Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавалі справаздачу па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй.
Высновы. Сьцісла
- Агітацыйная кампанія істотна адрозьнівалася ад папярэдніх выбараў у Беларусі шырокай пратэставай актыўнасьцю людзей — як у Менску, так і ў невялікіх гарадах.
- Магчымасьць атрымліваць інфармацыю пра альтэрнатыўных кандыдатаў сур’ёзна абмежавалі мясцовыя выканкамы, якія рэзка скарацілі колькасьць месцаў для перадвыбарчай агітацыі, шмат якія месцы былі непрыдатныя для агітацыі (маланаведвальныя, у дрэннай транспартнай даступнасьці і іншае).
- Праявы актыўнасьці ўдзельнікаў кампаніі і выбарнікаў па-за месцамі, вылучанымі для агітацыі, кваліфікавалі як парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за што каралі штрафамі і арыштамі.
- Перадвыбарчая агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: адмовіўшыся ад афіцыйнай агітацыі, дзейны кіраўнік Беларусі максымальна скарыстаў адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вэртыкалі ўлады, праўладных грамадзкіх арганізацый і СМІ. Штогадовае пасланьне, перанесенае на 4 жніўня, таксама паслужыла агітацыі за Лукашэнку.
- У рэгіёнах у працоўны час і на працоўных месцах інтэнсіўна арганізоўвалі сустрэчы давераных асобаў Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады з працоўнымі калектывамі. Сустрэчы не заўжды анансавалі, на некаторыя не пускалі журналістаў ці забаранялі фатаграфаваць.
- Павышэньне пэнсій і больш раньні тэрмін іх выплаты з ініцыятывы Лукашэнкі зьяўляецца фактычна подкупам выбарнікаў і выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу.
- Найбольш актыўнай і заўважнай у грамадзтве стала кампанія кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай разам з прадстаўніцамі аб’яднанага штабу. Мітынгі ў яе падтрымку наведалі дзясяткі тысяч людзей у розных гарадах Беларусі.
- Штабы альтэрнатыўных кандыдатаў актыўна выкарыстоўвалі інтэрнэт, сацсеткі, YouTube для агітацыі.
- Дзяржаўныя СМІ агітацыю за Лукашэнку спалучалі з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных кандыдатаў. У эфіры беларускага тэлебачаньня рэгулярна казалі пра крымінальны перасьлед прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, агучвалі матэрыялы крымінальных спраў, што парушае прэзумпцыю невінаватасьці.
- Для прасоўваньня нэгатыўнага вобразу альтэрнатыўных кандыдатаў і іх праграм, іх дыскрэдытацыі ўпершыню актыўна выкарыстоўвалі Telegram-каналы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.