Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада пачала баяцца і біцца ў канвульсіях», — рэжысэрка «Ўтрыманак» і «Крышталю» пра беларускія выбары


Дар'я Жук
Дар'я Жук

Вядомая беларуская и амэрыканская рэжысэрка Дар’я Жук, аўтарка вядомага фільму «Крышталь», які ўдзельнічаў у конкурсе «Оскар», узгадала сваё затрыманьне ў 1996 годзе і выказалася пра выбары ў Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Беларусы перасталі баяцца. А ўлада баяцца пачала. І пачала біцца ў канвульсіях.

Так, і раней саджалі палітычных апанэнтаў, хапалі людзей з вуліц з поваду іхнага ўдзелу ў пратэстах.

Я сама трапіла пад дручкі ў 1996 годзе, мне было 16. Але зараз мне 40, і я разумею, што пражыла цэлую вечнасьць як у сьне, не адчуваючы, што мой голас у Беларусі штосьці калі-небудзь можа зьмяніць. Пачуўшы разумных і досыць, дарэчы, палітычна памяркоўных пэрспэктыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, вельмі захацелася прачнуцца. І аддаць свой голас зь любові.

Так, падрасло адважнае новае пакаленьне. А пакаленьне больш сталае, у мінулым зусім кансэрватыўных поглядаў (як многія бацькі і бабулі маіх сяброў), знайшло час на паў-сама-карантыне прыслухацца да свайго ўнутранага голасу. А гэты голас ужо даўно крычыць: „Ну, даволі!“

Час прачынацца, думаць пра тое, у якой краіне мы хочам жыць, і галасаваць на сумленных выбарах!»

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску ў журналісцкай сям’і. У 1990-я, пасьля школы, паехала ў межах праграмы абмену ў ЗША, дзе скончыла каледж, потым мела стыпэндыю ў Гарвардзе. Атрымала эканамічную адукацыю, працавала на Ўол-стрыт, пасьля скончыла кінасцэнарныя курсы Калюмбійскага ўнівэрсытэту, працавала на канале НВО. Яна рэжысэрка, прадусарка, сцэнарыстка. Ляўрэатка шматлікіх кінэматаграфічных прэміяў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG