Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка Людміла Пеціна: з Малайзіі паводзіны Лукашэнкі выглядаюць злачынствам


Вуліцы вострава Пінанга сёньня
Вуліцы вострава Пінанга сёньня

Беларускі палітык і грамадзкая дзяячка, сустаршыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна ў выніку ўвядзеньня карантыну не змагла пакінуць Малайзію, дзе знаходзілася на адпачынку. У інтэрвію Свабодзе яна параўноўвае сытуацыю ў дзьвюх краінах і дае ацэнку дзеяньням уладаў Беларусі.

Сьцісла

  • Малайзія ўвяла татальны локдаўн 18 сакавіка, калі ў краіне было менш за 500 хворых
  • У краіне да сярэдзіны траўня нічога не працуе, прамысловасьць спыненая, не працуюць школы, крамы і рэлігійныя цэнтры
  • Пазыцыя ўладаў — чалавечае жыцьцё даражэй за страты бізнэсу
  • З Малайзіі дзеяньні і заявы кіраўніка Беларусі выглядаюць як крымінальнае злачынства

— Як даўно вы знаходзіцеся ў Малайзіі?

— Ужо больш за два месяцы. У лістападзе летась я заплянавала падарожжа па краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі працягласьцю некалькі месяцаў. Я была ў Індыі, зьбіралася наведаць Малайзію, Інданэзію, таксама быў заплянаваны круіз з Сынгапуру. Усё было зарэзэрваванае — і квіткі на самалёт, і месцы ў гатэлях.

Людміла Пеціна ў Малайзіі
Людміла Пеціна ў Малайзіі


І вось калі я выехала з Індыі ў Малайзію, я атрымала паведамленьне, што мой круіз ануляваны. Гэта быў лайнэр Princess Sapphire, які належыць той жа кампаніі, што і сумнавядомы Princess Diamond, на якім былі выяўленыя сотні хворых на COVID-19. Пасьля былі ануляваныя ўсе круізы, цяпер не працуе ніводная круізная кампанія.

1 сакавіка я прыехала ў Малайзію і вырашыла тут троху затрымацца перад выездам у Сынгапур і далей ў Інданэзію. Спачатку я была ў сталіцы Куала-Лумпуры, а пасьля перабралася на востраў Пінанг, дзе і знаходжуся цяпер.

Але 18 сакавіка нам было абвешчана, што краіна цалкам закрываецца, што будзе абвешчаны локдаўн. Спачатку плянавалася, што на два тыдні. Пасьля аказалася, што на два месяцы.

— Як вам удалося арганізаваць свой незаплянаваны побыт на востраве?

— Гаспадар гатэлю паставіўся да нас вельмі прыязна і з разуменьнем, зьнізіў цану пражываньня больш чым у два разы. Ён мае сетку з двух міні-гатэляў. Нам дасылаюць машыну, каб мы маглі зьезьдзіць у супэрмаркет па прадукты, рэгулярна інфармуюць аб тым, як разьвіваецца сытуацыя ў краіне.

Локдаўн у Малайзіі ўвялі, калі ў краіне было менш за 500 хворых

— Карантын у Малайзіі працягваецца і цяпер?

— Так, яго ўжо некалькі разоў працягвалі. Апошні раз было абвешчана, што ён будзе дзейнічаць да сярэдзіны траўня. Але ў друку пішуць, што хутчэй за ўсё локдаўн працягнецца да канца траўня. Адна з прычын — сьвяты для мусульман месяц Рамадан. Улады ня хочуць, каб людзі сустракаліся, хадзілі ў госьці і т. д.

Гэта ўсё адбываецца на фоне адносна нядрэннага разьвіцьця эпідэміялягічнай сытуацыі. Локдаўн быў уведзены, калі ў краіне было менш за 500 выпадкаў інфікаваньня. Тэстаў тут робіцца каля 16 тысяч у дзень. За ўвесь гэты час было выяўлена менш за 6500 выпадкаў інфэкцыі. Памерла, паводле стану на 6 траўня, 107 чалавек.

На востраве Пінанг, дзе я знаходжуся, быў толькі адзін сьмяротны выпадак, а ўсяго хворых — ня больш за 100 чалавек.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што Малайзія — вялікая паводле насельніцтва краіна. Тут жыве каля 33 мільёнаў чалавек.

Перад уваходам ў паліклініку.
Перад уваходам ў паліклініку.

— Наколькі жорсткі карантын?

— Карантынныя захады тут прынялі вельмі жорсткія. Я, напрыклад, езьдзіла са сваім сябрам, які троху параніўся, у шпіталь за межамі нашага мястэчка. На выезьдзе аказаўся кардон, які нас затрымаў. Такія ж кардоны ёсьць вакол усіх населеных пунктаў, прыцягнутая і армія.

Нас падрабязна распыталі, куды і навошта мы едзем, памералі тэмпэратуру, спыталіся пра іншыя сымптомы каранавірусу і толькі пасьля гэтага выпусьцілі з гораду, бо прычына аказалася паважнай.

А так рух па краіне перапынены, пераехаць з аднаго населенага пункту ў іншы практычна немагчыма. Выключэньне — вельмі паважныя прычыны.

Тэсты робяцца паўсюдна. У шпіталі, куды мы езьдзілі, вісела абвестка, што там можна зрабіць тэст, і гэта зойме ня больш за 20 хвілін.

У краіне практычна ўсё зачынена. Прамысловасьць, за выключэньнем тых прадпрыемстваў, якія жыцьцёва неабходныя, спыненая цалкам. Не працуюць ніякія ўстановы, не працуюць школы, не працуюць рэлігійныя і культурныя цэнтры. Зачыненыя паркі і пляжы. Гарады патрулююцца паліцыяй.

Нават вялікія харчовыя крамы зачыненыя. У кожным рэгіёне пакінулі па адной вялікая адчыненай, плюс — маленькія харчовыя крамкі. Рэстарацыі зачыненыя, толькі некаторыя працуюць на вынас.

Турыстаў амаль няма. Ужо тады, калі я прыехала на Пінанг, тут іх амаль не было.

Пра карантын і небясьпеку нагадваюць штогадзіны

— Як інфармацыйна забясьпечваецца карантын?

— Гэта ня толькі перадачы тэлевізіі і публікацыі друку. З гукаўзмацняльнікаў кожную гадзіну на малайскай і ангельскай мовах нагадваецца, што людзі павінны заставацца дома, і што выходзіць можна толькі ў краму ці аптэку, што трэба насіць маскі і трымаць бясьпечную дыстанцыю. Таксама з гэтых вулічных дынамікаў паведамляюць, дзе можна зрабіць тэсты. І, галоўнае, людзям заўсёды дзякуюць за супрацоўніцтва.

Апусьцелыя пляжы Пінангу
Апусьцелыя пляжы Пінангу

Паліцыя ставіцца вельмі добразычліва, але хадзіць па горадзе нельга. Мяне некалькі разоў затрымлівалі, калі я ішла на пляж. Я тлумачыла, што ў мяне бранхіяльная астма і я не магу ўвесь час заставацца дома, трэба падыхаць сьвежым марскім паветрам. Але гэта не дапамагала. Мяне вярталі дадому. Я, праўда, знайшла некалькі патаемных сьцежак, каб не трапляцца на вочы паліцыянтам, але гэта ўжо іншая гісторыя.

— Як на пандэмію рэагуе малазійскі друк? Што пішуць пра паходжаньне вірусу, пра тэрміны заканчэньня эпідэміі, пра захады ўладаў?

— Тут людзі вельмі дысцыплінаваныя. Ніякіх кансьпіралягічных тэорый я тут у друку не сустракала. Пастаянна друкуюцца інфармацыйныя зводкі пра тых, хто захварэў, хто выздаравеў. Увесь час інфармуюць пра дзейнасьць Кабінэту міністраў. Цяпер яны распрацоўваюць захады паслабленьня карантыну для бізнэсу.

А вось інфармацыі пра паходжаньне вірусу, пра чыюсьці адказнасьць, якой шмат у расейскамоўным друку, тут я ня бачу. Людзі ўспрымаюць гэта як пандэмію, бізнэсоўцы і прадпрымальнікі вельмі перажываюць, але ўсе разумеюць, што чалавечае жыцьцё — даражэй за бізнэс. Я б сказала, што малазійскае грамадзтва ўспрымае захады ўладаў станоўча і з разуменьнем.

На крэслы ў паліклініцы на Пінангу можна сядаць толькі з захаваньнем дыстанцыі.
На крэслы ў паліклініцы на Пінангу можна сядаць толькі з захаваньнем дыстанцыі.

Уражвае дысцыплінаванасьць малайцаў

— У эўрапейскіх краінах паліцыі нярэдка даводзіцца перапыняць выпадкі парушэньня карантыну кампаніямі моладзі або тымі, хто адпачывае на прыродзе, спартоўцамі-аматармі. Як з гэтым у Малайзіі?

— Тут людзі вельмі дысцыплінаваныя. Зрэшты я не магу вандраваць па краіне, таму мае магчымасьці назіраньня вельмі абмежаваныя. Але тое, што я бачу ў нашым мястэчку на востраве Пінанг, выклікае павагу да мясцовых людзей. Усе ў масках, усе трымаюць дыстанцыю, у шпіталі, дзе мы былі, крэслы расстаўленыя на адлегласьці і т. д.

Вядома, уладальнікі гатэляў і рэстаранаў на нашым турыстычным востраве перажываюць, але людзі ўсе законапаслухмяныя.

Так сябе паводзяць і турысты. У маім міні-гатэлі, апрача мяне жыве яшчэ пяць чалавек, і ўсе яны сядзяць дома.

Нягледзячы на тое, што цяпер сьвяты для мусульман месяц Рамадан, мячэці зачыненыя, а рэлігійныя лідэры заклікаюць людзей заставацца дома.

Тое самае і з хрысьціянскімі цэрквамі.

У Беларусі ня дбаюць пра людзей

— Як на гэтым фоне вам, як палітыку і грамадзкай актывістцы, бачыцца сытуацыя з эпідэміяй ў Беларусі і стаўленьне да яе ўладаў краіны?

— Сытуацыя ў Беларусі жахлівая. Паводзіны прэзыдэнта — па-за межамі ўсякіх слоў, нават слова дзікунства слабое для іх азначэньня. Я лічу, што гэта самае натуральнае злачынства, бо прэзыдэнт і ўсё ягонае атачэньне ня дбаюць пра людзей.

Людзі павінны мець усю інфармацыю пра рызыкі, павінны ведаць, што рабіць у той ці іншай сытуацыі.

Тое, што мы цяпер назіраем у Беларусі надзвычай хуткі рост колькасьці інфікаваных, сапраўды палохае. Да таго ж, я лічу, што гэта заніжаныя лічбы, сапраўдная карціна, відаць, значна горшая.

І на фоне ўсяго гэтага — абсалютна неадэкватныя паводзіны прэзыдэнта. Іх можна ацэньваць як крымінальнае злачынства. Інакш на гэта глядзець я не магу. Чалавечае жыцьцё ня ставіцца ў нішто. Ягоныя цынічныя заявы — гэта для кіраўніка недазвольна.

Я вельмі рада, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі самаарганізоўваецца, дапамагае мэдыкам, што многія людзі самі стараюцца вытрымліваць нейкія карантынныя захады.

— Што вы зьбіраецеся рабіць далей, як будзеце вяртацца ў Беларусь?

— Пакуль ня ведаю. У мяне быў зваротны вылет з Інданэзіі праз Пэкін кампаніяй Air China з даволі таннымі квіткамі ў сярэдзіне красавіка. Пасьля маіх настойлівых зваротаў да камапніі мне напісалі, што палёт скасаваны і наступная магчымасьць вылету будзе не раней за чэрвень.

Я зьвязвалася зь беларускай амбасадай у Інданэзіі, якая тут абслугоўвае некалькі краін. Яны мне прапанавалі вылет некалькі тыдняў таму, але цана білета была каля 1500 даляраў — гэта для мяне зашмат. Да таго ж там было некалькі перасадак, а значыць і рызыка інфікаваньня, таму я адмовілася.

Я папрасіла амбасаду інфармаваць мяне пра больш танныя магчымасьці, але думаю, што дачакаюся пачатку чэрвеня, калі могуць аднавіцца рэгулярныя рэйсы Air China ў Менск.

Я знаходжуся ў групе рызыкі. Пры маім узросьце і з бранхіяльнай астмай мне, відаць, знаходзіцца ў Малайзіі больш бясьпечна, чым у Беларусі.

Улады Малайзіі з разуменьнем паставіліся да замежных турыстаў, іх візы аўтаматычна працягнутыя на ўвесь тэрмін локдаўну.

— Ці шмат цяпер у Малайзіі беларусаў?

— Вельмі мала. У амбасадзе мне сказалі, што ўсяго пяць чалавек. На востраве Пінанг я адна. Мала беларусаў наогул у краінах рэгіёну, таму амбасады ня лічыць мэтазгодным рабіць спэцыяльны эвакуацыйны рэйс.

Але магчымасьці адправіць нас на радзіму амбасада шукае. Проста ўсе рэйсы ў рэгіёне адмененыя. Малайзія толькі пачынае аднаўляць унутраныя пералёты. Сынгапур працягнуў локдаўн да чэрвеня, Інданэзія да 20 траўня зачыненая і т. д.

У мяне ў Беларусі сын і ўнучка, я за іх, а таксама за сваякоў і сяброў перажываю больш, чым за сябе, бо ў Малайзіі сытуацыя больш спакойная.

І вельмі крыўдна, што ў Беларусі складваецца ўсё інакш.

***

Людміла Пеціна — сустаршыня грамадзкай арганізацыі Жаночы незалежны дэмакратычны рух, член Палітрады Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG