Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» расказаў пра зьбіцьцё журналістаў міліцыяй


Міліцыя ў Ганцавічах затрымлівае журналістаў і пратэстоўцаў 20 чэрвеня, кадар з трансьляцыі «Ганцавіцкага часу»
Міліцыя ў Ганцавічах затрымлівае журналістаў і пратэстоўцаў 20 чэрвеня, кадар з трансьляцыі «Ганцавіцкага часу»

20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў. Міліцыя і «людзі ў цывільным» затрымалі, паводле афіцыйных зьвестак, каля 270 чалавек. Жорсткія затрыманьні адбыліся ў Ганцавічах, што ў Берасьцейскай вобласьці.

Каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на «ланцуг салідарнасьці». Паводле зьвестак журналіста незалежнай газэты «Ганцавіцкі час», які вёў стрым, затрымалі ня менш за 10 чалавек з выкарыстаньнем грубай фізычнай сілы. У жывым эфіры затрымалі двух журналістаў «Ганцавіцкага часу» і «Першага рэгіёну», якія вялі стрым: Сяргея Багрова і Аляксандра Пазьняка.​

Фрагмэнт трансьляцыі з затрыманьнем журналістаў >> Асьцярожна, шмат нецэнзурнай лексыкі з боку праваахоўнікаў

Як паведамляў праваабарончаму цэнтру «Вясна» галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» Пятро Гузаеўскі вечарам 20 чэрвеня, ён пабачыў у РАУС Аляксандра Пазьняка, якога яшчэ не дапыталі пасьля трох гадзінаў з моманту затрымання.

«У Аляксандра пад левым вокам гематома. Ён расказаў, што яго закавалі ў кайданкі пры затрыманьні, білі, жорстка прэсавалі, пагражалі — карацей, поўны набор. Што тычыцца апэратара і рэдактара Сяргея Багрова, сваякі затрыманых, якія сабраліся каля РАУС, казалі, што чулі праз адчыненае вакно, што адзін зь міліцыянтаў крычаў на яго: „Гэта ўсё празь цябе, гэта ты трансьляваў гэтае відэа!“ Потым апэратар крычаў — відаць, яго таксама білі», — расказаў Пятро Гузаеўскі.

На журналістаў склалі пратаколы за «непадпарадкаваньне», зьбілі яшчэ аднаго затрыманага, суды ў панядзелак

Галоўны рэдактар напісаў заяву на імя начальніка міліцыі аб тым, што Багроў і Пазьняк — штатныя супрацоўнікі газэты, зарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі, яны выконвалі свае абавязкі згодна закону «Аб сродках масавай інфармацыі» і мелі права знаходзіцца ў месцы масавага мерапрыемства, таму іх затрымалі незаконна.

Паводле Гузаеўскага, дакладная колькасьць затрыманых невядомая. На раніцу 21 чэрвеня выпусьцілі толькі аднаго. Перадачы не прымаюць у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Астатніх будуць судзіць у панядзелак. Вядома таксама, што зьбіты яшчэ адзін з затрыманых, які прыбыў на месца падзеяў сярод апошніх.

На журналістаў склалі пратаколы за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі». У сувязі з затрыманьнем журналістаў галоўны рэдактар зьбіраецца пісаць скаргі.

«А іхныя дзеяньні — маўляў, журналісты „перашкаджаюць адміністрацыйнаму працэсу“ — дык хай перачытаюць у працэсуальна-выканаўчым кодэксе, зь якога моманту пачынаецца адміністрацыйны працэс: з моманту складаньня пратаколу ці іншага працэсуальнага дакумэнту», — дадае Гузаеўскі.

Паводле сьведкаў, начальнік міліцыі Віталь Куляшоў, калі даваў загад аб затрыманьнях, падпарадкоўваўся нейкаму «таварышу капітану», расказаў Гузаеўскі. Ён мяркуе, што да таго моманту ганцавіцкай міліцыі ў горадзе давяралі. Учора людзей сабралася няшмат, і яны не чынілі беспарадкаў, таму жорсткія затрыманьні са здушэньнем каленам абуральныя.

«Гэта за што? Гэта праваахоўнікі? Гэта цяпер такі імідж у нашай ганцавіцкай міліцыі?» — пытаецца Гузаеўскі.

У сацыяльных сетках тым часам зьвярнулі ўвагу на момант затрыманьня аднаго з жыхароў Ганцавічаў: супрацоўнік у форме ДАІ душыў чалавека каленам — гэта нагадвае прыём, ужыты супраць Джорджа Флойда ў ЗША, сьмерць якога стала прычынай масавых пратэстаў супраць паліцэйскага гвалту. Пра стан гэтага затрыманага ў Ганцавічах зьвестак няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG