Новыя абмежавальныя захады накіраваныя, у прыватнасьці, супраць амаль 200 караблёў расейскага «ценевага флёту», заявіла Высокая прадстаўніца ЭЗ у замежнай палітыцы і бясьпецы Кая Калас.
«Новыя захады таксама датычацца гібрыдных пагрозаў і правоў чалавека. Рыхтуюцца новыя санкцыі супраць Расеі. Чым даўжэй Расея вядзе вайну, тым больш жорсткім будзе наш адказ», — напісала яна ў сацыяльнай сетцы X.
Новы пакет прадугледжвае дадатковыя санкцыі супраць Расеі за парушэньні правоў чалавека, гібрыднае ўмяшаньне ўва ўсім сьвеце і распаўсюджваньне хімічнай зброі.
Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) уключаны ў зацьверджаны 20 траўня Радай ЭЗ 17-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі ў сувязі з агрэсіяй ва Ўкраіне.
Гэта вынікае з дакумэнта, апублікаванага ў Афіцыйным часопісе Эўрапейскага зьвязу.
У абгрунтаваньні гаворыцца, што «Менскі завод колавых цягачоў — беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае ваенную тэхніку для Ўзброеных сіл РФ і падтрымлівае абараназдольнасьць Расеі».
Апрача таго, у 17 пакеце санкцый, у прыватнасьці, дадалі да санкцыйнага сьпісу 21 фізычную і 6 юрыдычных асобаў.
Сярод іх — беларуская грамадзянка Натальля Судлянкова, журналістка, кансультант па СМІ і PR. У тлумачэньні ў праекце пастановы Эўрапейскай рады, доступ да якога мае Радыё Свабода, пазначана, што Натальля Судлянкова займаецца распрацоўкай медыяпрадукцыі на замову, «якая ўключае маніпуляцыі інфармацыяй і распаўсюд ілжывых наратываў, накіраваных на падтрымку зьнешнепалітычных інтарэсаў Расеі і падрыў грамадзкага даверу да чэскіх нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцей і працэсаў Эўразьвязу».
У дакумэнце таксама зазначана, што Судлянкова працяглы час атрымлівала заданьні з Расеі і фінансавую ўзнагароду, адыгрывала значную ролю ў плянаваньні і кіраваньні маніпуляцыямі інфармацыяй, прызначанымі для грамадзкасьці Чэхіі і іншых дзяржаў-чальцоў ЭЗ, а таксама супрацоўнічала з расейскімі дзяржаўнымі структурамі, якія прадстаўляюць інтарэсы Расеі, у тым ліку «Несьмяротны полк»), супрацоўнікамі ГРУ.
2 красавіка Служба бясьпекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) заявіла, што дадала былую беларускую журналістку Натальлю Судлянкову ў чэскі нацыянальны санкцыйны сьпіс за супрацу з расейскай спэцслужбай ГРУ і абавязала яе пакінуць Чэхію. 2 траўня Судлянкова выехала з краіны ў Расею.