Кіраўнік каталіцкага касьцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і праваслаўны мітрапаліт Павел зьвярнуліся да беларускіх вернікаў з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.
Кандрусевіч: выбары павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі да апанэнтаў са свабодным волевыяўленьнем народу
У звароце да вернікаў Тадэвуш Кандрусевіч адзначае, што Касьцёл «ня можа выказвацца за таго ці іншага кандыдата», аднак нагадвае, што «ўдзел у выбарах зьяўляецца праявай адказнасьці і сталасьці ў будаваньні будучыні нашай краіны», якую беларусы павінны выбіраць «не пад уплывам эмоцый, але плёнам сталага роздуму, згоднага з сумленьнем».
Дзеля гэтага, адзначае Кандрусевіч, трэба «ня толькі ўважліва вывучыць праграмы кандыдатаў з палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага пунктаў гледжаньня, але і ўзяць пад увагу іх адносіны да сацыяльнага вучэньня Касьцёла і агульначалавечых каштоўнасьцяў, а таксама маральных прынцыпаў».
У звароце Кандрусевіч зноў згадвае пандэмію каранавірусу, якая «стала імпульсам да лепшага асэнсаваньня таксама іншых „эпідэмій“, якіх нямала ў нашым грамадзтве». «Сёньня з эпідэміямі можна параўнаць эканамічны крызіс, сацыяльную і палітычную нестабільнасьць, грахоўнае жыцьцё і іншыя нездаровыя праявы. Усе яны ўзаемазьвязаныя, уплываюць адна на адну і, у выніку, адбіваюцца на ўсім грамадзтве, што вядзе да напружанасьці ў ім», — гаворыцца ў заяве.
Ён падкрэсьлівае, што «ў імя шчасьлівай і мірнай будучыні Беларусі перадвыбарчая кампанія і самі выбары павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі да апанэнтаў са свабодным волевыяўленьнем народу для агульнага дабра нашага грамадзтва».
Мітрапаліт Павел заклікаў беларусаў выбраць прэзыдэнта на выбарчых участках, а не на «барыкадах і мітынгах»
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у сваім звароце з нагоды выбараў заклікаў беларусаў «да асаблівай адказнасьці за будучыню нашай Бацькаўшчыны».
Ён адзначае, што напярэдадні выбараў «прыкметна абвастрылася грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне», і заклікае ўсіх грамадзян, «носьбітаў розных поглядаў, да згоды, дыялёгу і ўзаемнай павагі».
«Зьвяртаючыся да ўсіх жыхароў Беларусі, заклікаю ўсіх Вас, дарагія браты і сёстры, не паддавацца правакацыйным заклікам і не ўступаць на шлях гвалту, супрацьстаяньня і парушэньня законнага правапарадку.
Кожны чалавек у нашай краіне, які дасягнуў сталага ўзросту, мае права зрабіць свой канстытуцыйны свабодны выбар, але гэтым правам належыць скарыстацца не на барыкадах і мітынгах, а на выбарчых участках, якія прадугледжаныя і арганізаваныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.