Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзьмітрыю Казлову прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе

абноўлена

Дзьмітры Казлоў (зьлева) і Мікалай Статкевіч
Дзьмітры Казлоў (зьлева) і Мікалай Статкевіч

Палітыку Мікалаю Статкевічу і відэаблогеру Дзьмітрыю Казлову, вядомаму як «Шэры кот» 8 ліпеня прадʼявілі афіцыйнае абвінавачаньне, паведаміў Свабодзе адвакат Уладзімер Сазанчук.

Абодвух абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Падставай для абвінавачаньня стаў інцыдэнт на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 8 чалавек. Статкевіч ужо раней казаў адвакату, што ў Горадні апошні раз быў летась увосень.

Як паведаміў адвакат, ні Мікалай Статкевіч, ні Дзьмітры Казлоў сваёй віны не прызналі.

Мікалая Статкевіча затрымалі 1 траўня, калі ён ехаў на пікет да менскай Камароўкі, і адправілі ў турму на Акрэсьціна. Суд двойчы прысудзіў яму па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, Статкевіч меў выйсьці на волю 30 чэрвеня, але за некалькі дзён да гэтага зьявіліся зьвесткі, што яго затрымліваюць у крымінальнай справе за «падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Дзьмітрыя Казлова затрымалі 10 чэрвеня разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» за плякаты, вывешаныя насупраць суду Першамайскага раёну. 12 чэрвеня яго асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Міколу Статкевіча і Дзьмітрыя Казлова разам зь іншымі фігурантамі «Справы Ціханоўскага» беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітычнымі вязьнямі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG