Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кампаніі «Кентаўр», у якой у чацьвер прайшлі ператрусы, заблякавалі рахункі кліентаў


Вобшук і ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанк», ілюстрацыйнае фота
Вобшук і ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанк», ілюстрацыйнае фота

У страхавой кампаніі «Кентаўр», дзе ў чацьвер, 11 чэрвеня прайшлі ператрусы, 12 чэрвеня заблякавалі рахункі кліентаў. Пра гэта Tut.by распавёў дырэктар кампаніі Сяргей Прохарчык. Па яго словах, ніякіх тлумачэньняў кампанія пакуль не атрымала.

Рахункі кліентаў «Кентаўра» былі заблякавалі 12 чэрвеня.

«Мы нанялі адвакатаў, спрабавалі нешта высьветліць, запатрабаваць, каб рахункі размарозілі, але пакуль ніяк не можам паўплываць на сытуацыю. Якіх-небудзь тлумачэньняў нам так і не далі. Цяпер нам не даюць разьлічвацца з людзьмі, і гэта дрэнна», — сказаў Сяргей Прохарчык.

Ператрусы прайшлі ў двух офісах кампаніі ў чацьвер, 11 чэрвеня. Пасьля іх дырэктар распавядаў, што ў іх канфіскавалі дакумэнты па фарміраваньні статутнага фонду, пратакол сходу акцыянэраў, базу па бухгальтарскім уліку, два працоўныя ноўтбукі, два тэлефоны. Нікога нікуды не выклікалі і не дапытвалі, абвінавачваньняў не прад’яўлялі.

«З „Белгазпрамбанкам“ у нас добрыя працоўныя адносіны, аснову якіх складае дамова на разьлікова-касавае абслугоўваньне. Мы супрацоўнічаем зь імі шмат гадоў, але, акрамя гэтага, супрацоўнічаем яшчэ з 13 банкамі», — казаў Сяргей Прохарчык.

Ператрусы ў «Белгазпрамбанку» і іншых кампаніях

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG