Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай увесь сьвет даведаецца, што робіцца ў Беларусі». Арганізатара акцыі салідарнасьці ў Барсэлёне «ветліва» папярэдзілі праз тэлефон


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне

Беларусу Аляксандру Юрэвічу, які быў заяўнікам акцый салідарнасьці ў Барсэлёне, патэлефанавалі зь невядомага нумара і па-расейску «ветліва намякнулі», каб гэтага больш не рабіў, бо яму давядзецца яшчэ зьвяртацца ў беларускую амбасаду, рабіць дакумэнты.

Свабода пагаварыла з Аляксандрам Юрэвічам пра акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю і пра тое, як на іх рэагуюць у Барсэлёне.

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне

«Асаблівых пагрозаў не было, быў проста маналёг-папярэджаньне»

Аляксандар Юрэвіч кажа, што за пару дзён да меркаванай акцыі салідарнасьці яму патэлефанавалі са «схаванага нумара».

Аляксандар Юрэвіч
Аляксандар Юрэвіч

«Гэта быў маналёг чалавека, які не прадставіўся. Ён манатонна вымавіў, што мне давядзецца яшчэ зьвяртацца ў амбасаду, рабіць дакумэнты, што я тут жыву і вельмі неабачліва ладзіць такія акцыі. Асаблівых пагрозаў не было, быў проста маналёг-папярэджаньне.

Званок гэты мяне не напалохаў. Я нават жадаў, каб нумар вызначыўся і я змог запытацца, хто ж мяне папярэджваў», — кажа Аляксандар.

Некалькі дзён таму СМІ паведамлялі, як да беларускіх сваякоў іншага чалавека, Вадзіма Кіханы, якія стала жыве ў Гішпаніі, прыходзілі зь ператрусам. Вадзім лічыць, што прычына — ягоныя крытычныя выказваньні на адрас беларускіх уладаў у сеціве. Аднак Аляксандар кажа, што гэтыя папярэджаньні не напалохалі ні Вадзіма, ні яго.

Акцыя салідарнасьці ў Барсэлёне
Акцыя салідарнасьці ў Барсэлёне

«Я днямі зьвязваўся зь беларускімі сваякамі, пытаўся, ці не было ціску на іх. Дзякуй Богу, ніхто да іх не зьвяртаўся. Сваякі мяне падтрымліваюць, кажуць, няхай увесь сьвет даведаецца, што робіцца ў Беларусі.

Я, дарэчы, глядзеў стрым Свабоды, дзе вашых карэспандэнтаў затрымлівалі ў жывым эфіры. Наша калега расказвала пра гэта ў эфіры вельмі папулярнай каталёнскай радыёстанцыі, усе былі вельмі ўражаныя», — кажа Аляксандар.

«Я раней удзельнічаў у акцыях, але заўсёды тут мы былі „прыдаткам старэйшага брата“. А тут беларусы выйшлі асобна​»

Аляксандар Юрэвіч жыве ў Гішпаніі з 2006 году, пераехаў туды з Партугаліі. У Беларусі ў яго засталіся былая жонка і дачка. Кажа, што раней грамадзкай актыўнасьці амаль не праяўляў, зрэдку выходзіў на акцыі, якія ладзілі эмігранты з Расеі. Пасьля арышту прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і жорсткага разгону і затрыманьняў людзей па ўсёй Беларусы эмігранты вырашылі зладзіць акцыю салідарнасьці. А апошняй кропляй асабіста для яго стала сытуацыя з каранавірусам у Беларусі, калі захварэлі сваякі.

"Я раней удзельнічаў у нейкіх акцыях, але заўсёды тут мы былі „прыдаткам старэйшага брата“. А тут беларусы выйшлі асобна. І паліцыянтам расказалі, дзе знаходзіцца Беларусь, што там робіцца», — кажа Аляксандар.

Акцыя ў Барсэлёне
Акцыя ў Барсэлёне

«У Гішпаніі вельмі зычлівыя паліцыянты — яны ж разумеюць, што заробкі атрымліваюць з нашых падаткаў»

На першую акцыю 25 чэрвеня каля Ганаровага консульства Беларусі сабралася 79 чалавек. «Мы за годнасьць, свабоду думак і сумленныя выбары. Мы супраць рэпрэсій, гвалту і хлусьні», — было напісана на транспарантах.

«Мы прайшлі па „прамэнаднай“ вуліцы, людзі далучаліся да нашай калёны. Да помніка Калюмбу прыйшло ўжо 139 чалавек. Большасьць — беларусы, але далучаліся і мясцовыя, два беларускія турысты прыехалі адмыслова зь іншага гораду — даведаліся пра акцыю з фэйсбуку.

У Гішпаніі вельмі клясныя, зычлівыя паліцыянты — яны ж разумеюць, што заробкі атрымліваюць з нашых падаткаў. Каля помніка Калюмбу акцыя скончылася, а паліцыянты не разыходзіліся, жартавалі, што ў нас вельмі прыгожыя дзяўчаты. Мы праводзілі іх аплядысмэнтамі», — узгадвае Аляксандар.

Другую акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю ў Барсэлёне правялі 3 ліпеня. «Гішпанскі» беларус быў вельмі зьдзіўлены, што ў Беларусі, каб зладзіць акцыю, трэба атрымаць дазвол гарвыканкаму, а таксама аплаціць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі, камунальнікаў. Кажа, што абавязкова раскажа гэта ў інтэрвію каталёнскаму тэлеканалу, куды яго запрасілі.

Аляксандар патлумачыў, што ў Каталёніі да 20 чалавек можна зьбірацца без усялякіх дазволаў і заявак. Калі мяркуецца, што ў акцыі возьмуць удзел больш за 20 чалавек, трэба падаць онлайн-заяўку ў Дэпартамэнт аховы бясьпекі: укласьціся ў 400 знакаў, каб патлумачыць сэнс акцыі. Потым з уладамі ўзгадняецца маршрут руху, усё каардынуецца паліцыяй. Заяўку трэба падаваць за 10 дзён, але калі штосьці здараецца, можна атрымаць дазвол і за 3 гадзіны, толькі трэба патлумачыць, чаму так тэрмінова.

Наступныя акцыі беларусы Каталёніі зьбіраюцца правесьці ў дзень, калі будзе вядома, хто з прэтэндэнтаў зарэгістраваны кандыдатам, і ў Дзень незалежнасьці 27 ліпеня. А 9 жніўня, у дзень выбараў, плянуецца вялікая акцыя, на якую зьбяруцца беларусы з усёй Гішпаніі. Бо галасаваць яны могуць толькі ў беларускай амбасадзе ў Мадрыдзе. Паводле Аляксандра, у Каталёніі афіцыйна зарэгістраваныя 1124 беларусы, у Мадрыдзе — каля 2 тысяч, і яшчэ 1,5 тысячы — у астатніх гарадах Гішпаніі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG