Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не назіраю супастаўнага з Лукашэнкам прэтэндэнта — украінскі палітоляг


Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да ўкраінскага палітоляга, дырэктара Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўгена Магды.

— На ваш погляд, ці ўсё прадвызначана на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Аляксандар Лукашэнка так ці інакш пераможа, будзе абвешчаны пераабраным, а пратэсты калі і будуць, то іх здушаць? Ці магчымыя іншыя сцэнары?

Яўген Магда
Яўген Магда

— У мяне няма сумневаў, што Аляксандар Лукашэнка працягне працу на пасадзе прэзыдэнта. Пра Беларусь жартуюць, што ў краіне няма «былога», і гэта праўда. Аднак высновы з прэзыдэнцкай кампаніі яму давядзецца зрабіць, бо абставіны выштурхоўваюць яго зь цёплай ванны. Гэта і пандэмія каранавірусу, і пагаршэньне адносін з Расеяй. Я далёкі ад ідэалізацыі Лукашэнкі як палітыка, але пакуль не назіраю супастаўнага зь ім паводле ўплыву прэтэндэнта на прэзыдэнцкі букет валошак.

— Беларуская перадвыбарчая сытуацыя, напэўна, выглядае даволі дзіўна, калі глядзець на яе ўкраінскімі вачыма. Прэзыдэнт Лукашэнка, архітэктар сыстэмы саюзаў з Расеяй, высылае карэспандэнтаў расейскага «Першага каналу», купляе амэрыканскую нафту з падачы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо, абвінавачвае сваіх апанэнтаў у прарасейскасьці. Галоўны ягоны канкурэнт — яшчэ месяц таму шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Хто на беларускіх выбарах 2020 году «рука Масквы», хто чый спойлер — як гэта бачыцца з Кіева?

— У мяне ўжо сфармаваўся стандарт параўнаньня палітычнай гісторыі нашых краінаў: у ліпені 1994 году прэзыдэнтамі былі абраныя Леанід Кучма і Аляксандар Лукашэнка. Нават апэратыўны аналіз біяграфіяў гэтых палітыкаў дае ўяўленьне аб адрознасьці траекторыяў разьвіцьця нашых краінаў. Але я павінен нагадаць, што крытычнае стаўленьне да Расеі вырасла ва Ўкраіне з 2014 году, да таго антыкрамлёўскія палітыкі далёка не заўсёды знаходзіліся ў мэйнстрыме. Дарэчы, пасьля абраньня Ўладзіміра Зяленскага кіраўніком дзяржавы стаўленьне часткі ўкраінскай эліты да Расеі стала больш талерантным. Я хацеў бы ўтрымацца ад навешваньня цэтлікаў на беларускіх палітыкаў, але структура эканомікі РБ прымушае мяне сумнявацца ў тым, што хто-небудзь з кандыдатаў вырашыў кінуць выклік Лукашэнку «за свае», не заручыўшыся, да прыкладу, гарантыямі з боку Крамля.

— На сёлетніх выбарах усе асноўныя супернікі Лукашэнкі — і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Бабарыка, і былы буйны чыноўнік Валеры Цапкала, і лідэр пратэсту Сяргей Ціханоўскі — гавораць па-расейску. Размаўляць па-беларуску яны ці ня хочуць, ці проста ня ўмеюць. На ваш погляд, ці вынікае з гэтага, што ўсе яны — «руский мир» у Беларусі?

— Ва Ўкраіне сёньня таксама шмат хто гаворыць па-расейску, некаторыя прадстаўнікі ўлады нават прапануюць перагледзець моўны закон. Але ў нас дзяржаўная мова адзіная — украінская, а ў Беларусі — беларуская і расейская. І пры ўсіх нюансах гаварыць на расейскай украінскія кандыдаты ў прэзыдэнты маглі ў разьліку на пэўную аўдыторыю. Ва Ўкраіне моўны маркер для кандыдата ў прэзыдэнты больш выяўлены і носіць прадметны характар. Для кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі выкарыстаньне расейскай мовы, відавочна, азначае імкненьне павялічыць ахоп аўдыторыі, хоць я ня чуў, што ў Беларусі наогул ня вучаць родную мову.

— Аляксандар Лукашэнка ад пачатку кампаніі паўтарае — мы не дапусьцім Майдану, я не дапушчу да ўлады «майданутых». Наколькі верагодным Вам уяўляецца беларускі Майдан (Плошча) сёлета? І наколькі верагодны яго посьпех, калі ён будзе?

— Будзе Плошча ці не — залежыць толькі ад беларусаў і фактараў узьдзеяньня на сытуацыю ў вашай краіне. Адна з праблем нашых двухбаковых адносінаў — шмат хто ва Ўкраіне не разумее, што Беларусь — не Ўкраіна, нават пры 1000-кілямэтровай мяжы і прыкметным падабенстве нашых моваў. Таму праецыраваць вопыт украінскіх Майданаў на Беларусь ня варта.

— Ці выклікае ва Ўкраіне раздражненьне гэтая апэляцыя Лукашэнкі да ўкраінскага палітычнага вопыту?

— «Не скажу за ўсю Адэсу», але асабіста я да падобных пасажаў Лукашэнкі прызвычаіўся. Відавочна, што ён апэлюе найперш да ўласнага электарату і абапіраецца на сфармаваны дзяржаўнай прапагандысцкай машынай Беларусі вобраз Украіны, разьлічаны на абывацеля, а не на прадстаўніка эліты, які ведае, да прыкладу, аб некалькіх мільярдах даляраў таваразвароту паміж нашымі краінамі.

— Летась аўтарытарны Лукашэнка даволі нечакана прагназаваў перамогу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Ён даваў зразумець, што гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, як ён іх разумее. А які вынік выбараў прэзыдэнта Беларусі сёлета адпавядаў бы нацыянальным інтарэсам Украіны, як іх разумееце вы?

— Разумею, што мая думка ня ісьціна ў апошняй інстанцыі, але лічу Лукашэнку гібрыдным саюзьнікам Украіны. Мая пазыцыя грунтуецца на канкрэтных дзеяньнях у 2014–2015 гадах, на асобных аспэктах вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва нашых краінаў і на зацікаўленасьці ў паглыбленьні супрацоўніцтва. Інтарэс Украіны — у максымальна дэмакратычных выбарах прэзыдэнта Беларусі.

— А чаго, на вашу думку, чакае ад выбараў у Беларусі Масква, за каго «заўзее» яна?

— Расея, як я мяркую, «заўзее» не за канкрэтную кандыдатуру, а за дэстабілізацыю сытуацыі ў Беларусі, якая дазволіць ёй «прыгадаць» аб статусе саюзнай дзяржавы і паспрабаваць «аказаць саюзьніцкую дапамогу» Менску. Гэта яе відавочны інтарэс, які яна кепска хавае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG