Вядучы актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павал Харланчук расказаў Свабодзе пра сваё стаўленьне да жорсткіх затрыманьняў, пачатку выбарчай кампаніі, чыноўнікаў і тэлевізійнікаў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Што гэта за бандфармаваньні арудуюць у цэнтры Менску?»
Павал Харланчук 19 чэрвеня пад вечар знаходзіўся на плошчы Якуба Коласа, сядзелі разам з жонкай Ганнай каля філярмоніі на лаўцы. Да іх падышоў маладзён у масцы, цывільным адзеньні, без апазнавальных знакаў і кажа: сыходзьце адсюль.
«Я пытаюся — чаму? Ён адказвае: „Вы парушаеце грамадзкі парадак“. Як я магу парушаць правапарадак, седзячы на лаўцы? Я наагул не разумею, што адбываецца: чалавек не назваўся, ён у звычайным цывільным адзеньні, падыходзіць і просіць мяне сысьці. Звонку як выглядае сытуацыя: проста нейкі чалавек падыходзіць да мяне і абвінавачвае ў парушэньні правапарадку! Што гэта за людзі? Гэта не міліцыя, не АМАП, проста чалавек у цывільным.
Што гэта за бандфармаваньні, якія арудуюць у цэнтры Менску? Я ня бачыў ніводнага п’янага на вуліцы, людзі гулялі ў добрае надвор’е, стаялі ў чарзе паставіць у апошні дзень подпіс за кандыдата ў кандыдаты. Беззаконьня з боку простых грамадзян, мінакоў, людзей, якія ў чэргах стаяць, я ня бачыў. А з боку гэтых невядомых людзей бачыў. Дзіўныя людзі ў цывільным жорстка хапаюць мінакоў, калі хтосьці выпадкова раптам апынуўся ня ў тым месцы.
Я такога наагул не памятаю, у маіх досьведзе такога не было. Гэта нейкая агонія. і мне вельмі шкада людзей, якіх пасадзілі і аштрафавалі», — кажа Павал Харланчук.
«Калі ты ўпэўнены, што пераможаш любую каманду, перамажы сумленна!»
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году малады актор Расейскага драматычнага тэатру імя Горкага Павал Харланчук быў затрыманы пры разгоне намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Адседзеў 10 содняў на Акрэсьціна. Пасьля гэтага актор найвышэйшай катэгорыі, рэжысэр, ляўрэат міжнародных фэстываляў і тэатральных прэміяў быў звольнены з Расейскага тэатру з фармулёўкай «у сувязі зь неадпаведнасьцю займанай пасадзе». Што ён думае пра пачатак сёлетняй выбарчай кампаніі? Актор — заўзяты футбаліст, таму параўнаў цяперашняю сытуацыю зь несумленнай гульнёй у футбол.
«Ведаеце, уся гэтая выбарчая гонка нагадвае мне сытуацыю, калі ты прыйшоў на футбольны матч, заплаціў за гэта грошы, але ў адной камандзе, як было ў дзяцінстве, ёсьць „варатар-вадзіла“: брамнік стаіць на браме, але мае права „вадзіцца“. І ён бярэ ўсю гульню на сябе: і ў абароне, і ў паўабароне, і ў нападзеньні. Зь мячом толькі ён адзін. І пры гэтым яшчэ людзей з каманды суперніка проста прыбіраюць, каб пакінуць пустую браму, і ён туды забіў гол. Такая гульня абсалютна нецікавая. У гэтым няма духу спаборніцтва, няма справядлівасьці, не выконваюцца правілы і законы. А я за гэта яшчэ павінен плаціць грошы!
Калі ты ўпэўнены, што пераможаш любую каманду, дык перамажы сумленна! Хай гэта будзе барацьба — справядлівая і сумленная. Я хацеў бы, каб усё адбывалася паводле закону. А тое, што цяпер адбываецца ў цэнтры Менску, дый ня толькі ў Менску, але ў іншых гарадах, нават маленькіх — Лунінцы, Каленкавічах, Ганцавічах, Берасьці — гэта проста беззаконьне. Гэта нейкая іншая рэальнасьць. Жудасная рэальнасьць».
«Гэта параза ўлады на ўсіх франтах»
Абураецца Павал і дзяржаўнымі тэлеканаламі, і іх вядоўцамі. Расказаў пра палеміку ў фэйсбуку з адным тэлежурналістам — «тварам тэлеканалу».
«Я прачытаў, як гэты журналіст меў неасьцярожнасьць выказацца наконт ланцугоў салідарнасьці — маўляў, правільна разганяюць. Ды яшчэ так абразьліва, гнюсна! Я ў прываце рэзка адказаў яму. Ну як так можна хлусіць, круціцца, прыстасоўвацца, балянсаваць?
Паслухайце толькі, што кажуць з тэлеэкранаў нашы высокапастаўленыя чыноўнікі. Тых, хто зараз прыйшоў ва ўрад, я называю „ўладай пакрыўджаных школьнікаў“. Гэта зацюканыя школьнікі, якіх ніколі не прымалі ўсур’ёз. Калі я гляджу на новага кіраўніка камітэту дзяржаўнага кантролю, які агучвае падрыхтаваны тэкст, а калі яму задаюць пытаньні, — ён такі шчасьлівы, што да яго такая ўвага!
Гэта параза ўлады на ўсіх франтах. Ува ўсіх нармальных людзей адназначная ацэнка таго, што адбываецца, — гэта агонія ўлады. Толькі ў самой улады, чыноўнікаў, сілавікоў, праваахоўнікаў, тэлевізійнікаў — нібыта іншы сьвет. І іх мне таксама шкада», — кажа вядучы актор Купалаўскага тэатру і Тэатру-студыі кінаактора Павал Харланчук.