Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акторы Купалаўскага тэатру адмаўляюцца паасобку сустракацца з дырэктарам, якога прызначылі замест Латушкі


Ля Купалаўскага тэатру 20 жніўня
Ля Купалаўскага тэатру 20 жніўня

Як сказалі Свабодзе ў Купалаўскім тэатры, 21 жніўня адбылася сустрэча супрацоўнікаў тэатру, дзе яны абмеркавалі «сытуацыю ня толькі ў тэатры, але і ў краіне».

«Мы ўпэўніліся ў разуменьні таго, што мы — адзінае цэлае. Пазыцыя, якую заняў Купалаўскі тэатар, не зьмянілася. Мы пацьвярджаем свой намер сысьці з тэатру ў выпадку невыкананьня заяўленых патрабаваньняў», — акрэсьлілі Свабодзе сваю пазыцыю супрацоўнікі Купалаўскага тэатру.

Паводле іх, цяпер яны ня могуць падаць заявы аб звальненьні, бо «афіцыйна тэатар адпраўлены на прастой» і ня ўсе маюць магчымасьць трапіць у будынак. Калектыву дагэтуль не прадставілі новага выканаўцу абавязкаў дырэктара, але, паводле папярэдняй інфармацыі, ён гатовы сустрэцца з «купалаўцамі» 25 жніўня і асабіста азнаёміцца з кожнай заявай на звальненьне.

«Мы адмаўляемся ад індывідуальных сустрэчаў зь дзейным выканаўцам абавязкаў дырэктара. Усе неабходныя пытаньні павінны вырашацца ў прысутнасьці ўсяго калектыву», — заяўляюць супрацоўнікі Купалаўскага тэатру. Яны кажуць, што цяпер «ясна разумеюць», што вяртаньне Паўла Латушкі на пасаду дырэктара тэатру немагчымае «ўжо празь незалежныя ад іх прычыны».

Патрабаваньні купалаўцаў да ўладаў

Супрацоўнікі Купалаўскага тэатру заявілі, што патрабуюць ад уладаў:

  1. Вызваліць усіх палітвязьняў і затрыманых падчас выбарчай кампаніі і мірных акцыяў, зьвязаных зь ёю.
  2. Расьсьледаваць усе выпадкі гвалту над пратэстоўцамі і выпадковымі людзьмі. Завесьці крымінальныя справы ў дачыненьні да сілавікоў, якія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі.
  3. Дапусьціць прадстаўнікоў СМІ, адвакатаў і мэдыкаў да тых, каго яшчэ трымаюць у ізалятарах.
  4. Спыніць ціск на супрацоўнікаў, якія ўдзельнічаюць у мірных акцыях пратэсту і выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю.
  5. Правесьці новыя выбары прэзыдэнта з новым складам ЦВК з допускам незалежных міжнародных і нацыянальных назіральнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG