Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША «глыбока занепакоены» затрыманьнямі актывістаў і журналістаў у Беларусі


Морган Артагус, архіўнае фота
Морган Артагус, архіўнае фота

Прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў Морган Артагус 16 ліпеня пракамэнтавала падзеі ў Беларусі апошніх дзён.

«Мы глыбока занепакоеныя паведамленьнямі аб масавых пратэстах і затрыманьнях мірных актывістаў і журналістаў, — перадае заяву Морган Артагус амбасада ЗША ў Менску. — Мы лічым надзвычай важнымі для ўраду забясьпечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у выбарах».

Таксама 16 ліпеня Эўразьвяз выказаў занепакоенасьць затрыманьнямі ў Беларусі і запатрабаваў свабоды асацыяцый і сходаў. Асобна выказала «велізарную занепакоенасьць» Міністэрства замежных справаў Літвы. У ААН паведамілі, што сочаць за сытуацыяй у Беларусі і заклікаюць улады краіны да стрыманасьці

Толькі 14 ліпеня ў Беларусі затрымалі звыш 300 чалавек, якія выйшлі на вуліцы пасьля адмовы рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Падчас затрыманьняў адбыліся сутычкі з АМАП, распачалі крымінальныя справы (МУС сьцьвярджае, што былі шпіталізаваныя чатыры байцы АМАП). На наступны дзень затрымалі яшчэ тры дзясяткі чалавек — пад Цэнтральнай выбарчай камісіяй утварылася чарга з ахвочых падаць скаргі, пасьля 19 гадзінаў людзей з чаргі сталі забіраць у аўтазакі. І 14, і 15 жніўня затрымлівалі ў тым ліку журналістаў, карэспандэнта Свабоды зьбілі пры затрыманьні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG