У палітычнай кампаніі былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, якая 12 траўня заявіла пра свой намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты, бяруць удзел сябра сойму Партыі БНФ Ігар Лялькоў, бізнэсовец Вадзім Чарнышоў і сястра Ганны Дар’я Трухановіч. Карэспандэнт Свабоды спытаўся ў іх, чаму яны вырашылі падтрымаць Ганну Канапацкую.
Вадзім Чарнышоў: «Хочацца браць удзел у пераменах»
«Я займаюся бізнэсам з 1989 году, з 1988 году браў удзел у палітычным жыцьці, фактычна ад пачатку „перабудовы“, выдаваў нелегальную прэсу. У 1995 годзе са мной адбылося тое, што адбылося з многімі. Я быў старшынём Партыі аматараў піва, фармаваў яе, але потым гэты рух спыніўся, тады было значна больш жорстка, чым цяпер.
У 1996 годзе я стаў палітуцекачом у Польшчы. Потым вярнуўся, бо лічыў, што трэба разабрацца з пытаньнямі, у якіх мяне вінавацілі. У выніку мне далі 10 гадоў калёніі. Потым праз 5 гадоў адпусьцілі, беларусы ж усё ж такі не зьвяры: патрымалі і адпусьцілі.
Цяпер займаюся бізнэсам. Я проста адчуваю, што будуць перамены, што яны адбудуцца. З улікам таго, што ўсё мяняецца, я думаю, што змагу ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве, паспрыяць сваім вопытам і некаторымі аналітычнымі здольнасьцямі. Уласна кажучы — дзеля перамен, бо кажуць, маўляў, „Лука — на вякі“, але ён не на вякі. У бліжэйшы час перамены адбудуцца. Хочацца браць удзел у пераменах».
Вадзім Чарнышоў кажа, што будзе займацца аналітыкай у камандзе Ганны Канапацкай. А ці баіцца ён нейкіх наступстваў для свайго бізнэсу з прычыны ўдзелу ў кампаніі?
«Усё самае страшнае, што было, паранаідальныя рэакцыі Лукашэнкі, калі ён прыйшоў да ўлады, прайшлі. Улада знаходзіцца ў стабільным стане. Па-другое, мы не настолькі небясьпечныя, каб на нас усур’ёз абвяшчаць паляваньне з парушэньнем заканадаўства.
Ёсьць яшчэ і іншы бок. Баяцца — гэта занятак, якія вельмі стамляе. Беларусаў больш высільвае страх. Яны маглі б памяняць сыстэму, але кожнаму вельмі страшна, што адбудзецца. Калі паглядзець, што адбывалася з палітыкамі, якіх перасьледавалі — ну так, саджалі ў турмы. Нічога страшнага, гэта выдатная школа, паглядзі людзей бліжэй. Калі казаць, чаму цяпер, а не раней, то я насамрэч не праяўляў ініцыятыў. Я чакаў, ці магу я каму-небудзь спатрэбіцца са сваім вопытам. Ганна лічыць, што я магу спатрэбіцца ў гэтай кампаніі».
Дар’я Трухановіч: «Сям’я ў нас вельмі дружная»
«Я вяду сямейны бізнэс, займаюся гаспадарчай дзейнасьцю. Падтрымліваю Ганну ад самага пачатку як сястра, сям’я ў нас вельмі дружная. Цяпер прыйшоў час больш яе падтрымліваць, унікаць у палітычную сфэру. Я кірую ініцыятыўнай групай. Буду дапамагаць, падтрымліваць ва ўсім.
Мы гатовыя бачыць усіх у нашай камандзе. І агульнымі намаганьнямі, нягледзячы на тое, што ў краіне каранавірус, мы зробім усё магчымае, каб сабраць подпісы. Нічога немагчымага няма, хоць гэта будзе складана».
Ігар Лялькоў: «Я падтрымліваю Ганну як найбольш пэрспэктыўнага палітыка»
«Я пакуль што бяру ўдзел у палітычнай кампаніі Ганны Канапацкай. Мне блізкія ідэі, якія яна выказвае. А што тычыцца ўдзелу ў выбарчай кампаніі, то ў прынцыпе такога рашэньня яшчэ няма ў самой Канапацкай, і ў мяне тым больш такога рашэньня няма. Пакуль што я падтрымліваю Ганну як найбольш пэрспэктыўнага на сёньня палітыка ў Беларусі, дапамагаю ёй будаваць палітычную кампанію.
Пакуль ёсьць вялікія пытаньні наконт канстытуцыйнасьці прызначэньня гэтых выбараў. І калі мы ня лічым, што гэтыя выбары канстытуцыйныя, то браць удзел у неканстытуцыйным вялікага сэнсу няма. Мы выкарыстоўваем сытуацыю, якая склалася ў сувязі з прызначэньнем гэтых выбараў, каб праводзіць сваю палітычную кампанію, раскручваць Ганну Канапацкую. Канчатковая мэта гэтай кампаніі — прыход да ўлады, але мы ня кажам пра тое, што гэта адбудзецца ў 2020 годзе».
Таксама Ігар Лялькоў паведаміў, што Партыя БНФ прыняла на сойме рашэньне пра няўдзел у выбарчай кампаніі.
«Яна таксама не вылучае свайго кандыдата, што ў мяне выклікае пытаньні. Бо рашэньне пра ўдзел у выбарчай кампаніі і пра вылучэньне свайго кандыдата прымаў зьезд Партыі БНФ. А цяпер атрымліваецца, што Сойм дэзавуяваў рашэньне зьезду. Наколькі гэта адпавядае статуту, тут ёсьць пытаньне. Паколькі няма кандыдата ад Партыі БНФ, то, напэўна, вольны кожны сябра партыі глядзець, хто ёсьць яшчэ. Калі партыя абстрагавалася ад палітычнага жыцьця да канца эпідэміі, то людзі, якія хочуць браць удзел у палітычным жыцьці, шукаюць свае варыянты».
Ігар Лялькоў сказаў, што пакуль дапамагае Ганьне Канапацкай сваім досьведам.
«Як будзе далей, паглядзім», — сказаў ён.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.