Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марціновіч: Нават 3% могуць кіраваць краінай, калі палова зь іх — міліцыя і КДБ


Пратэсты ў Менску, ноч з 9 на 10 жніўня
Пратэсты ў Менску, ноч з 9 на 10 жніўня

Афіцыйныя вынікі выбараў і пратэсты, якія пачаліся ўвечары 9 жніўня, мы папрасілі пракамэнтаваць пісьменьніка Віктара Марціновіча.

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Сьцісла

  • Нават 3% могуць кіраваць краінай, калі палова зь іх — гэта міліцыя і КДБ, а другая палова — чальцы выбарчых камісіяў і прыўладныя сацыёлягі.
  • У Беларусі 1 мільён чалавек, залежных ад дзяржаўнага бюджэту. Гэта і ёсьць электаральная база Лукашэнкі плюс яго апантаныя прыхільнікі.
  • Мы маем неструктураванае, аморфнае, а таму бясплённае супрацьстаяньне бесклясавага кшталту. Гэта проста стыхійны выплюх энэргіі, падобны на той, які быў падчас маўклівых пратэстаў у 2011 годзе.
  • Твары пратэстоўцаў, якія мы бачым, асабліва ў рэгіёнах — гэта не хіпстэры.
  • Тое, што ўсё адбываецца даволі стыхійна і неарганізавана, часткова тлумачыцца разумнай пазыцыяй Сьвятланы Ціханоўскай, якая нікога нікуды не заклікала, якая адчувае сваю маральную адказнасьць.

— Віктар, агучаныя папярэднія афіцыйныя вынікі выбараў: за Лукашэнку — 80.23%, за Ціханоўскую 9.9%. Гэта супярэчыць адчуваньням многіх людзей, супярэчыць зьвесткам зь некаторых участкаў, дзе Ціханоўская нават перамагла. Вашае меркаваньне — наколькі гэтыя лічбы адэкватныя? Папросту кажучы — хто выйграў?

— Мяне ў гэтых лічбах уражвае нахабства. Эмоцыі ва ўсіх зараз проста зашкальваюць. Былі б разумныя — намалявалі б 51%. Але паказьнік у больш за 80% — гэта нават не адарванасьць ад жыцьця, а менавіта крутое нахабства. Нават 3% могуць кіраваць краінай, калі палова зь іх — гэта міліцыя і КДБ, а другая палова — чальцы выбарчых камісіяў і прыўладныя сацыёлягі. Гэтая меншасьць будзе называць сябе большасьцю і ад нашага імя будзе кіраваць краінай.

— А акрамя людзей у пагонах і чальцоў выбарчых камісіяў у Лукашэнкі засталася нейкая масавая падтрымка? Магчыма, гэта маўклівая частка грамадзтва, але яна ёсьць?

— Яны ня толькі маўклівыя, але і няісныя, празрыстыя. Мы ж бачылі колькасьць удзельнікаў мітынгаў за Лукашэнку і за Ціханоўскую. Зараз Лукашэнку падтрымлівае 3-5% людзей, якія яму вераць, і яшчэ прыкладна 20-25%, якія знаходзяцца на службе. Тут ня толькі міліцыя, сілавы блёк, гэта ўсе дзяржслужбоўцы. Некалі сацыёляг Алег Манаеў казаў, што ў Беларусі 1 мільён чалавек, залежных ад дзяржаўнага бюджэту. Гэта і ёсьць электаральная база Лукашэнкі плюс яго апантаныя прыхільнікі.

— Але ў любым грамадзтве частка людзей падтрымлівае існую ўладу проста таму, што яна ўлада, таму, што яны ня хочуць і баяцца любых пераменаў. Формула — абы не было горай. Такія людзі ж таксама могуць быць.

— Могуць быць і людзі, якія прыляцелі з Марсу. Але тое, што я бачу на свае вочы і чую ў размовах, гэта кардынальнае перафарматаваньне былой базы падтрымкі Лукашэнкі. Трэба пахадзіць па горадзе і паслухаць размовы бабулек ля пад’ездаў.Але і пэнсіі сталі такімі жабрацкімі, што далей трываць немагчыма. Думка, што абы не было горай, не працуе, калі горай ня можа быць.

— І наступнае пытаньне — пра пратэсты. Я памятаю, як тэлефанаваў вам у 19 сьнежня 2010 году, вы ішлі з калёнай да плошчы Незалежнасьці і казалі пра незвычайны варушняк. Зараз большы варушняк?

— Дзеля зьмены ўлады патрэбная рэвалюцыя. Рэвалюцыя — гэта дзеяньне, на якое прынцыпова няздольныя нявольнікі. Яны здольныя толькі на бунты. Каб зьдзейсьніць рэвалюцыю, патрэбная кляса, здольны стаць кіроўнай клясай. Мы мае неструктураванае, аморфнае, а таму бясплённае супрацьстаяньне бесклясавага кшталту. Гэта проста стыхійны выплюх энэргіі, падобны на той, які быў падчас маўклівых пратэстаў у 2011 годзе. Што мяне пазбаўляю ад аптымізму, дык гэта памяць пра тое, чым усё тады скончылася. Зараз ёсьць нагода, былі выбары, сумнеў у тым, што агучаныя лічбы — сапраўдныя. Але я ня бачу падставаў для зьменаў. Тое, што адбылося 9 жніўня пасьля выбараў, да зьменаў не вядзе. Да чаго вядзе? Магчыма, да таго, што апісана Германам Садулаевым у рамане «Іван Аўслэндэр» — да карнавальнага змаганьня са зьмеям, каб перамога зьмея была больш пераканаўчай.

— Чаму карнавальнай? Людзі кроў пралівалі, людзі пацярпелі, 3 тысячы затрыманых. Гэта ў 4 разы болей, чым ў сьнежні 2010 году. А шмат людзей былі затрыманыя яшчэ да 9 жніўня. Цікавую думку выказаў Лукашэнка — у рэчышчы вашых развагаў пра клясы. Ён сказаў, што яго апанэнты спрабуюць зладзіць буржуазную рэвалюцыю. Паводле яго дробныя буржуа хочуць захапіць уладу ў краіне. Можа можа ён і меў рацыю ў сваім клясавым аналізе? Можа проста гэтая беларуская буржуазія пакуль слабая?

— Апірышчам Лукашэнкі заўсёды былі прамежкавыя страты грамадзтва паміж вёскай і горадам. Гэтыя людзі жылі па законах вёскі. Усё — ад сьвята гораду да дэкрэту аб дармаедах — было скіраванае на іх успрыняцьцё. Разгон Плошчы ў 2010 годзе быў вытрыманы ў стылістыцы «пагналі нашыя гарадзкіх» — мажныя вясковыя хлопцы давалі ў косьці гарадзкім. Цяпер усе вясковыя перабраліся ў Менск. А горад жыве па іншых законах. Гэтыя законы патрабуюць пэўных свабодаў.

— Я памятаю красавік 1991 году — велізарныя страйкі. Як калёны рабочых з МТЗ і МАЗу ішлі да цэнтру Менску. Сёлета вынікі выбараў абвясьцілі ў панядзелак, у працоўны дзень. А чаму ў адказ на тое, што вы назвалі нахабствам, калёны абураных рабочых ня рушылі да цэнтру? Яны ж таксама гараджане.

— Фэномэн красавіцкіх страйкаў 1991 году — суплёт рэзкага зьбядненьня і адкручваньня гаек. Свабода плюс зьбядненьне. І рабочыя прыгадалі, што ёсьць такая рэч, як палітыка. Апазыцыя сёлета ўсю кампанію мысьліла катэгорыямі паўтарэньня 1991 году. І ўлада спрабавала супрацьстаяць паўтору 91-га году. Але цяпер калі выйдзе Аўтаз, вы гэта ня надта заўважыце. Колькасьць работнікаў на дзяржпрадпрыемствах, многія зь якіх у заняпадзе, зусім ня тая, што была ў 1991 годзе. Да таго ж я не выключаю, што частку пратэстоўцаў 9 жніўня складалі рабочыя. Твары пратэстоўцаў, якія мы бачым, асабліва ў рэгіёнах — гэта не хіпстэры. На мітынгах Ціханоўскага было цяжка адрозьніць удзельнікаў ад «ціхароў». Ён згуртаваў вакол сябе брутальных «біткоў». Тое, што адбываецца даволі стыхійна і неарганізавана, часткова тлумачыцца разумнай пазыцыяй Сьвятланы Ціханоўскай, якая нікога нікуды не заклікала, якая адчувае сваю маральную адказнасьць.

— Віктар, і які ваш прагноз?

— На жаль, я застаюся пэсымістам. Каб патрапіць з прагнозам, што будзе ў беларускай палітыцы, трэба абіраць самы горшы сцэнар.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG