Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка як Зяленскі. Чаму яны сапраўдныя ў сваёй недагаворанасьці


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

У беларускім грамадзтве, у беларускай большасьці, няма адзінства ў пытаньні выбару паміж Усходам і Захадам. Бабарыка імкнецца рабіць акцэнт на тым, што аб’ядноўвае, а не разьядноўвае беларусаў.

Сьцісла:

  • Бабарыка сапраўдны ў сваёй недагаворанасьці.
  • Падобным чынам вёў сваю выбарчую кампанію летась Уладзімір Зяленскі.
  • У беларускім грамадзтве, у беларускай большасьці, няма адзінства ў пытаньні выбару паміж Усходам і Захадам.
  • Бабарыка імкнецца рабіць акцэнт на тым, што аб’ядноўвае, а не разьядноўвае беларусаў.
  • Словы пра нэўтралітэт як мэту — контрапазыцыянаваньне цяперашняй лініі Лукашэнкі: я адзіны абаронца незалежнасьці, мае канкурэнты — марыянэткі Масквы.
  • Уладар, які дакладна ведае, што і як трэба рабіць, у беларусаў ужо ёсьць апошнія 26 гадоў.

Віктар Бабарыка абвясьціў, што выступае за нэўтралітэт Беларусі, намякнуў на пажаданасьць выхаду з АДКБ, але празь доўгі і няпэўны час. Прэтэндэнт заявіў, што адзіная валюта Беларусі і Расеі — гэта магчымы варыянт, калі гэта будзе эканамічна мэтазгодным. Бабарыка ўдакладніў, што ня бачыць ніякіх перадумоваў для ўвядзеньня адзінай з Расеяй валюты.

Што азначаюць гэтыя супрацьлеглыя заявы, дзе ён сапраўдны? Ды і там, і там. Ён сапраўдны ў гэтай недагаворанасьці. Калі адзіная валюта — варыянт, ня выключаны пры эканамічнай мэтазгоднасьці, дык можа высьветліцца, што мэтазгоднасьці няма. З другога боку, калі сёньня перадумоваў для гэтага ня відаць, яны ж могуць зьявіцца нават 10 жніўня. Калі пажаданы нэўтралітэт, але не адразу, дык шлях да гэтага можа заняць увесь гіпатэтычны тэрмін прэзыдэнцтва Бабарыкі. І гэтак далей.

Даводзілася ўжо пісаць пра падабенства стылістыкі сёлетняй кампаніі Віктара Бабарыкі і леташняй Уладзіміра Зяленскага. Кандыдат у прэзыдэнты Зяленскі таксама сыходзіў ад прамых і адназначных адказаў на пытаньні аб геапалітычным выбары. Яго адказы дапускалі вельмі розныя, нават супрацьлеглыя інтэрпрэтацыі.

У беларускім грамадзтве, у беларускай большасьці, няма адзінства ў пытаньні выбару паміж Усходам і Захадам. Таму прэтэндэнт робіць акцэнт на тым, што, прынамсі на яго погляд, абʼядноўвае беларусаў — на расчараваньні доўгім кіраваньнем Лукашэнкі, на абурэньні палітыкай барацьбы з каранавірусным «псыхозам» і эканамічнымі праблемамі.

Гэтак жа выстройваў сваю кампанію і Зяленскі, канцэнтруючыся на тым, што абʼядноўвае, а не падзяляе ўкраінцаў. І вёў такім чынам усю кампанію.

Гэтаксама і Бабарыка будзе весьці. І таму мы падчас кампаніі яшчэ шмат разоў пачуем абуранае «Бабарыка здасьць Беларусь» і радаснае «Бабарыка нарэшце заняў правільную пазыцыю». Пачуем ад людзей з пэўным, адназначным (тым ці іншым) геапалітычным выбарам. А ад большасьці, якую ён хоча заваяваць, не пачуем.

Словы пра нэўтралітэт як мэту, пра магчымы выхад з АДКБ, ускладаньне на Лукашэнку віны за леташнія сакрэтныя інтэграцыйыя гульні — контрапазыцыянаваньне цяперашняй лініі Лукашэнкі: я адзіны абаронца незалежнасьці, мае канкурэнты — марыянэткі Масквы.

Якой будзе замежная палітыка прэзыдэнта Бабарыкі, калі яму пашанцуе заняць гэтую пасаду? А самай рознай можа быць. Як на яго будзе грамадзтва ўплываць, такой і будзе. Ён будзе чуць розныя галасы, будзе адчуваць ціск розных сілаў. Як гэта ва Ўкраіне адбываецца і зь Зяленскім.

Уладар, які дакладна ведае, што і як трэба рабіць, у беларусаў ужо ёсьць апошнія 26 гадоў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG