Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выйшла з ЦВК, сказала «Я прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня
Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня

Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі аб’яднанага штабу падалі ў Цэнтральную выбарчую камісію скаргу аб парушэньнях падчас правядзеньня выбараў. Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасьля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак.

Ціханоўская з паплечнікамі ўвайшла ў ЦВК каля 16-й гадзіны. Праз тры гадзіны з ЦВК выйшаў Максім Знак з паплечнікамі. Паводле яго, «прадстаўнікі дзяржаўных органаў» правялі зь Ціханоўскай размову, на якой ён не прысутнічаў. Кандыдатку ў прэзыдэнты нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасьць дзеяньняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам.

Паводле Знака, Ціханоўская пакінула будынак празь іншы ўваход. Ён кажа, што кандыдатка ў прэзыдэнты на волі і сама пракамэнтуе ўсё пазьней.

Каля 21.30 прэс-сакратарка штабу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што Ціханоўская, пасьля таго як выйшла з ЦВК, сказала «Я прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. Якое рашэньне прыняла кандыдатка, у штабе ня ведаюць.

Цяпер штаб ня мае зь ёю сувязі.

Марыя Калесьнікава паведаміла журналістам каля 22.00, што Ціханоўская падавала скаргу з Максімам Знакам: «Мне вядома, што Сьвета сказала, што яна хоча быць са сваімі дзецьмі, і што яна пакінула будынак ЦВК празь іншы ўваход». Таксама Калесьнікава заклікала людзей на вуліцы прытрымлівацца законнасьці і ня весьціся на правакацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG