70 гадоў таму нарадзіўся Валянцін Акудовіч, беларускі філёзаф і эсэіст, адзін са стваральнікаў сучаснага дыскурсу беларускага мысьленьня.
Выказваньні і тэксты Валянціна Акудовіча ўжо тры дзесяцігодзьдзі выклікаюць жывую зацікаўленасьць — і, нярэдка, вострае непрыняцьце — сярод тых, хто спрабуе зразумець беларускую рэчаіснасьць і беларускае наканаваньне.
Пры сёньняшняй юбілейнай нагодзе я прапаную вам сваю падборку думак і разваг пра жыцьцё ды Беларусь і беларускую ідэнтычнасьць, агучаных Валянцінам Акудовічам у розныя гады.
Цікавасьць да пісьменьніка
«Спачатку пісьменьнік цікавы тым, што ён сам піша. А пазьней тым, што пра яго пішуць іншыя».
«Пэрсанальны» час
«Я нарадзіўся і памёр у 90-я гады ХХ стагодзьдзя. Зразумела, адносна біяграфічнага часу — гэта мэтафара. Аднак калі пэрсанальны час згарнуць да памераў маёй эманацыі, дык — сьвятая праўда».
Мова і мэтафізычнае мысьленьне
«Беларуская мова куды больш прыдатная дзеля мэтафізычнага мысьленьня, чым руская».
Што такое філязофія
«Філязофія — гэта немагчымасьць жыць. Менавіта так, немагчымасьць жыць без уцямнага веданьня, навошта ты вымкнуты зь небыцьця ў быцьцё. Гэта і ёсьць філязофія».
Пра кнігу ўспамінаў
«Яшчэ не пачаўшы сваю пісаніну, я ўжо наперад ведаў, што ні пра каго пэрсанальна ня буду пісаць дрэнна. Няма ў маёй натуры пакліканьня ганіць людзей. Дый месца лепей ашчаджаць на добрыя словы».
Што аб’ядноўвае Архіпэляг Беларусь
«Тэкст — гэта бадай адзінае, што рэальна зьвязвае між сабою ўсіх жыхароў Архіпэлягу Беларусь. Толькі на прасторы Беларускага Тэксту мы, насельнікі гэтых далёка параскіданых адна ад адной выспаў, можам сустрэцца разам і такім архаічным чынам, натуральным хутчэй для канца ХІХ стагодзьдзя, чым для канца ХХ, пераадольваем усё, што нас разьядноўвае — ад каляніяльнай гісторыі да зрусыфікаванай дзяржавы».
Этнас
«Мой бог — мой этнас. (…) Этнас — гэта я, памножаны на ўсю гісторыю майго народу. Этнас — гэта мой адзіны прытулак пасьля сьмерці, апошняя, хай сабе і даволі ўмоўная, надзея на несьмяротнасьць. Так я толькі памру, а калі ён зьнікне, то зьнікну і я. (…) Вось чаму мне страшэнна хочацца, каб мой этнас застаўся, бо тады застануся і я, як адна зь незьлічоных прычынаў яго».
Культурная ідэнтыфікацыя
«Калі запытацца, чаму сёньня большасьць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе зь беларускай культурай, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у выніку якой апошняя аказалася амаль усьцяж пераможанаю. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы».
Сымулякр гамагеннай нацыі
«Праблема палягае ў тым, што і цяпер мы ўсё яшчэ глядзім на сьвет празь бельму сымулякру гамагеннай нацыі і таму ня бачым Беларусь як дыскурс шматлікіх і разнастайных сусьветаў, якія без калецтва кожнага зь іх ня могуць быць паяднаныя ў нейкую агульнасьць нічым яшчэ, апрача як дыскурсам Беларусі».
Разрывы ў гісторыі Беларусі
«Спрэс былі адно разрывы. І пасьля кожнага радыкальнага разрыву пачыналася штосьці цалкам адметнае, раўнуючы з тым, што было раней. Вялікае Княства Літоўскае — гэта нешта зусім іншае ад Полацкага княства, а Рэч Паспалітая — ад ВКЛ. „Паўночна-Заходні край“ ня меў нічога агульнага ні зь першым, ні з другім, ні з трэцім. А БССР, здаецца, увогуле была пазбаўленая хоць якіх аналягаў з усім папярэднім. Бадай, толькі Рэспубліка Беларусь, прынамсі, хаця б на юрыдычна-адміністрацыйным узроўні, наўпрост насьледуе сваю папярэдніцу — БССР. (І гэта вельмі добры знак!)».
«Партызанская Беларусь»
«…Для беларусаў панятак „партызан“ ужо даўно набрыняў пэўным сакральным значэньнем, якое не змагла спрафанаваць нават савецкая „партызанка“. „Партызан“ ці не найлепей люструе нейкую анталягічную сутнасьць беларуса, як у яго прыватным жыцьці, так і ў яго пражываньні гісторыі. Партызан — гэта той, хто ўвесь час хаваецца (хованкі — бадай адзіная нацыянальная гульня беларусаў), партызан — гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе — „мяне няма“, партызан — гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дывэрсіі, а потым зноў зьнікае ў адсутнасьць самога сябе…».
«Багушэвічава Беларусь»
«…Прыдуманая паэтам краіна гнілых хатак і дурных, як варона, мужыкоў займела дзіўны — фантастычны — лёс. Усе наступныя генэрацыі і пакаленьні беларускіх паэтаў, краязнаўцаў, публіцыстаў, якія і сфармавалі ідэалягему нацыі (прымроілі яе ў газэтах і кніжках, з чаго я неяк і назваў беларусаў „папяровай нацыяй“), пачыналі і завершвалі афармленьне свайго відзежу Беларусі ў фармаце таго паэтычнага міту, які распавёў напрыканцы ХІХ стагодзьдзя адвакат зь Вільні».
Якой будзе Беларусь
«Беларусь ніколі ня будзе толькі беларускай, але і ніколі яна ня будзе толькі расейскай ці польскай».
Што гартуе нацыю
«Гартуе беларускую нацыю дзяржава. І толькі дзяржава».
Нацыя без беларускай мовы
«Давайце ўявім: ну, ня ўстане з каленяў беларуская мова. Дык што, ня будзе беларускай нацыі? Канешне, будзе! Яе сфармуе дзяржава. А вось калі дзяржавы ня будзе, тады пытаньне з нацыяй станецца вельмі сур’ёзным. Безь дзяржавы беларуская нацыя будзе пастаўленая пад пытаньне зноў, як яна была пастаўленая ў ранейшыя часы».
Гарант незалежнасьці
«Пакуль наш лёс, лёс нашай незалежнасьці, вельмі моцна, хай не абсалютна, але вельмі моцна зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам. На жаль ці на шчасьце — гэта ўжо іншае. Але па факце — гэта так».
Пэрспэктыва рэлігіі
«Мы даўно жывем у пострэлігійным космасе. Колькасьць вернікаў усюды скарачаецца зь неверагоднай хуткасьцю. У Эўропе храмы зачыняюцца адзін за адным. У Беларусі прыходы зусім маленькія, асабліва праваслаўныя. Таму цяпер сур’ёзна казаць пра ролю рэлігіі ў сацыяльна-палітычным жыцьці ну ніяк не выпадае. У рэлігіі яшчэ доўгі век, але ўжо кароткая пэрспэктыва».
* * *
Валянцін Акудовіч — філёзаф, літаратурны крытык, выкладчык, аўтар шматлікіх эсэ пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць і яе асаблівасьці. Сярод ягоных кніг: «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялёгі з Богам» (2006), «Код адсутнасьці. Асновы беларускай мэнтальнасьці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» (2015).
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.