Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны думаюць, што мы — быдла. Я ня згодны». Дактары пра ліст Караніку і акцыі пратэсту


Пратэст лекараў у Навінках. Ілюстрацыйнае фота.
Пратэст лекараў у Навінках. Ілюстрацыйнае фота.

Чым абураныя і чаго патрабуюць лекары, якія зьвярнуліся з адкрытым лістом да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка? Тлумачаць падпісанты ліста доктарка Эмілія Мезіна і дырэктар прыватнага мэдычнага цэнтру ў Менску Дзьмітрый.

«Чаму дагэтуль Міністэрства аховы здароўя не прызнала сытуацыю надзвычайнай?»

Эмілія Мезіна 8 гадоў працавала ў паліклініцы МУС. Яна выходзіла на ланцугі салідарнасьці лекараў у Менску, зьвярталася з адкрытым зваротам да сілавікоў з заклікам спыніць гвалт.

— Мы хацелі дыялёгу зь міністрам, хочам і цяпер. Тое, што на мітынгу быў правакатар, гэта ня тычыцца мэдычнай супольнасьці. Гаварыць зь міністрам было жаданьнем, яно захоўваецца дагэтуль. Мы хацелі б задаць пытаньне наўпрост. Чаму ён не адрэагаваў як міністар аховы здароўя на зьбіцьцё грамадзян, на тое, што беларусаў пачалі затрымліваць з траўмамі і да іх не дапускалі мэдыкаў?

Гэтыя факты ёсьць. Ён пра іх, напэўна, ведае. Чаму дагэтуль людзі шукаюць сваіх блізкіх і родных не па афіцыйных сьпісах Міністэрства аховы здароўя, а па сьпісах, створаных нейкімі ініцыятыўнымі групамі? Чаму дагэтуль сытуацыю з 9 жніўня Міністэрства аховы здароўя не прызнае надзвычайнай? Чаму сытуацыя з такой колькасьцю пацярпелых не прызнаецца надзвычайнай? Калі б так было прызнана адразу, то дзеяньні Караніка і яго адказ, напэўна, мэдычная супольнасьць успрымала б інакш. Тады б мы разумелі, што Мінздароўя ўзначаліла працу падчас надзвычайнай сытуацыі. У дадзеным выпадку мы можам толькі казаць пра пасобніцтва.

— Якая колькасьць дактароў цяпер знаходзіцца ў кантакце, абмяркоўваючы сытуацыю па ўсёй кране?

— У групу ў сацыяльнай сетцы, у якой гэта актыўна абмяркоўваецца, уваходзіць каля 6 тысяч мэдыкаў. Гэта тое, што я бачу. Але ёсьць і іншыя групы, яны ствараліся самі па сабе, спантанна. У той групе, у якой знаходжуся я, ёсьць і намесьнікі міністра, і начальнікі ўпраўленьняў. Яны бачаць усе рэплікі, усю перапіску, што кажуць наўпрост мэдычныя работнікі.

Нельга агулам сказаць, што Мінздароўя бязьдзейнічала. Не, канечне. Пытаньне ў ацэнцы сытуацыі, у тым, на якім баку знаходзіцца Міністэрства аховы здароўя. Гэта прынцыпова. Калі яны з намі, калі яны нас падтрымліваюць, яны павінны выказацца публічна і прызнаць цяперашнюю сытуацыю надзвычайнай для Беларусі.

— Ці былі пагрозы, звальненьні дактароў, якія адкрыта выказваюць сваю пазыцыю?

— Былі, але ня ўпэўнена, што нехта будзе пра гэта казаць публічна.

«Я бачыў на свае вочы, у якім стане выходзілі людзі з ізалятара»

Уладальнік менскага прыватнага мэдычнага цэнтру Дзьмітрый выступаў на мітынгу каля Міністэрства аховы здароўя 17 жніўня.

— Я быў дастаткова апалітычным чалавекам, але цяпер я выказаў свой пункт гледжаньня наконт вынікаў выбараў, якія абвясьціў ЦВК. Што тычыцца пазыцыі Мінздароўя. Калі я даведаўся ў сярэдзіне мінулага тыдня, што пачалі выпускаць зьняволеных з Акрэсьціна, як сьвядомы чалавек я прыехаў, каб каго-небудзь адвезьці дадому, Там было шмат валянтэраў, і мая дапамога практычна не спатрэбілася, хоць аднаго чалавека з Акрэсьціна ўсё ж я адвёз.

Я бачыў на свае вочы, у якім стане выходзілі людзі з ізалятара. Многія дзяўчыны знаходзіліся ў псыхалягічным шоку, а многія мужчыны мелі сур’ёзныя фізычныя пашкоджаньні. І калі міністар аховы здароўя публічна кажа, што ён ня быў у курсе фактаў, якія адбываліся на тэрыторыі пэнітэнцыярных установаў, мякка кажучы, гэта гаворыць пра ягоны ўзровень інфармаванасьці, кампэтэнцыі, прафэсіяналізму і каардынацыі зь іншымі ведамствамі.

Такое выказваньне чыноўніка высокага рангу нічога не выклікае ў нармальнага чалавека са здаровай псыхікай, акрамя абурэньня і пратэсту. Таму, калі я даведаўся, што будзе сустрэча ля сьцен Мінздароўя, палічыў грамадзянскім абавязкам прыйсьці і выказаць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Мне не падабаецца, што факты замоўчваюцца, што міністэрства паводзіць сябе так, нібыта нічога істотнага не адбылося.

Па-ранейшаму аказваецца сурʼёзны ціск на дактароў, дактары баяцца агалошваць канкрэтныя факты. Дастаткова складана дамагчыся адэкватнай судова-мэдычнай экспэртызы. Я зьяўляюся ня самым дрэнным падаткаплатнікам Беларусі, мне не падабаецца, што я плачу падаткі, а на мае падаткі дзяржава са сваімі прамымі функцыямі дрэнна спраўляецца.

— Вы ўладальнік прыватнай мэдычнай кампаніі. Што цяпер прыватны мэдычны бізнэс можа зрабіць?

— У кароткатэрміновай пэрспэктыве можа падтрымаць тых, хто пацярпеў. Ён таксама можа падтрымліваць дзяржаўную сыстэму аховы здароўя, як гэта адбылося ў пэрыяд першай хвалі пандэміі. Я ведаю, што шмат прыватных мэдычных цэнтраў бясплатна аказваюць мэдычную дапамогу пацярпелым — і плястычныя хірургі, і стаматолягі, і гінэколягі (ёсьць і такія траўмы), і траўматолягі. Вялікія мэдычныя цэнтры аказваюць падтрымку. Беларусы, яны вялікія малайцы, згуртаваліся перад бядой, хоць бяда рукатворная, скажам так.

У доўгатэрміновай пэрспэктыве ня ведаю, што будзе. Можа, усіх, хто актыўна выказвае сваю пазыцыю, будуць душыць, «забіваць», пазбаўляць бізнэсу. Я такі сцэнар таксама дапускаю. Мы ўсе хочам перамен да лепшага, мы хочам, каб з нашай думкай лічыліся, каб была пачута думка большасьці. Прэмʼер-міністар назваў уладу большасьці не дэмакратыяй, а ахлакратыяй. Гэта кажа пра тое, як яны пра нас думаюць, што мы — быдла, статак, які ня трэба і слухаць. З такой пазыцыяй я ня згодны і хачу, каб усё было як у нармальнай дэмакратычнай краіне ў цэнтры Эўропы ў 21 стагодзьдзі.

  • 18 жніўня звыш 300 лекараў зьвярнуліся да міністра Караніка. Падпісанты адкрытага звароту абураныя і расчараваныя тым, што цяпер адбываецца ў сыстэме аховы здароўя краіны. Яны крытыкуюць міністра за адсутнасьць дыялёгу і ініцыятывы ў дапамозе пацярпелым падчас пратэстаў.
  • Лекары патрабуюць забясьпечыць допуск спэцыялістаў у месцы зьняволеньня і не перашкаджаць кантактам дактароў з прэсай.
  • «Міністэрства аховы здароўя павінна арганізаваць цэнтралізаваны збор інфармацыі аб пацярпелых падчас мірных акцый і штодня інфармаваць грамадзкасьць аб колькасьці і стане здароўя пацярпелых, якія знаходзяцца ў стацыянарах, штодня прадстаўляць інфармацыю аб колькасьці тых, хто зьвярнуўся па амбуляторную дапамогу з прычыны траўмаў, атрыманых падчас мірных пратэстаў, бесьперашкодна прадстаўляць інфармацыю ўсім журналістам».
  • Яны тлумачаць, што ня маюць этычнага права на забастоўку і таму заклікаюць Міністэрства аховы здароўя даказаць, што лекары не бясьсільныя, і спыніць гвалт.
  • У лісьце гаворыцца, што многія пацыенты, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту, траплялі ў мэдустановы з кулявымі раненьнямі рознай лякалізацыі, у тым ліку пранікальнымі, з пашкоджаньнем унутраных органаў, мінна-выбуховымі траўмамі, у тым ліку з пашкоджаньнем галаўнога мозгу, траўматычнай ампутацыяй канцавінаў, шырокімі дэфэктамі мяккіх тканак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG