У Данецку сілавымі структурамі так званай «ДНР» у сакавіку сёлета быў арыштаваны Леанід Харчанка — адзін з чатырох абвінавачаных па справе аб катастрофе малайзійскага «Боінга» над Данбасам летам 2014 году, якая разглядаецца судом у Нідэрляндах. Пра гэта паведамляе Расейская служба BBC.
Харчанка ў 2014 годзе насіў пазыўны «Крот» і быў адным з палявых камандзіраў падтрыманых Расеяй данецкіх сэпаратыстаў.
Паводле зьвестак ВВС, 11 сакавіка ён быў затрыманы ў Данецку і арыштаваны, а 8 траўня яго арышт працягнулі. Ён утрымліваецца ў СІЗА Данецку.
Па дадзеных крыніц ВВС, падставай для арышту сталі абвінавачваньні ва ўдзеле ў незаконным ператрусе і незаконным захоўваньні зброі. Суразмоўцы ВВС упэўненыя, што сапраўдная мэта — «ізаляваць» Харчанку, каб выключыць магчымасьць яго выкраданьня спэцслужбамі Ўкраіны, якія летам мінулага году патрапілі вывезьці з падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі Ўладзіміра Цемаха, важнага сьведку па той жа справе «Боінга» (пасьля яго абмянялі, і, як сьцьвярджаецца, праз Расею ён вярнуўся на падкантрольную сэпаратыстам тэрыторыю Данбасу).
Улады Ўкраіны абвясьцілі Харчанку ў вышук у ліпені 2015 году. У 2019 годзе нідэрляндзкая пракуратура, якая каардынавала дзейнасьць міжнароднай сьледчай групы па расьсьледаваньні катастрофы «Боінга», вылучыла супраць яго абвінавачаньні ў датычнасьці да крушэньня лайнэра і гібелі 298 чалавек. Акрамя Харчанкі, грамадзяніна Ўкраіны, абвінавачваньні высунутыя супраць трох грамадзян Расеі, якія раней таксама мелі дачыненьне да «ДНР».
Пры гэтым апошні раз «Крот» зьяўляўся на публіцы ў 2015 годзе, і не было вядома, ці жывы ён. Паводле зьвестак ВВС, нейкі час ён жыў у Расеі, а затым вярнуўся ў Данецк.
Аб’яднаная сьледчая група (JIT) лічыць, што Харчанка ўдзельнічаў у перамяшчэньні расейскай зэнітна-ракетнай устаноўкі «Бук», зь якой, па сьцьвярджэньнях сьледзтва, быў зьбіты «Боінг».
У судовым працэсе ў Нідэрляндах, які пачаўся ў сакавіку гэтага году, прадстаўнікі Харчанкі ня ўдзельнічаюць — як і прадстаўнікі яшчэ дваіх абвінавачаных, былога камандзіра выведкі «ДНР» Сяргея Дубінскага і камандуючага атрадамі сэпаратыстаў Ігара Стралкова (Гіркіна). Адвакаты прадстаўляюць інтарэсы чацьвёртага абвінавачанага, Алега Пулатава.