Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму незалежнікам падабаецца Бабарыка


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Сьцісла

  • Расейскія сувязі Віктара Бабарыкі нават ня трэба даказваць, яны відавочныя
  • Некаторыя нядаўнія яго заявы рабіла б любая крэатура Масквы
  • Матыў культурніцкай дабрачыннасьці Бабарыкі — ня вельмі пераканаўчы, «Спутник» таксама спрыяльна ставіцца да беларускай культуры
  • Матыў «нехай гірше, аби інше»: надта ўжо многім устыў бязьзьменны «абаронца сувэрэнітэту», а тут зьяўляецца чалавек, які можа памяняць гэты абрыдлы парадак
  • Каб атрымаць уладу ў Беларусі, трэба рабіць рэвэрансы на адрас Расеі, ну а потым, атрымаўшы ўладу, зразумела ж, Расею надурыць
  • Бабарыка надурыць Расею, як дурыў і дурыць Лукашэнка — на гэта спадзяюцца незалежнікі, якія пляскаюць у ладкі кандыдату ў прэзыдэнты — былому банкіру

Далёка ня ўсім незалежнікам Віктар Бабарыка падабаецца, але многім, настолькі многім, што варта прааналізаваць матывы такіх даволі шырокіх сымпатый да гэтага кандыдата ў прэзыдэнты. І гэта ня толькі і ня столькі пра яго, колькі пра беларускае грамадзтва.

Падставы зьдзіўляцца, безумоўна, ёсьць. Высьвятленьне, хто працуе на Маскву, — адна зь любімых забаваў беларускай прагрэсіўнай публікі, аргумэнты — сумнеўныя кантакты, цьмяныя сувязі, двухсэнсоўнасьці ў заявах.

«Стаўшы часткай Расеі, большасьць беларусаў скажа радасна „нарэшце!“»

Зь Віктарам Бабарыкам у складаных доказах нібыта і няма патрэбы. Да ўчорашняга дня ён узначальваў «Белгазпрамбанк». «Газпром» — гэта квінтэсэнцыя «русского мира», прынамсі ў эканоміцы, дый ня толькі ў ёй. Што яшчэ трэба, каб не было сумневаў у расейскіх сувязях спадара Бабарыкі?

Сёе-тое, дарэчы, ёсьць і яшчэ. У сэрыі інтэрвію, якія ён даў у апошнія месяцы і якія, як можна здагадацца, былі падрыхтоўкай да яго прэзыдэнцкай кампаніі, банкір выказаў шмат цікавага адносна пэрспэктывы беларуска-расейскіх адносін — і пра тое, што, «стаўшы часткай Расеі, большасьць беларусаў скажа радасна „нарэшце!“», і пра тое, што «31-ю „дарожную мапу“ інтэграцыі падпісвае само жыцьцё».

Варта сказаць, што Бабарыка ў сваіх інтэрвію ніякай радасьці не выказваў ні наконт гэтай меркаванай думкі большасьці беларусаў, ні наконт пэрспэктывы падпісаньня «мапы» аб палітычнай інтэграцыі. Хутчэй сум — маўляў, не атрымалася ў нас паўнавартасная дзяржава, і вось жорсткі прысуд гісторыі.

Але самі па сабе гэтыя тэзы даволі сумнеўныя, і гэта менавіта тыя тэзы, якія б выказваў сапраўдны стаўленік, крэатура Масквы.

Дык чаму ж нямала людзей, якія летась так непакоіліся за незалежнасьць Беларусі і гатовыя былі яе адстойваць, сёньня пляскаюць у ладкі кандыдату ў прэзыдэнты з такім паслужным сьпісам і з такімі думкамі?

Культурніцкая індульгенцыя

Тлумачэньняў некалькі. Адно тычыцца ягонай дабрачыннай дзейнасьці, шчодрай падтрымкі беларускай культуры, якую ён на пасадзе кіраўніка банку аказваў. Кіраўнікі іншых, негазпромаўскіх банкаў гэтага не рабілі, а ён рабіў. Значыць, шчыры беларус. Аргумэнт, на мой погляд, ня вельмі моцны. Беларуская рэдакцыя «Спутника» таксама аддае вялікую ўвагу беларускай культуры, паўнавартасную беларускамоўную старонку мае. Але з гэтай прычыны «Спутник» не перастае быць інструмэнтам расейскай прапаганды.

А Бабарыку адпаведныя культурніцкія захады даюць індульгенцыю?

У дыскусіях, якія ўзьніклі наконт яго вылучэньня, выказвалася і вельмі банальнае тлумачэньне — грошы. Бабарыка — і сам чалавек багаты, а за ім стаяць грошы яшчэ большыя. А вялікія грошы маюць пэўнае абаяньне. Але і гэта наўрад ці вычарпальнае тлумачэньне. Далёка ня ўсе, хто выказваў і выказвае радасьць наконт ягонай ініцыятывы, спадзяюцца атрымаць грошы ад Бабарыкі і нават тэарэтычна маюць такую магчымасьць. Энтузіязм многіх абсалютна шчыры.

«Нехай гірше, аби інше»

Напэўна, бліжэйшы, «цяплейшы» — матыў, які трапна фармулюецца ўкраінскай прымаўкай: «нехай гірше, аби інше». Ну надта ўжо многім устыў нязьменны «абаронца сувэрэнітэту». А тут зьяўляецца чалавек, які можа памяняць гэты абрыдлы парадак. Прынамсі, чалавек таго тыпу, кшталту, які можа гэта зрабіць.

У шанцы гэта зрабіць такіх людзей, як Павал Севярынец ці Мікола Статкевіч, пры ўсёй да іх павазе, вераць насамрэч нямногія. А ў такіх, як Бабарыка, шанец ёсьць, хай вельмі няпэўны і тэарэтычны. Але ёсьць ён толькі ў такіх, як ён. Так думае немалая частка беларускага Фэйсбуку, ня кажучы ўжо пра тую частку простага люду, якому «хрустальны сасуд» Лукашэнкі таксама ўстыў да чорцікаў.

Прызнавацца ў матыве «хай горш, абы інакш», ня вельмі ёмка, але ён жа і сапраўды прысутнічае. Аднак і ён, так выглядае, ня самы глыбінны, не апошні.

Беларускі пароль — надурыць Расею

А апошні, напэўна, зьвязаны з вопытам таго, каго Бабарыка зьбіраецца замяніць — Аляксандра Лукашэнкі. Хіба ня ён у 1994 годзе казаў, што гатовы «паўзьці на каленях у Расею», хіба не казаў пазьней, што гатовы інтэгравацца з Расеяй настолькі глыбока, наколькі яна гатовая і хоча? І хіба ня ён быў архітэктарам усёй сыстэмы інстытуцыйных дамоваў з Расеяй? І на зьяўленьне той жа 31-й «дарожнай мапы» інтэграцыі хіба не Лукашэнка даваў згоду?

Ну, ён. Але ў выніку надурыў расейцаў. Ну, не ва ўсім, але шмат у чым надурыў, зрабіў зусім ня тое, пра што з жарсьцю і імпэтам гаварыў. Дык і Бабарыка надурыць, калі сядзе ў прэзыдэнцкі фатэль. Вось гэта і ёсьць самая глыбінная матывацыя.

І тут рэч нават ня ў тым, што Лукашэнка ці Бабарыка надураць расейцаў, а ў тым, што Беларусь, беларуская дзяржава надурыць Расею, расейскую дзяржаву.

Гэта такая беларуская амбівалентнасьць. Каб атрымаць уладу ў Беларусі, трэба рабіць рэвэрансы на адрас Расеі. Не, можна не рабіць, можна нават праклінаць. Але тады шанцаў няма нават тэарэтычных. А каб былі, трэба рабіць.

Ну, а потым, атрымаўшы ўладу, зразумела ж, Расею надурыць. А як інакш? Noblesse oblige. Дзьве душы, як пісаў клясык.

Наколькі гэтая вера абгрунтаваная — і наагул, і адносна канкрэтна спадара Бабарыкі — сказаць цяжка. Але інакш немагчыма патлумачыць сапраўды дзіўнае становішча, калі людзі, якія летась горача пракліналі Расею, цяпер гэтак жа горача вітаюць прэзыдэнцкія амбіцыі чалавека, надзвычай шчыльна з Расеяй зьвязанага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG