Затрыманаму 29 ліпеня ў Гомелі паліттэхнолягу Віталю Шкляраву выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ), паведаміў Tut.by адвакат Антон Гашынскі.
Паводле гэтага артыкулу выставілі абвінавачаньне таксама шэрагу беларускіх палітыкаў і актывістаў, шмат зь якіх зьвязаныя з камандай зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага (у тым ліку і самому Ціханоўскаму). Беларускія праваабаронцы прызналі фігурантаў «справы Ціханоўскага» палітычнымі зьняволенымі. Паводле гэтага артыкулу могуць пакараць штрафам, арыштам, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў.
Шкляраў меў статус падазраванага ў «справе блогера Сяргея Ціханоўскага», якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Паводле дзяржаўных СМІ,
- Шкляраў быў кансультантам праекту Ціханоўскага «Страна для жизни»,
- мабілізаваў пратэставы электарат вакол яго,
- кантраляваў Ціханоўскага і мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова.
У чэрвені, у інтэрвію Свабодзе, Шкляраў зьняпраўдзіў, што зьяўляецца паліттэхнолягам Ціханоўскага.
Адвакат кажа, што Шкляраў упэўнены ў палітычных матывах затрыманьня — за камэнтары ў ягоным блогу. Зьняволены скардзіцца на ціск з боку адміністрацыі СІЗА, як то прэтэнзіі да няголенасьці і пагрозы карцарам. Шкляраў таксама наракае на пагаршэньне здароўя і адарванасьць ад навінаў.
Беларус Віталь Шкляраў працаваў у выбарчых кампаніях Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ксеніі Сабчак і грузінскай апазыцыі. Ён стала жыве ў ЗША. Цяпер быў у Беларусі, бо ў Гомлі жывуць яго бацькі.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.