі ў сельскагаспадарчую вытворчасьць.
Начальнік упраўленьня па пераадоленьні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надзвычайных сытуацыях Магілёўскага аблвыканкаму Сяргей Лазарэвіч прывёў на прэс-канфэрэнцыі прыклад: у рэгіёне пасьля катастрофы на ЧАЭС у сувязі з радыяактыўным забруджваньнем вывелі з абароту больш як 50 тысяч гектараў сельскагаспадарчых земляў, назад у абарот пасьля ўвялі толькі 2,8 тысячы га.
«Гэта сьведчыць пра тое, што ёсьць вялікі рэзэрв, дастаткова значны рэзэрв плошчаў, якія могуць быць выкарыстаныя як у лясной, так і як у сельскай гаспадарцы», — сказаў Лазарэвіч.
Паводле яго, цяпер у рознай ступені «схільныя да радыяактыўнага забруджваньня» 14 раёнаў Магілёўскай вобласьці, у 12 зь іх забруджаныя і сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі, і ўчасткі лесу, і населеныя пункты, у двух — толькі землі.
Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі 22 красавіка 2024 году заявіла, што плошча забруджваньня Беларусі цэзіем-137 у выніку радыяактыўнага распаду за час, што мінуў пасьля аварыі на ЧАЭС, зьменшыўся ў 1,8 раза і складае 25,5 тысяч кв. км (12% тэрыторыі Беларусі). Цэзіем-137 на ўзроўні 1 кюры на кв. км забруджана 1, 5 млн гектараў лясоў і каля 819 тысяч га сельскагаспадарчых угодзьдзяў.
Хімік-радыялаг Сяргей Бесараб у інтэрвію «Позірку» адзначыў, што любая гаспадарчая дзейнасьць на забруджаных тэрыторыях пераводзіць радыёнукліды, якія былі хімічна зафіксаваныя ў глебе, у мабільны стан.
«У цэзія-137 пэрыяд паўраспаду 30,17 года. Прайшло 1,23 пэрыяду паўраспаду. Ад усёй масы, выкінутай падчас выбуху, засталася прыкладна палова (43,53%), а радыёактыўнасьць стала ў 2,35 разы менш. Гэта значыць на тэрыторыі, дзе цэзія было мала, яго актыўнасьць зьнізілася. Можа, і сапраўды, калі ацэньваць па плошчах, будзе гэтае памяншэньне ў 1,8 раза. Лічбы больш-менш суадносяцца і супярэчнасьці няма. Але гэта нічога не азначае на справе, хаця б таму, што цэзій існаваць не перастаў, а проста сышоў у зямлю, стаў нябачны», — патлумачыў Сяргей Бесараб.
Форум