Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ля амбасады Беларусі ва Ўкраіне патрабавалі вызваліць палітвязьняў


Беларускія і ўкраінскія актывісты сёньня пікетавалі амбасаду Беларусі ва Ўкраіне, патрабуючы спыніць палітычныя рэпрэсіі і вызваліць затрыманых у часе выбарчай кампаніі.

«Толькі першыя выбары ў Беларусі ў 1994 годзе былі дэмакратычныя, на якіх Лукашэнка атрымаў уладу. Пасьля ў беларускага народу не было ніякай магчымасьці выбіраць уладу», — сказаў адзін з арганізатараў акцыі, сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і падзякаваў украінцам за падтрымку і салідарнасьць.

Актывісты выйшлі на пікет пад бел-чырвона-белымі і дзяржаўнымі ўкраінскімі сьцягамі. Яны трымалі таксама плякаты з надпісамі «Свабоду палітвязьням!», " Свабоду Беларусі!«. Цягам усёй акцыі яны скандавалі «Не рэпрэсіям!», «Не катаваньням!», «Свабоду палітвязьням», «Жыве Беларусь!», «Слава Украіне!».

«Мы ня можам дапамагчы Беларусі вызваліцца. Гэта можа зрабіць толькі сам народ. Але чым можам, мы дапамагаем, выказваем салідарнасьць і заўсёды падтрымліваем беларускую апазыцыю і беларускі народ у барацьбе супраць прарасейскага рэжыму», — адзначыў прадстаўнік гарадзкой арганізацыі партыі «Свабода» Юры Алейнік (Олійник — укр.).

Кіраўнік Добраахвотніцкага руху «АУН» Мікола Каханіўскі, які таксама прыйшоў на акцыю салідарнасьці, лічыць такія мерапрыемствы вельмі важнымі: «Мы таксама некалі баяліся. Але ўсяму свой час. Я веру ў Беларусь, дзе цяпер практычна па ўсіх гарадах праходзяць пратэсты. Народ разумее, што трэба змагацца. І тое, што пачалося, спыніць немагчыма».

«Задача нашай гэтай акцыі — падтрымаць тых, хто ўжо за сваю барацьбу пакараны. І гэта ўжо масавыя рэпрэсіі. Лукашэнка сочыць за Ўкраінай вельмі ўважна, бо разумее, што ўсё пачынаецца зь мінімальных пратэстаў і затым рэжым падае. Таму ён намагаецца максымальна ўсіх запужаць і пасадзіць за краты, каб іншыя пабаяліся выходзіць», — заявіў Мікола Каханіўскі.

Будынак амбасады ахоўвалі супрацоўнікі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, прысутнічала, як гэта прадугледжана заканадаўствам пра масавыя акцыі, і паліцыя дыялёгу.

«Мяне вельмі турбуюць усе падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Я бачу, як народ падняўся і стаў змагацца за свае правы, ён адчуў, што прыйшоў час, каб зьмясьціць цяперашняе кіраўніцтва, якое проста не дазваляе краіне разьвівацца. Для мяне таксама вельмі трывожна аб’яднаньне з Расеяй. Я не магу гэтага прыняць для сваёй краіны», — патлумачыла Свабодзе прычыны свайго ўдзелу ў акцыі беларуска Тацяна — яна год як пераехала ў Кіеў.

За апошнія некалькі тыдняў у Кіеве адбылося тры акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. 3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень незалежнасьці, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае абʼяднаньне «За дэмакратычную Беларусь», пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі аб стварэньні Беларускага інфармацыйнага цэнтру, які ачоліў украінскі літаратар Аляксандар Ірванец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG