Сьвятлану Ціханоўскую вывезьлі з краіны беларускія ўлады, яе ад’езд дазволіў вызваліць начальніцу яе штабу Марыю Мароз, затрыманую напярэдадні выбараў, заявіла Tut.by давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова.
11 жніўня Сьвятлана Ціханоўская апублікавала відэазварот да беларусаў:
«У Сьвятланы не было выбару, беларускія ўлады вывезьлі яе з краіны. Важна, што яна на волі і жывая. Выезд Сьвятланы дазволіў вызваліць Марыю Мароз, якая была закладніцай у гэтай сытуацыі, яны зьехалі разам», — казала Кавалькова.
Аднак у закладніках працягвае знаходзіцца частка каманды Сьвятланы Ціханоўскай, адзначыла Вольга Кавалькова.
Паводле Кавальковай, рашэньне Ціханоўскай пакінуць краіну нічога не мяняе.
«Сьвятлана перамагла на выбарах, мы ўсе перамаглі, мы зрабілі немагчымае. Там, дзе камісіі палічылі галасы сумленна, Ціханоўская набрала ад 60% да 70%, у Новай Баравой — 90%, гэтаму ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні — копіі пратаколаў.
Яе выезд з краіны не адмяняе нашай перамогі і паразы ўлады, беларусы ніколі ня прымуць Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, у яго перамогу людзі ня вераць. Улады павінны гэта прызнаць і пачаць дыялёг; калі няма дыялёгу, то ў людзей ёсьць адзіны выбары — гэта пратэсты», — заявіла Кавалькова.
Яна лічыць, што цяпер у эскаляцыі пратэсту вінаватыя выключна ўлады, якія не пакінулі людзям выбару. Кавалькова заклікала іх спыніцца і пайсьці на дыялёг. «Як бы нам усім ні было цяжка, нам трэба адмовіцца ад гвалту, мы павінны абараняць нашу перамогу легальнымі, негвалтоўнымі спосабамі», — дадала яна.
Кавалькова заклікала ўсе дэмакратычныя сілы і прыхільнікаў пераменаў аб’ядноўвацца і паабяцала, што 11 жніўня штаб Ціханоўскай будзе праводзіць экстраныя кансультацыі і дамаўляцца аб сумесных дзеяньнях.
Кавалькова: На працягу дня Ціханоўская зробіць заяву, у якой растлумачыць прычыны свайго ад‘езду
Пазьней Вольга Кавалькова ў інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Захад» пацьвердзіла, што, на яе думку, «Сьвятлана прыняла рашэньне выехаць з краіны пад ціскам беларускіх уладаў». «Да яе паходу ў ЦВК ні пра які ад'езд не ішло гаворкі», — падкрэсьліла яна.
Давераная асоба сьцьвярджае, што ў ЦВК зь Ціханоўскай праводзіў размову «прадстаўнік улады», якога Кавалькова адмовілася назваць. «Я не магу зараз назваць, але гэта быў прадстаўнік улады», — сказала яна.
Кавалькова лічыць, што «ў гэтай сытуацыі ў Сьвятланы ўжо не было выбару». Пры гэтым яна яшчэ раз падкрэсьліла, што «Ціханоўская не плянавала пакідаць Беларусь».
Паводле Кавальковай, на працягу дня Ціханоўская зробіць заяву, у якой растлумачыць прычыны свайго ад‘езду зь Беларусі ў Літву.
Адміністрацыя прэзыдэнта Літвы падтрымлівае сувязь зь Ціханоўскай
Адміністрацыя літоўскага прэзыдэнта падтрымлівае сувязь са Сьвятланай Ціханоўскай, паведаміў прадстаўнік кіраўніка краіны.
«Адміністрацыя прэзыдэнта падтрымлівае пастаянную сувязь са Сьвятланай Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву. Цяпер яна адпачывае. Прэзыдэнт быў праінфармаваны аб прыбыцьці Ціханоўскай у Літву ў аўторак», — паведаміў BNS прадстаўнік прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы Антанас Бубняліс.
Раніцай 11 жніўня стала вядома, што кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву. Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Прэс-сакратарка штабу Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што пакуль асабіста не змагла зь ёй зьвязацца, але заявіла, што ад’езд Ціханоўскай «нічога не мяняе».
«Яна зрабіла, што змагла, падняла і натхніла народ, дамаглася электаральнай перамогі. Далей людзі будуць дзейнічаць безь яе, яны пратэстуюць не за Ціханоўскую, а за сябе, свае семʼі і свой народ», — сказала Красуліна.
Як далей будзе дзейнічаць штаб, Красуліна пакуль сказаць не гатовая, але яна ўпэўнена, што пратэсты працягнуцца.
10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу пайшла падаваць у ЦВК скаргу аб парушэньнях падчас правядзеньня выбараў. Яна прабыла ў ЦВК больш за 3 гадзіны. Паводле прэс-сакратаркі штабу Ганны Красулінай, пасьля таго як Ціханоўская выйшла з ЦВК, яна сказала: «Я прыняла рашэньне» - і зьехала ў невядомым кірунку.
Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасьля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак. Паводле яго, Ціханоўскую нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасьць дзеяньняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам. Ён кажа, што кандыдатка ў прэзыдэнты на волі і сама пракамэнтуе ўсё пазьней.
10 жніўня кіраўнік КДБ Беларусі Валеры Вакульчык заявіў, што з прычыны магчымых правакацыяў і замаху на жыцьцё Ціханоўскай ведамства выдзеліла 120 падрыхтаваных супрацоўнікаў для аховы аб'яднанага штабу ў дзень выбараў прэзыдэнта.
«Напярэдадні вечарам з так званага аб’яднанага штабу намі была атрыманая інфармацыя аб тым, што яны асьцерагаюцца правакацыі і замаху на жыцьцё Ціханоўскай. Літаральна перад гэтым ГУБАЗіК МУС па лініі барацьбы з экстрэмізмам перахапіў паведамленьне: патрэбна сакральная ахвяра», — заявіў Вакульчык у этэры тэлеканалу АНТ.