Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для нас важна, каб Беларусь ня стала наступнай ахвярай Пуціна». Украінскі дэпутат ініцыяваў зварот да Лукашэнкі


Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка (зьлева) і пісьменьнік Аляксандар Ірванец
Украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка (зьлева) і пісьменьнік Аляксандар Ірванец

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, які прадстаўляе ў парлямэнце фракцыю папярэдняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе праект пастановы аб звароце да Аляксандра Лукашэнкі і беларускага парлямэнту з заклікам забясьпечыць дэмакратычныя прынцыпы ў часе правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.

«Затрымалі ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Учора тысячы людзей выйшлі на беларускія вуліцы за дэмакратыю, за свабодную і незалежную Беларусь. Затрымалі больш як 200 чалавек. А гэта азначае, на жаль, што дэмакратычных выбараў у Беларусі ня будзе. Чаму гэта так важна для Ўкраіны? Таму што, папраўдзе, ад таго, што будзе зь Беларусьсю, вельмі шмат што залежыць і для нашай дзяржавы», — сказаў Аляксей Ганчарэнка сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Беларускім інфармацыйным цэнтры.

Паводле яго, галоўнай задачай міжфракцыйнага аб’яднаньня, створанага ў Вярхоўнай Радзе, зьяўляецца не ўмяшаньне ва ўнутраную палітыку Беларусі, а дапамога:

«Мы хочам зрабіць, што ў нашых сілах, каб выбар быў свабодным, каб у Беларусі была дэмакратыя, каб Беларусь пайшла эўрапейскім шляхам да цывілізаванага сьвету і каб яна не ператварылася на наступную ахвяру Пуціна. У нас супольны вораг сёньня — гэта Крэмль. Беларускі народ мусіць вырашыць, гэта будзе „Белоруссия“ ці „Беларусь“ — сапраўдная незалежная дэмакратычная краіна».

У звароце, ініцыяваным Аляксеем Ганчарэнкам, прапануецца, каб парлямэнт канстатаваў, што ў Беларусі адбываюцца жорсткія палітычныя рэпрэсіі, і заклікаў беларускую ўладу вызваліць усіх палітычных вязьняў:

«Вярхоўная Рада Ўкраіны, кіруючыся эўрапейскім выбарам украінскага народу і цеснымі сувязямі паміж народамі Ўкраіны і Беларусі, заклікае прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку і Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь выконваць прынцыпы дэмакратычных выбараў, вызваліць усіх палітычных вязьняў, даць магчымасьць апазыцыйным СМІ і грамадзкасьці асьвятляць выбарчую кампанію і дазволіць кандыдатам ад апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 9 жніўня 2020 году».

Украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец дадаў, што і грамадзкі сэктар Украіны мусіць падтрымаць беларускае грамадзтва ў ягоным патрабаваньні справядлівых выбараў:

«Будзем сачыць і фіксаваць кожны рух. Бо, як бы там ні было, наш прэзыдэнт выбраны на дэмакратычных выбарах, і ўкраінскі выбар прызнаны міжнароднай супольнасьцю, а ў Беларусі пасьля выбараў 1994 году ніводныя выбары не былі прызнаныя дэмакратычнымі. Ужо больш як чвэрць стагодзьдзя людзі жывуць ва ўмовах аўтарытарызму».

Ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі ва Ўкраіне на ініцыятыву беларусаў і грамадзкіх украінскіх арганізацый адбылося некалькі акцый салідарнасьці.

3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь», пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі аб стварэньні Беларускага інфармацыйнага цэнтру, які ачоліў украінскі літаратар Аляксандар Ірванец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG