Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Канапацкая зьвярнулася да выбарнікаў на дзьвюх мовах у сваім першым выступе на тэлевізіі


Кандыдатка ў прэзыдэнты расказала пра сваё бачаньне разьвіцьця Беларусі.

Найперш Ганна Канапацкая пералічыла праблемы, якія, на яе погляд, сёньня ёсьць у Беларусі.

«Мы страцілі больш за мільён нашых грамадзян, апынуліся ў дэмаграфічнай яме. Мы маем адсталую прамысловасьць, агромністы рэпрэсіўны апарат і аўтарытарнага лідэра на чале краіны. Нашая незалежнасьць пад пагрозай – кожны дзень яна становіцца прадметам палітычнага гандлю», – сказала Ганна Канапацкая.

Канапацкая лічыць, што Беларусь павінна ўдзельнічаць ва ўсіх эўрапейскіх структурах у якасьці паўнавартаснага сябра. Яна выказалася за выхад з АДКБ, а таксама за дэнансацыю «саюзнай дамовы» з Расеяй.

Таксама Ганна Канапацкая прапанавала абмежаваць час выкананьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў адным тэрмінам у 7 гадоў і трансфармаваць Беларусь у парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку.

Ганна Канапацкая паабяцала вярнуць нацыянальныя сымбалі: герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама зрабіць 25 сакавіка Днём Незалежнасьці. У другой палове выступу Ганна Канапацкая паўтарыла сваю прамову ў перакладзе на расейскую мову.

Раней Ганна Канапацкая адмовілася ад дэбатаў зь іншымі кандыдатамі, спаслаўшыся на іх «слабасьць». Сябе ж яна назвала «галоўным канкурэнтам Лукашэнкі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG