Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: Зісер дапамагаў руху часу


Юры Зісер 25 сакавіка 2018 году на мітынгу каля Опэрнага тэатру ў Менску.
Юры Зісер 25 сакавіка 2018 году на мітынгу каля Опэрнага тэатру ў Менску.

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

— Найперш хачу сказаць цудоўнай Юлі, яго жонцы, што ў яе былі шчасьлівыя гады, яна была шчасьлівая. Юра быў вялікай асобай, вельмі рамантычнай і шырокай. Адно тое, што ён гадоў у 50 скончыў кансэрваторыю, спраўдзіў сваю дзіцячую мару пасьля ўсіх посьпехаў, калі ўжо рэсурс TUT.BY у яго быў!

І тое, як ён змагаўся з хваробаю — гэта быў вельмі годны чалавек.

І яшчэ я б хацела сказаць пра адну важную рэч. Пра барыкадную культуру нашага грамадзтва, якая стала тупіком для нас. Мы пакутуем у гэтых барыкадных лёзунгах, у гэтых дэманстрацыях як бы рэвалюцыйных, якія зьбіраюць 200 чалавек. Час зразумець, што жыцьцё зусім іншае. І гэта паказала пандэмія. Яна паказала, што і зло зусім іншае, памяняліся біблійныя паняцьці дабра і зла. Аказалася, што справа ня толькі ў Лукашэнку, жыцьцё кідае нам зусім новыя выклікі.

У гэтай сувязі я сёньня думала пра Юру, калі даведалася пра яго сьмерць. Яго абвінавачвалі, што ён, маўляў, шукае ласкі ад улады. Нічога падобнага. У яго было разуменьне, што ў яго ёсьць справа, справа ня толькі яго. Ня толькі яго бізнэс, але і справа яго перакананьняў. І гэтая справа павінна існаваць, і ён павінен зрабіць усё, што можна сёньня зрабіць.

І гэта не была псэўдарэвалюцыйнасьць. Яго рэвалюцыйнасьць была ў тым, каб існаваць як мага даўжэй і зрабіць як мага больш.

Фігура Зісера — падстава для роздуму пра тое, што жыцьцё патрабуе ад нас большай плястычнасьці, гнуткасьці. Мы існуем ва ўмовах аўтарытарнай улады, на гэты конт ні ў кога няма ніякіх сумневаў. Улада ўзурпаваная адным чалавека — і гэта для нас усіх таксама відавочна. Але, у той жа час, адзін чалавек, нават з такой моцнай энэргетыкай, як у нашага прэзыдэнта, ня можа спыніць час. І трэба дапамагаць руху часу, захаваньню людзей, энэргіі, думак. І гэта ўсё рабіў Юра, у нечым ён быў наіўным, часам яго не разумелі.

Але гэты чалавек вельмі сумленна ішоў па жыцьці. Я вельмі мала ведаю людзей, пра якіх можна так сказаць. Ён усё зрабіў для сябе, але і для нашага агульнага часу.

І хачу дадаць пару словаў пра нашую бізнэс-супольнасьць. Юра ўжо хворы. Усе мы ведаем, што Юра прырэчаны, што размова ідзе пра год, а можа і пра некалькіх месяцаў. Часопіс «Дело» уганароўвае яго прэміяй, якая даецца лепшым бізнэсоўцам году. І раптам мне тэлефануе рэдактар «Дела» Віктар Жук і просіць мяне ўручыць прэмію Зісеру. Я адмовілася, кажу, што не хачу быць вясельным генэралам. Ён мне тлумачыць, што для астатніх пераможцаў не было праблемы знайсьці людзей, якія ўручаць ім прэміі і скажуць вітальнае слова. А для Зісера не знайшлося. Пару гадоў таму Лукашэнка вельмі лаяў Зісера. І цяпер гэтыя нашыя мільянэры і мільярдэры думаюць — а як бы чаго ня выйшла, а калі я ўручу прэмію Зісеру, атрымаецца, што я яму сымпатыю выказваю, ухваляю яго. І ніводзін зь іх не пагадзіўся.

І пасьля гэтага я не магу гэтых людзей паважаць. Памірае іх калега, які робіць зь імі агульную справу. І ніхто ня змог узяць гэты дыплём і ўручыць яму. Зразумела, я пайшла і зрабіла гэта.

І я падумала, як няпроста было Зісеру ў гэтым асяродзьдзі. Вось адкуль і яго хваробы, адкуль гэтае неразуменьне. Гэта ж ня Бог забівае, гэта мы адзін аднаго забіваем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG