Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртам ААН вядома пра 33 выпадкі прымусовага псыхіятрычнага лячэньня беларускіх палітвязьняў


Псыхіятрычны шпіталь у Навінках пад Менскам. Архіўнае фота
Псыхіятрычны шпіталь у Навінках пад Менскам. Архіўнае фота

Экспэрты ААН занепакоеныя практыкай прымусовага псыхіятрычнага лячэньня беларускіх палітвязьняў.

«Моцную занепакоенасьць» у сувязі з практыкай прымусовага псыхіятрычнага лячэньня палітвязьняў у Беларусі выказалі ў заяве 24 красавіка незалежныя экспэрты ААН у правах чалавека.

«Мы атрымалі паведамленьні, што з пачатку палітычнага крызісу вакол прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году сама меней 33 чалавекі, у тым ліку пяць жанчын, былі накіраваныя на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне праз тое, што яны выказалі нязгоду з уладамі», — падкрэсьліваецца ў заяве.

«Самаму пажылому чалавеку, якога перавялі на такое лячэньне, 77 гадоў», — паведамляюць экспэрты.

Паводле іхных ацэнак, такое «вельмі неправамернае пакараньне можа быць прыраўнана да бесчалавечнага або зьневажальнага для годнасьці».

«Як вынікае зь некаторых крымінальных абвінавачаньняў, выстаўленых гэтым людзям, іх перасьлед і зьмяшчэньне ў псыхіятрычныя шпіталі, магчыма, парушае грамадзянскія і палітычныя правы, уключаючы права на свабоду думак і іх выказваньня і права на свабоду мірных сходаў», — адзначаецца ў дакумэнце.

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што прымусовым псыхіятрычным лячэньнем караюць палітвязьняў, якіх перасьледуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, за «абразу» Лукашэнкі або прадстаўніка ўлады, «тэрарызм», «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

«Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне становіць сабой пагрозу свабодзе перакананьняў, бо лекавыя прэпараты і электрычныя разрады могуць выкарыстоўваць для кантролю або запаволеньня разумовых здольнасьцяў. Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне — гэта наўпрост замах на свабоду думкі, якая ёсьць абсалютным правам».

«Працэс, які вядзе да пераводу на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, ня мае празрыстасьці і выклікае сурʼёзныя сумневы ў тым, чым матывуецца такі перавод — мэдычнымі ці палітычнымі меркаваньнямі», — падкрэсьліваюць аўтары дакумэнта.

Паводле іхных зьвестак, такія судовыя працэсы праходзяць у закрытым рэжыме.

У заяве адзанчаецца, што пакараных прымусовым лячэньнем трымаюць у псыхіятрычных шпіталях «пад неабмежаванай уладай галоўнага лекара бяз сувязі з навакольным сьветам». Адрозна ад зьняволеных у пэнітэнцыярных установах, яны «пазбаўленыя волі на нявызначаны тэрмін і ня могуць прасіць аб памілаваньні або ўмоўна-датэрміновым вызваленьні».

«Паводле атрыманай інфармацыі, восем чалавек, пераведзеных на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, былі вызваленыя. Прынамсі 25 іншых застаюцца бяз сувязі з навакольным сьветам, нічога не вядома пра іх лёс і месца знаходжаньня, што выклікае занепакоенасьць іх магчымым гвалтоўным зьнікненьнем», — падкрэсьліваюць экспэрты.

Яны нагадваюць, што працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях у сваёй практыцы зыходзіць з таго, што нядобраахвотнае псыхіятрычнае лячэньне людзей на падставе іхных палітычных перакананьняў ці свабоды выказваньня думкі груба парушае правы чалавека і міжнароднае права.

«Выкарыстаньне псыхіятрычных установаў у якасьці інструмэнту рэпрэсій ня толькі падрывае цэласнасьць сыстэмы псыхіятрычнай дапамогі, але і разбурае асноўныя прынцыпы правасудзьдзя і вяршэнства права, — гаворыцца ў заяве. — Ганебная практыка так званай карнай псыхіятрыі парушае сьвятасьць чалавечай годнасьці».

«Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна забясьпечыць гэтым людзям доступ да адваката на іх выбар і даць ім эфэктыўныя сродкі праўнай абароны, з дапамогай якіх яны маглі б аспрэчыць пазбаўленьне іх волі», — заяўляюць экспэрты ААН, дадаючы, што яны «зьвязаліся з урадам Беларусі ў гэтым пытаньні».

Заяву падпісалі 20 незалежных экспэртаў ААН. Сярод іх спэцыяльны дакладчык аб правах чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, старшыні і сябры рабочых групаў у пытаньнях гвалтоўных або недобраахвотных зьнікненьняў, дыскрымінацыі жанчын, адвольных затрыманьняў і іншыя.

Незалежных экспэртаў у правах чалавека прызначае Рада правоў чалавека ААН. Яны не супрацоўнікі ААН, працуюць на добраахвотнай аснове і не атрымліваюць заробак у арганізацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG