Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэмінісцкія і ЛГБТК+ арганізацыі Беларусі выказалі салідарнасьць зь Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкалай


Чатырнаццаць праваабарончых, фэмінісцкіх і ЛГБТК+ арганізацый Беларусі падпісаліся пад адкрытым лістом да Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы, у якім яны выказваюць сваю салідарнасьць.

На пачатку ліста аўтары адзначаюць:

«Мы жывем у дзяржаве, дзе жанчынам не даюць права голасу. Беларускі масава сутыкаюцца з гвалтам ад мужаў і партнэраў. Беларусак не абараняе закон ад хатняга гвалту — ад яго распрацоўкі адмовіліся. У Беларусі жанчыны зарабляюць на чвэрць менш за мужчын. У Беларусі пад маркай абароны рэпрадуктыўнага здароўя жанчын уведзены сьпіс забароненых для іх прафэсій. Беларускіх жанчын не дапускаюць да рэальных кіраўнічых пасад. Беларускім жанчынам вельмі цяжка прабіцца ў вайсковую справу — а тым, каму ўдалося, даводзіцца даказваць сваю прафэсійную прыдатнасьць».

І працягваюць:

«26 гадоў у беларускай палітыцы гулялі паводле жорсткіх правілаў. Падзел, падаўленьне, падпарадкаваньне, перасьлед. Ніхто не ўспрымаў жанчын сур’ёзна — а цяпер менавіта жанчыны дамовіліся, абʼядналіся, павялі за сабой. Нягледзячы на пагрозы, забароны і абвінавачваньні».

Ліст адзначае цяжкую сытуацыю ЛГБТК-супольнасьці ў Беларусі:

«ЛГБТК-супольнасьць у Беларусі паддадзеная велізарнай дыскрымінацыі, а слова „фэмінізм“ успрымаецца амаль што як лаянка. Тым ня менш мы частка беларускага грамадзтва. Мы маем права голасу. І мы не баімся выкарыстоўваць гэтае права, каб гаварыць аб нашай пазыцыі. Мы — праваабаронцы, фэміністкі і прафэміністы, ЛГБТК-актывісткі і актывісты — дзейнічаем у розных сфэрах і ідзем да розных мэтаў. Але ўсіх нас абʼядноўвае неталерантнасьць да любога гвалту і імкненьне да грамадзтва без дыскрымінацыі».

Аўтары ліста зьвяртаюцца асабіста да Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы:

«Мы зьвяртаемся да вас, дарагія Святлана, Марыя і Вераніка. Вы падарылі надзею многім людзям Беларусі. Мы як супольнасьць выказваем вам сваю салідарнасьць. Мы захапляемся вашымі мэтадамі, беражлівым стаўленьнем да нашых грамадзян і грамадзянак. Нягледзячы на перашкоды, вы знаходзіце законныя спосабы гаварыць зь людзьмі і натхняць іх на супраціў беззаконьню. Мы верым у вас! Тры жанчыны з розным вопытам — разам вы непераможныя.

Вы — сымбаль новай эпохі ў гісторыі Беларусі. Вашы дзеяньні сталі першым крокам да пабудовы грамадзтва, у якім заслугі жанчын будуць заўважаць і шанаваць».

Ліст падпісалі:

«Маршыруй, дзетка!», ініцыятыва па прыняцьці закону аб хатнім гвалце;
Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын «Яе права»;
«Прававая ініцыятыва», рэспубліканскае грамадзкае абʼяднаньне;
MAKEOUT, антыдыскрымінацыйны ЛГБТ+ праект;
«Справа Пі», кампанія супраць гамафобіі памяці Мішы Пішчэўскага;
«Новыя Рэгіёны», інтэрсэкцыянальная ЛГБТК+ ініцыятыва;
SheerQueer, гарызантальная актывісцкая прафэм-група;
«тэндэр на гендэр», нізавая квір-фэмінісцкая ініцыятыва;
Больш Цэла, ініцыятыва аб бодыпазытыве і расстройстве харчовых паводзінаў;
Маладыя Людзі+, моладзевая ініцыятыва для ВІЧ-станоўчых людзей;
INTER, інтерсэкцыянальная ініцыятыва;
Крос-каштоўнасная антыплятформа antiplatforma.by;
Эўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі;
#CалідарныЯ, грамадзянская ініцыятыва;
Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА», арганізацыя «Останови насилие».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG