На судзе аб катастрофе малайзійскага «Боінга» над Данбасам 17 ліпеня 2014 году, які адкрыўся ў панядзелак у Нідэрляндах, пракурор прадставіў абвінаваўчае заключэньне.
Міжнародная сьледчая група, якая расьсьледавала катастрофу «Боінга», прыйшла да высновы, што ён быў зьбіты з устаноўкі «Бук», якая прыбыла на ўсход Украіны з расейскай вайсковай часткі.
Абвінавачваньні выставілі тром грамадзянам Расеі — гэта Ігар Гіркін (Стралкоў), Сяргей Дубінскі, Алег Пулатаў, і аднаму грамадзяніну Ўкраіны — Леаніду Харчанку. Усе яны мелі дачыненьне да падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў на Данбасе, якія вялі баі супраць украінскай арміі. Стралкоў у момант катастрофы быў камандуючым сіламі сэпаратыстаў. Дубінскі быў яго падначаленым і ўзначальваў выведку. Пулатаў і Харчанка, як лічыць сьледзтва, маюць дачыненьне да перапраўкі «Бука» на Данбас.
Іх судзяць завочна — ніводны зь іх не прыехаў у Нідэрлянды на судовы працэс.
У абвінаваўчым заключэньні, абнародаваным на сайце нідэрляндзкай пракуратуры, фігуруюць два абвінавачаньні — ва ўласна зьнішчэньні самалёта і ў забойстве.
У дакумэнце пазначана, у якіх менавіта дзеяньнях падсудных абвінавачаньне бачыць склад злачынства. У прыватнасьці, сьцяврджаецца, што абвінавачаныя (асабіста або апасродкавана) спрыялі таму, што ва Ўкраіну быў дастаўлены расейскі «Бук» з экіпажам. Выступаючы ў судзе, прадстаўнік абвінавачваньня заявіў, што расьсьледаваньне працягваецца, і сьледчыя спрабуюць высьветліць асобы экіпажу «Бука», а таксама тых, хто аддаваў ім загады.
Таксама ў абвінавачваньні сказана, што падсудныя аддавалі распараджэньне пра тое, дзе менавіта разьмясьціць «Бук», а таксама спрыялі таму, каб комплекс быў вывезены з тэрыторыі Ўкраіны назад у Расею.
Чацьвёра абвінавачаных, на думку сьледзтва, адыгралі ключавую ролю ў апэрацыі з «Букам», хоць, як заявіў пракурор, «кпопку націскалі не яны, а экіпаж». У абвінавачаньні таксама не гаворыцца, ці наўмысна быў зьбіты «Боінг», ці па памылцы. Выступаючы ў судзе, пракурор сказаў, што гэта ня так важна, бо чалавека, які застрэліў бы выпадковага мінака, пераблытаўшы яго са сваім ворагам, усё адно судзілі б за забойства.
Пракурор таксама заявіў, што сьведкі абвінавачваньня застануцца засакрэчанымі, паколькі асьцерагаюцца перасьледу з боку Расеі і сэпаратыстаў.
Трое з чацьвярых абвінавачаных, з кім удалося звязацца журналістам, — Стралкоў, Дубінскі і Пулатаў — адмаўляюць сваю віну. На працэсе ў Нідэрляндах прадстаўлены толькі Пулатаў. Яго абараняюць двое нідэрляндзкіх адвакатаў. Яны заявілі ў судзе, што Пулатаў адмаўляе сваю датычнасьць да катастрофы «Боінга». Па словах адвакатаў, справа патрабуе дадатковага расьсьледаваньня.
На борце «Боінга» «малайзійскіх авіяліній» загінулі 298 чалавек, галоўным чынам жыхары Нідэрляндаў. Таму гэтая краіна арганізавала працу міжнароднага сьледзтва, і ў ёй праходзіць суд.
Расейскія ўлады адмаўляюць дачыненьне Расеі да катастрофы «Боінга», у той час як Нідэрлянды і Аўстралія раней заклікалі Маскву прызнаць сваю адказнасьць.
Старшыня на працэсе заявіў, што суд, хутчэй за ўсё, будзе доўжыцца да 2021 году. Працэс ня будзе ісьці кожны дзень, судовыя паседжаньні арганізуюць з інтэрвалам некалькі месяцаў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перад пачаткам слуханьняў заявіў, што ўпэўнены: «справядлівасьць будзе адноўленая і вінаватыя панясуць пакараньні».
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо заявіў, што вінаватыя мусяць панесьці пакараньне, а ЗША «ўпэўненыя ў судовай сыстэме Нідэрляндаў і заклікаюць усе краіны цалкам супрацоўнічаць з расьсьледаваньнем трагедыі».