Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Cёньня ці заўтра, усё роўна буду за яго галасаваць». Чаму гарадзенцы галасуюць датэрмінова


Датэрміновае галасаваньне ў Горадні/
Датэрміновае галасаваньне ў Горадні/

Бо ўпэўненыя ў кандыдаце, бо зьяжджаюць, бо «мала што можа быць потым» — гарадзенцы расказалі, чаму ідуць на датэрміновыя выбары.

Ранкам на ўчастак у Кастрычніцкім раёне Горадні, што месьціцца ў інтэрнаце, у першы выбарчы дзень, 4 жніўня, выбаршчыкі прыходзяць рэдка. На кабінках тут фіранкі, а за працэсам сочыць незалежны назіральнік.

На выбарчым участку ў Горадні
На выбарчым участку ў Горадні

Дзяўчына ў квяцістай сукенцы галасуе сёлета сярод першых.

«Бо ведаю, за каго. Усё можа быць потым. Лепей зрабіць тое, што можна, раней», — з усьмешкай кажа яна і дадае, што пакіне імя свайго кандыдата ў сакрэце.

«Бо ведаю, за каго»
«Бо ведаю, за каго»

Участак у горадзенскай школе № 11 пільнуе ахоўнік у мэдычнай масцы і белай кепцы. Усіх, хто прыходзіць, ён сустракае шырокім жэстам і жвавым вітаньнем.

«Добры дзень. Даруйце, калі ласка. Вашая мэта прыбыцьця?», — пытаецца ён у журналістаў, якія яшчэ не зайшлі на ўчастак, а чакаюць на школьным падворку.

«Вы ж разумееце, што ніякія экзыт-полы, нічога такога?» — выходзіць на вуліцу дырэктарка школы і расказвае, як трэба сябе паводзіць.

Ахоўнік ціха кажа назіральніку сваё меркаваньне: «Гэтая прэса ня тая, якая патрэбная, гэта бээнэфаўцы». — «Калі вы бачылі апошняга бээнэфаўца?» — з усьмешкай пытаецца ў яго назіральнік.

Ахоўнік
Ахоўнік

З участку хутка выходзіць малады чалавек. Яму 23, імя і род заняткаў афішаваць ня хоча, бо «мала што там будзе». Кажа, у нядзелю паедзе ў працоўную камандзіроўку, таму ня зможа прагаласаваць у асноўны дзень. Да датэрміновага галасаваньня ставіцца неадназначна.

«Хочацца перамен»
«Хочацца перамен»

«З аднаго боку, стаўлюся добра, бо ёсьць магчымасьць прагаласаваць загадзя. Зь іншага боку, незразумелае адчуваньне, быццам ёсьць кропелька падману. Але паглядзім, што будзе», — прызнаецца ён.

Галасуе другі раз у жыцьці. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах ня памятае такога «ажыятажу», сёлета яму «ўсё цікава».

«Народ сёлета не выходзіць на вуліцы, не мітынгуе, як гэта было ў 2010, 2015 годзе. Я не прытрымліваюся таго, што трэба выходзіць на вуліцу, крычаць нешта», — разважае маладзён. Адначасна дадае, што бачыў мітынгі Ціханоўскай.

Найбольш яму блізкая кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская, бо «хочацца перамен». Перадусім суразмоўца хацеў бы палепшыць жыцьцё сваім бацькам, каб тыя атрымлівалі пэнсію большую, чым 300 рублёў.

«Там яно само ўжо будзе мяняцца», — разважае гарадзенец.

Многія адмаўляюцца казаць, чаму прыйшлі на выбары не 9 жніўня. Хтосьці коратка адказвае, што заўжды галасуе датэрмінова, або тлумачаць, што сьпяшаюцца, або — што ўжо старэнькія, каб даваць камэнтары.

Гарадзенка, якая заўжды галасуе датэрмінова
Гарадзенка, якая заўжды галасуе датэрмінова

На ўчастак прыйшоў назіральнік Андрэй Навасяльчан, які вылучыўся ад групы грамадзян. Ён мае час назіраць толькі на выходных. Аднак старшыня камісіі яму паведаміла, што яго пусьцяць толькі ў выпадку, калі будзе менш за тры назіральнікі ў будзённыя дні і менш за пяць у асноўны дзень выбараў. Ён пасьпеў заўважыць, што на ўчастку няма кабінак, выбаршчыкі робяць пазнакі ў бюлетэні на адкрытай тумбе.

Андрэй Навасяльчан
Андрэй Навасяльчан

Андрэй працуе праекціроўшчыкам у дзяржаўнай арганізацыі. Назіральнікам ідзе, «каб злавіць бандытаў за руку». Двойчы раней назіраў за рэфэрэндумам і выбарамі ў 2004 і 2006 гадах.

«Я наглядзеўся гэтага жульніцтва. Я бачыў, як стос за Мілінкевіча ператварыўся ў стос за Лукашэнку», — успамінае ён 2006 год.

Ён згадаў, як сябры выбарчай камісіі падпісвалі пусты пратакол, перад тым як туды ўносілі лічбы, а старшыня ўдакладняла канчатковыя лічбы ў раённай камісіі.

Мікалай Галай выходзіць з участку, што ў гарадзкой гімназіі ў цэнтры Горадні. Мужчыну 82 гады. Ён галасуе ў першы дзень выбараў, бо на выходных унучка выходзіць замуж. Але прычына ня толькі ў вясельлі.

Мікалай Галай
Мікалай Галай

«Я глыбока перакананы ў адным чалавеку, за якога буду галасаваць. Розьніцы няма, сёньня ці заўтра, усё роўна буду за яго галасаваць. За Аляксандра Рыгоравіча, іншага нам ня трэба. Гаспадар, сапраўдны гаспадар... Усё ў маіх дзяцей і ўнукаў нармальна, праца ёсьць. Яны жывуць лепей, чым мы жылі ў іхнія гады», — тлумачыць свой нязьменны ад 1994 году выбар спадар Мікалай.

Сёлета датэрміновае галасаваньне ў Беларусі праходзіць з 4 па 8 жніўня. Асноўны дзень выбараў — 9 жніўня.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG