Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне пералом рукі». Пэнсіянэрка гаворыць, што атрымала цяжкую траўму на акцыі 14 ліпеня ў Менску


Пэнсіянэрка Ірына Вітальеўна
Пэнсіянэрка Ірына Вітальеўна

Пэнсіянэрка Ірына Вітальеўна аказалася каля менскай плошчы Перамогі ўвечары 14 ліпеня. Адтуль яе забрала хуткая, мэдыкі наклалі гіпс.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«У мяне пералом рукі, учора адвезьлі ў лякарню і наклалі гіпс. Добра, што не адкрыты пералом, ня так страшна», — апісвае вынік вечаровай прагулкі 14 ліпеня Ірына Вітальеўна.

Жанчына аказалася ў цэнтры гораду ўвечары 14 ліпеня ў раёне плошчы Перамогі.

«Я выйшла на Кастрычніцкай плошчы і пайшла наперад. На людзей вакол нападаў АМАП. Я пайшла да плошчы Перамогі. Калі мы перайшлі сьвятлафор, зьявіліся аўтазакі, я не пасьпела зразумець, што адбываецца, некага цягнулі і мяне зьбілі з ног, выпадкова. І я ўпала на руку», — расказвае жанчына.

Пасьля АМАП яе падняў і пасадзіў на зямлю. Поруч яшчэ было кепска аднаму мужчыну, ён ляжаў на траве.

«Яны крычалі: „Асьцярожна, жанчына“. Я ўбачыла, што з рукой нешта ня тое, хацела пайсьці на мэтро да Кастрычніцкай, але туды не выпускалі. Пускалі толькі на ўчастак уздоўж моста каля Перамогі. Поруч жанчына выклікала хуткую нейкаму мужчыну, які ляжаў на траве. Потым мне жанчына выклікала хуткую, яе прапусьцілі», — кажа Ірына Вітальеўна.

«Хуткай» чакала каля паўгадзіны. У лякарні наклалі гіпс і адпусьцілі да дому.

«Я як звычайны чалавек проста выйшла на вуліцу, пагуляць. Я ні сном, ні духам, тут на мяне навальваюцца АМАПаўцы — і я ламаю руку. І цяпер на месяц я пазбаўленая нармальнага жыцьця», — кажа Ірына Вітальеўна.

На наступны дзень, 15 ліпеня, да Ірыны раніцай прыйшла міліцыя.

«Яны прыйшлі на апытаньне раніцай, у 7:30. Апыталі, куды я ішла, што здарылася. У акцыі я ж ня ўдзельнічала. Я расказала, як было, што мяне „ўранілі“ і дапамаглі ўстаць», — прыгадвае Ірына Вітальеўна.

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што «па гэтым факце праводзіцца праверка».

Афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч паведаміла, што «вядзецца праверка, жанчына адмовілася пісаць заяву ў міліцыю і адмовілася праходзіць экспертызу».

15 ліпеня Ірына Вітальеўна прыйшла да будынку ЦВК, каб разам са многімі іншымі беларусамі падаць скаргу на нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Ірына Вітальеўна ля ЦВК 15 ліпеня
Ірына Вітальеўна ля ЦВК 15 ліпеня

14 ліпеня ў Менску пачаліся стыхійныя акцыі пратэсту нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Людзі проста хадзілі па цэнтры Менску, іх затрымліваў АМАП. Месцамі гэта перарастала ў сутычкі з АМАПам. Па сьведчаньнях праваабаронцаў, затрымалі больш за 300 чалавек. Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу за арганізацыю і ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG