У панядзелак, 15 чэрвеня працягнуліся суды над удзельнікамі збораў подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Блогер Эдуард Пальчыс, які стаў вядомым праз публікацыі на сайце 1863x.com, цяпер вядзе Telegram-канал Palchys. Там ён публікаваў сярод іншага відэа з чэргаў на пікеты за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты на менскай Камароўцы.
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску Пальчысу прысудзілі 15 сутак арышту за нібыта ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі», хоць пікеты па зборы подпісаў на Камароўцы былі легальнымі. Як адзначае Telegram-канал Nexta, Пальчыс «ніякіх лёзунгаў нават не выкрыкваў, а проста здымаў на відэа тое, што адбывалася».
Сам Пальчыс піша на Facebook, што пакуль застаецца на волі. У Telegram ён дадае, што ня ведае, за што яго на самой справе асудзілі, але падазрае, што за відэа з Камароўкі. Яго можа чакаць яшчэ адзін суд — у пятніцу. Ён дадае, што дапамагчы яму цяпер можна грашыма, бо застаўся недаплочаным штраф, выпісаны яшчэ за сьнежаньскія акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі».
«Можа і 30 дзён буду адпачываць, чытаць кнігі і займацца ўнутраным разьвіцьцём»
«Я быў прыхільнікам непапулярнай у большасьці думкі, што лепш гэтыя выбары ігнараваць, каб не дапусьціць разгрому, — тлумачыць сваё стаўленьне да цяперашніх выбараў Эдуард Пальчыс. — Таму я мінімум 15, а можа і 30 дзён буду адпачываць, чытаць кнігі і займацца ўнутраным разьвіцьцём, пакуль іншым давядзецца штосьці рабіць і, магчыма, зарабіць свае суткі гэтым летам».
Пальчыс кажа, што ў апошнія гады шмат новых людзей зацікавіліся палітыкай.
«Але яны не прызнаюць пэўнай рэальнасьці. Ня бачаць, наколькі рэжым гатовы парушаць свае ж правілы гульні. Я схадзіў на легальны пікет, нічога не рабіў, мікрафон ня браў, і вось вынік. Тым, хто спадзяецца, што яны проста паставяць свой подпіс, прагаласуюць і пойдуць, і нейкія цудоўныя ружовыя мары, то каб яны не чакалі цудаў і лёгкага варыянта, калі свабода сама ўпадзе ім у рукі«, — кажа Эдуард Пальчыс.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.