Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба спрасьціць для беларусаў візавыя правілы, а санкцыі супраць рэжыму ўзмацніць», — дэпутат Эўрапарлямэнту


Робэрт Бедрань (Robert Biedroń) — эўрадэпутат ад Польшчы, выбраны ў 2019 годзе, уваходзіць у фракцыю «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў». Ён старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю. У Польшчы кіруе партыяй «Вясна» («Wiosna»). Быў кандыдатам у прэзыдэнты ад левых сілаў на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы.

ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ — 2020 У БЕЛАРУСІ. ШТО ВАЖНА ВЕДАЦЬ

— У Эўрапарлямэнце вы кіруеце працай дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю. Чаму вы выбралі Беларусь, а ня нейкую іншую краіну?

— Я ўжо шмат гадоў ангажуюся ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і наагул у праблемы, зьвязаныя з адсутнасьцю прынцыпаў прававой дзяржавы, падрываньнем дэмакратыі і парушэньнямі правоў чалавека ў гэтай краіне. Таму я вельмі ўсьцешыўся, калі мяне, новага эўрадэпутата, калегі выбралі старшынём дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю.

Эўрапарлямэнт — тое месца, зь якога можна заявіць уголас пра шматлікія дрэнныя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі. Сытуацыю ў Беларусі нельга параўнаць ня толькі з сытуацыяй у нашых суседзяў, але і наагул ні ў якай іншай краіне ў Эўропе. У Беларусі працягваюць выконваць сьмяротныя пакараньні, і краінай увесь час, ужо чвэрць стагодзьдзя, кіруе дыктатар.

Робэрт Бедрань
Робэрт Бедрань

— Ці былі вы калі-небудзь у Беларусі?

— Яшчэ не. Нядаўна ў Беларусі была дэлегацыя эўрадэпутатаў, але я, на жаль, ня мог паехаць з прычыны прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы. У хуткім часе, ужо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, я пэўна паеду ў Менск зь візытам, зьвязаным з маёй функцыяй у Эўрапарлямэнце.

— Калі вы гледзіце на выбарчыя паводзіны ўлады ў Беларусі — нерэгістрацыю нявыгадных Лукашэнку кандыдатаў, затрыманьні і арышты ўдзельнікаў мірных выбарчых пікетаў, што вы думаеце? Гэта вас дзівіць? Абурае? Ці, можа, вы думаеце: гэта ж Беларусь, дык чаго тут дзівіцца?

— Мая думка, хутчэй за ўсё, тая ж, што і ва ўсіх, хто лічыць важным у сваім жыцьці дэмакратыю, прававую дзяржаву і свабодныя выбары. Пазыцыя нашай дэлегацыі ў Эўрапарлямэнце такая, што мы выступаем супраць цяперашняй выбарчай практыкі беларускай улады. Мы нядаўна зьвярнуліся да Жузэпа Барэля, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі, з заклікам ужыць захады, якія прымусілі б рэжым Лукашэнкі спыніць такія дзеяньні.

Мы сочым за сытуацыяй у Беларусі і рыхтуем чарговы даклад і рэкамэндацыі Эўрапарлямэнту пра гэту сытуацыю. Мы чакаем, што Эўразьвяз перагледзіць сваю пазыцыю ў дачыненьні Беларусі. Да гэтага часу дзейнічаў прынцып крытычнага ўзаемадзеяньня. Мы падтрымлівалі грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, адначасова спадзеючыся ад рэжыму Лукашэнкі нейкіх прадэмакратычных зьменаў. Гэтае ўзаемадзеяньне, на жаль, было парушана беларускім бокам, таму мы лічым, што інстытуты Эўразьвязу павінны перагледзець свой падыход да Беларусі і прыняць новую ясную стратэгію, якую можна было б задзейнічаць яшчэ да дня выбараў.

— Што канкрэтна мог бы зрабіць Эўразьвяз у справе Беларусі, на дадатак да фармуляваньня заяваў і маніторынгу сытуацыі ў краіне? Што вы асабіста параілі б зрабіць спадару Барэлю?

— Перш за ўсё Эўразьвяз павінен дамагацца вызваленьня ўсіх затрыманых падчас пратэстаў, у тым ліку і прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі. Па-другое, міжнародныя назіральнікі павінны атрымаць магчымасьць назіраньня за выбарамі. Па-трэцяе, Эўразьвяз павінен спыніць любую фінансавую дапамогу беларускаму ўраду, за выняткам дапамогі для змаганьня з каранавіруснай пандэміяй.

— Як вы, пэўна, ведаеце, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе, калі Лукашэнка жорстка расправіўся з сваімі палітычнымі апанэнтамі, Эўразьвяз увёў супраць беларускіх уладаў санкцыі — візавыя, фінансавыя, эканамічныя. Потым, пасьля выбараў 2015 году, Брусэль гэтыя санкцыі адмяніў. А Лукашэнка зноў вярнуўся да сваіх старых мэтадаў. Калі санкцыі не падзейнічалі, дык ці мае Брусэль наагул нейкія інструмэнты ўплыву на Менск?

— Адны санкцыі, зразумела, ня вырашаць праблемы. Але большая падтрымка апазыцыі, падтрымка грамадзянскай супольнасьці, якая на гэтых выбарах моцна актывізавалася, можа зьмяніць сытуацыю. І гэтага мы чакаем ад кіраўніцтва Эўразьвязу. Нельга ў такой сытуацыі быць пасіўным і толькі прыглядацца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы як эўрадэпутаты, і я асабіста як кіраўнік дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю, будзем сачыць за разьвіцьцём падзей і чакаць рэальных дзеяньняў, а ня толькі дэклярацый і словаў асуджэньня.

— Я нядаўна размаўляў з эўрадэпутаткай Мірыям Лексман са Славаччыны, якая сказала, па-першае, што ня бачыць шанцаў на тое, каб гэтыя прэзыдэнцкія выбары былі дэмакратычнымі, і па-другое, што цяпер санкцыямі трэба было б ахапіць значна шырэйшае кола афіцыйных асобаў у Беларусі, адказных за парушэньні правоў чалавека. Вы пагаджаецеся з такой ацэнкай?

— Я думаю, нашу палітыку санкцый напэўна трэба перагледзець, бо, як відаць, гэтая палітыка не працуе і не дала вынікаў. У гэтай справе дэпутат Пятрас Аўштравічус, спэцдакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі, рыхтуе адмысловы даклад, які будзе гатовы неўзабаве. Эўрапарлямэнт павінен будзе выказаць сваю пазыцыю адносна санкцый. Я асабіста лічу, што санкцыі павінны быць шырэйшыя, яны павінны ахапіць большае, чым раней, кола людзей з рэжыму Лукашэнкі. І яны павінны балюча ўдарыць у гэты рэжым.

Я лічу, што палітыка Эўразьвязу да Беларусі ў апошнія гады, калі ў шмат якіх справах наступіла збліжэньне паміж Брусэлем і беларускімі ўладамі, не спрацавала. Безумоўна, палітыка Эўразьвязу ня мусіць біць па звычайных беларусах — яны не павінны расплачвацца за рэжым Лукашэнкі. У сувязі з гэтым паслабленьне візавага рэжыму або падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі напэўна павінны быць паглыбленыя. Магчыма, варта было б падумаць пра пашырэньне праграмы Erasmus+, навуковага абмену, абмену паміж недзяржаўнымі арганізацыямі. Эўразьвяз павінен яшчэ мацней ангажавацца ў паслабленьне візавага рэжыму для беларусаў ці нават скасаваць візы для дзеячоў прадэмакратычнай апазыцыі і недзяржаўных арганізацый.

Робэрт Бедрань
Робэрт Бедрань


— Беларусь — гэта ня толькі суседка Эўразьвязу на яго вонкавай мяжы, але і суседка Польшчы. Ці ёсьць нейкія палітычныя нюансы, якія адрозьніваюць бачаньне беларускай сытуацыі Брусэлем і Варшавай?

— Гэта, безумоўна, розныя бачаньні. Натуральна, што бачаньне беларускай сытуацыі палякамі было і будзе іншым, чым бачаньне яе гішпанцамі або партугальцамі, якіх ад мяжы зь Беларусьсю аддзяляюць некалькі тысяч кілямэтраў. Але, размаўляючы з калегамі ў Эўрапарлямэнце, я бачу адзіны і рашучы падыход да рэжыму Лукашэнкі. Баюся, што гэтыя палітычныя нюансы выступаюць у іншых інстытуцыях Эўразьвязу, чый падыход да Менску больш «дыстанцыяваны».

Несумненна, польскі ўрад можа зрабіць болей. Гэта датычыць перш за ўсё кантактаў і абмену паміж грамадзянамі. Найбольш адчувальны прыклад таго, што можна было б зрабіць болей, — адсутнасьць моста на Бугу ва Ўладаве. Раней ён там быў стагодзьдзямі. Людзі абапал ракі маглі хадзіць адны да адных, а сёньня такіх кантактаў няма. Рух у польска-беларускай памежнай зоне павінен расьці. Я чакаю, што Польшча зробіць усё, каб аблягчыць і зрабіць часьцейшымі кантакты паміж палякамі і беларусамі, бо гэта таксама адзін са спосабаў паспрыяць дэмакратычным зьменам у Беларусі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG